«Усё скончана». Украінскія вайскоўцы расказалі пра адступленне з Курскай вобласці
Украінскія вайскоўцы, якія ваявалі ў Курскай вобласці, апісваюць убачанае пры адступленні як «сцэны з фільма жахаў». Бі-бі-сі атрымала падрабязныя сведчанні ўкраінскіх вайскоўцаў, у якіх яны расказваюць пра «катастрафічнае» адступленне на фоне шквальнага агню, сярод калон знішчанай вайсковай тэхнікі і пад пастаяннымі нападамі расійскіх беспілотнікаў.

Імёны вайскоўцаў, якія размаўлялі з Бі-бі-сі праз сацсеткі, змененыя ў мэтах бяспекі. Некаторыя з іх расказалі пра «калапс» пасля страты Суджы — найбуйнейшага горада Курскай вобласці, які ўтрымлівалі ўкраінскія войскі.
Вось як пяць украінскіх салдат апісваюць тое, што адбывалася ў іх на вачах.
Уладзімір: «Беспілотнікі атакуюць кругласутачна»
9 сакавіка Уладзімір адправіў Бі-бі-сі паведамленне ў тэлеграме, у якім напісаў, што ўсё яшчэ знаходзіцца ў Суджы, дзе пануюць «паніка і калапс».
«Калоны войскаў і тэхнікі спрабуюць выйсці, — расказаў ён. — Часткова іх спальваюць расійскія беспілотнікі на дарозе. Днём выехаць немагчыма».
Перавозка людзей і тэхнікі залежала ад аднаго асноўнага маршруту паміж Суджай і Сумскай вобласцю Украіны. Па словах Уладзіміра, месяц таму па гэтай дарозе можна было перасоўвацца адносна бяспечна. Але да 9 сакавіка яна «цалкам перайшла пад агнявы кантроль праціўніка — дроны лётаюць кругласутачна». «За адну хвіліну можна ўбачыць два-тры беспілотнікі. Гэта вельмі шмат», — растлумачыў ён.
«У нас усё матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне тут, на адной трасе Суджа-Сумы, — расказаў Уладзімір. — І ўсе ведалі, што расіяне паспрабуюць яе перарэзаць. Але гэта зноў стала нечаканасцю для нашага камандавання».
На момант напісання артыкула, незадоўга да таго, як Расія адваявала Суджу, Уладзімір казаў, што расійскае войска ціснула на УСУ з трох кірункаў.
Максім: «Знішчаная тэхніка абцяжарвае адыход»
Да 11 сакавіка ўкраінскія войскі спрабавалі не даць перарэзаць асноўную трасу, вынікае з паведамленняў у тэлеграме ад Максіма.
«Некалькі дзён таму мы атрымалі загад арганізавана пакінуць абарончыя рубяжы», — расказаў ён, дадаўшы, што Расія прыцягнула значныя сілы для захопу горада, «у тым ліку вялікая колькасць паўночнакарэйскіх жаўнераў».
Паводле ацэнак вайсковых экспертаў, каб вярнуць кантроль над Курскай вобласцю, Расія сканцэнтравала там да 70 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку каля 12 тысяч паўночнакарэйцаў. Таксама яна накіравала туды найлепшыя падраздзяленні аператараў БПЛА, беспілотнікі-камікадзэ і FPV-дроны, каб «узяць пад агнявы кантроль асноўныя лагістычныя маршруты». Расейскія войскі таксама выкарыстоўвалі тут оптавалакновыя дроны, якія немагчыма падавіць з дапамогай сістэм радыёэлектроннай барацьбы.
Па словах Максіма, у выніку «праціўніку ўдалося знішчыць дзясяткі адзінак тэхнікі, і іх абломкі ствараюць заторы на маршрутах забеспячэння».
Антон: «Катастрафічнае адступленне»
Сітуацыю ў той дзень, 11 сакавіка, Антон назваў «катастрафічнай». Гэта трэці салдат, з якім мела зносіны Бі-бі-сі, ён служыў у штабе камандавання Курскім фронтам.
Антон таксама звярнуў увагу журналістаў на шкоду, нанесеную расійскімі дронамі.
«Раней у нас была перавага ў беспілотніках, цяпер яе няма», — сказаў ён.
Іншымі перавагамі расійскай арміі Антон назваў больш дакладныя авіяўдары і большую колькасць салдат. Шляхі забеспячэння былі перарэзаныя, расказаў ён:
«Лагістыка больш не працуе — арганізаваныя пастаўкі зброі, боепрыпасаў, прадуктаў харчавання і вады больш немагчымыя».
Па словах Антона, яму ўдалося выйсці з Суджы пешшу, ноччу:
«Мы некалькі разоў ледзь не загінулі. У небе пастаянна лётаюць беспілотнікі».
Вайсковец прагназуе, што ўвесь украінскі плацдарм у Курскай вобласці будзе страчаны.
«З вайсковага пункту гледжання гэты кірунак сябе вычарпаў. Больш трымаць яго няма сэнсу».
Паводле ацэнак заходніх чыноўнікаў, у наступе ў Курскай вобласці ўдзельнічала каля 12 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Гэта былі адныя з самых навучаных падраздзяленняў, абсталяваныя заходняй зброяй, уключаючы танкі і бронемашыны.
Расійскія «ваенкары» апублікавалі відэа, на якім знятае знішчэнне або захоп часткі гэтай тэхнікі. 13 сакавіка Расія заявіла, што сітуацыя ў Курскай вобласці знаходзіцца «цалкам пад кантролем», а УСУ нібыта кінулі большую частку сваёй тэхнікі.
Зміцер: «За крок ад смерці»
У сваіх паведамленнях 11-12 сакавіка чацвёрты суразмоўца, вайсковец Дзмітрый, параўнаў адступленне з Курскай вобласці са сцэнай з фільма жахаў:
«Дарогі ўсеяныя сотнямі знішчаных машын, бронетэхнікі і мотаўсюдыходаў. Вельмі шмат параненых і забітых».
За транспартнымі сродкамі часта палявалі шматлікія беспілотнікі. Дзмітрый расказаў, як яму ўдалося выратавацца, калі машына, у якой ён ехаў, затрымалася. Ён і яго калегі спрабавалі выпхнуць аўтамабіль, калі на іх нацэліўся FPV-дрон. Беспілотнік не трапіў у машыну, але параніў аднаго з вайскоўцаў. Па словах Дзмітрыя, ім давялося хавацца ў лесе дзве гадзіны, перш чым іх выратавалі.
Дзмітрый кажа, што многія адступалі пешшу: «Хлопцы праходзілі па 15-20 км». Сітуацыя, па ягоных словах, ператварылася «са складанай і крытычнай у катастрафічную».
У паведамленні ад 14 сакавіка Дзмітрый дадаў: «У Курскай вобласці ўсё скончана… аперацыя не ўвянчалася поспехам».
Паводле яго ацэнкі, з моманту пераходу УСУ праз мяжу ў жніўні 2024 года ў Курскай вобласці загінулі тысячы ўкраінскіх салдат.
Арцём: «Мы змагаліся як львы»
Пяты салдат, з якім паразмаўляла Бі-бі-сі, ацэньвае сітуацыю не так песімістычна. 13 сакавіка Арцём даслаў паведамленне ў тэлеграм з вайсковага шпіталя, дзе ён праходзіў лячэнне ад аскепкавых раненняў, атрыманых у выніку атакі беспілотніка.
Ён расказаў, што ваяваў на захад ад Суджы ў раёне пасёлка Локня, дзе ўкраінскія войскі аказвалі жорсткі супраціў і «змагаліся як львы». Арцём лічыць, што аперацыя збольшага была паспяховай.
«Важна, што на гэты момант Узброеныя сілы Украіны стварылі гэтую буферную зону, дзякуючы якой расіяне не могуць увайсці ў Сумскую вобласць», — сказаў ён.
Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне
Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»
Трамп заявіў, што правёў «добрую і прадуктыўную» размову з Пуціным і заявіў пра акружэнне ўкраінскіх войскаў
Ва Украіны скончыліся дальнабойныя ракеты ATACMS для ўдараў па Расіі
Расійскія прапагандысты паказалі Пуціна ў Курскай вобласці
Каментары