Некаторых дзікіх жывёл у беларускіх лясах стала значна больш за апошнія 30 гадоў. Праўда, не ўсе адчуваюць сябе камфортна.

За 30 гадоў колькасць высакародных аленяў у беларускіх лясах павялічылася ў 11 разоў. Пра гэта распавёў начальнік аддзела паляўнічага гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз.
Папуляцыя аленяў вырасла з 4,5 тысячы да 50,5 тысячы асобін. Гэта адзін з самых яркіх прыкладаў аднаўлення біялагічнага віду на тэрыторыі Беларусі за такі кароткі тэрмін, адзначылі ў Мінлясгасе.
Значна павялічылася і папуляцыя лася — іх стала больш у 3,6 раза: з 13 тысяч да 47,5 тысячы асобін. Але ў апошні час ласі адчуваюць сябе ў Беларусі не вельмі камфортна.
«Гэты від вельмі важны для барэальных лясоў, для нашай паўночнай часткі Беларусі. Сёння, у межах пацяплення клімату, яны не вельмі камфортна адчуваюць сябе на тэрыторыі Беларусі, але меры, якія прымаюцца па кіраванні папуляцыяй, рэсурсамі, дазваляюць гэтаму віду дынамічна павялічваць сваю колькасць і выкарыстоўвацца, у тым ліку», — распавёў Казарэз.
Павялічылася ў Беларусі і колькасць казуль. Іх стала ў чатыры разы больш: з 34 тысяч да 138 тысяч асобін.
Каментары
Зараз следам пачнуць множыцца драпежнікі - ваўкі і мядзведзі. Ў лес не зойдзеш.
Пры высяканні лясоў, старых лясоў шматлікія драпежнікі прыйдуць ў населенныя пункты і на фермы.