«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь
Брэсцкі актывіст Андрэй Прыстаўка з’ехаў з Беларусі ў 2022-м — атрымаў крыміналку на радзіме і паехаў у Польшчу працаваць. Аднак праз паўтара года мужчына вырашыў вяртацца ў Брэст. Пра тое, чым скончылася гісторыя, Андрэй расказаў «Нашай Ніве».

«Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы Андрэю ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Па вялікім рахунку, быў ужо гатовы сесці»
Андрэй расказвае, што ўжо і не памятае, колькі разоў яго затрымлівалі ў 2020-м. Праваабаронцы зафіксавалі сем затрыманняў, але, кажа мужчына, іх было не менш за дзесяць.
Усё пачалося ў ліпені 2020-га, калі да прэзідэнцкіх выбараў не дапусцілі амаль усіх незалежных кандыдатаў, потым Андрэй амаль не прапускаў паслявыбарчыя пратэсныя маршы, а ў дадатак яшчэ і выходзіў уначы на пікеты з нацыянальным сцягам пад аддзяленне міліцыі.
У кастрычніку 2020-га, пасля аднаго з затрыманняў, мужчына пафарбаваў валасы і бараду ў белы і чырвоны колеры. Гэта ён называе сваім перманентным адзіночным пікетам:
«Хацеў, каб заўсёды было бачна — спадарства, я з вамі не згодны. Як рэагавалі іншыя? Мне падаецца, што пераважная большасць спачувала. Некаторыя людзі падыходзілі, паціскалі руку, ледзь не абдымалі — казалі, малайчына. А некаторыя ставіліся негатыўна — маўляў, п*****с нейкі.
Здаецца, пару месяцаў так прахадзіў. Пафарбаваў валасы, фарба выліняла, я зноў пафарбаваў».
За свой «перманентны пікет» Андрэй не атрымаў ніякіх наступстваў ад сілавікоў. Расказвае, што тыя дзівіліся колеру яго валасоў, але ён адказваў на пытанні проста: гэта колеры сцяга, які ён паважае. За 2020-ты ён адседзеў у суме не менш за 75 сутак і заплаціў не менш за 100 базавых велічынь штрафаў.
У апошнія дні 2020-га, калі Андрэй адбываў чарговы арышт, да яго бацькоў прыйшлі з ператрусам і інфармацыяй пра завядзенне крыміналкі — актывіст атрымаў справу па артыкуле 342 за ўдзел у пратэстах. Але, кажа мужчына, для яго гэта мала што змяніла:
«Зрабілася трохі страшней, баяўся, што магу ўжо не адкруціцца суткамі. Але нічога не змяніў у сваіх паводзінах, па вялікім рахунку, быў ужо гатовы сесці.

Вельмі шмат людзей, якіх я паважаў за іх пазіцыю, ужо сядзелі. Напэўна, гэта прагучыць непрыгожа, але для мяне было б гонарам падзяліць іх лёс».
Крыміналка, аднак, амаль не рухалася. Андрэй кажа, што яго проста трымалі ў тонусе: часам выклікалі і нагадвалі, што справа вядзецца і пры першым выкліку трэба прыехаць на допыт. А аднойчы, калі нехта зладзіў невялічкі пікет, Андрэя затрымалі — маўляў, калі ёсць пікет, хто мог яго зладзіць, апроч Прыстаўкі?
«Чым ты не задаволены?»
У канцы 2022-га кампанія, дзе мужчына працаваў праграмістам, часткова рэлакавалася ў Польшчу, і актывіст скарыстаўся гэтай магчымасцю. На паўтара года, да наступнага прыезду ў Беларусь, ён апынуўся ў Гданьску:
«Першыя паўгода я проста з’язджаў з глузду, грыз сцены, бо хацеў назад у Беларусь. Мне было вельмі некамфортна. Потым супакоіўся і насамрэч палюбіў Гданьск, і калі прыйшоў час з’язджаць, ехаў з вялікай тугой.
Мне зрабілася камфортна з людзьмі, горадам, морам, я вельмі люблю мора. І акрамя таго, што я вельмі сумаваў, я яшчэ і дужа моцна баяўся. Я вельмі расслабіўся за паўтара года, адвыкнуў баяцца міліцыянераў, затрыманняў».
Калі Андрэю было так добра ў Польшчы, дык чаму ж ён паехаў назад? Мужчына тлумачыць, што праект, з якім працавала яго кампанія, скончыўся, і ён застаўся без працы. Шмат хто з яго калег пасля гэтага вярнуўся ў Беларусь.
Андрэй спрабаваў знайсці працу па спецыяльнасці ў Польшчы, але для гэтага яму не хапіла ведання мовы — беларус практычна не размаўляе па-польску і не здольны прайсці сумоўе на англійскай мове. Тым часам кампанія, дзе ён працаваў у Брэсце, паабяцала ўзяць Андрэя назад у штат, калі ён вернецца ў краіну. Бацька мужчыны хварэў на рак, і гэта таксама паўплывала на рашэнне Андрэя.
У ліпені 2024-га берасцеец прыехаў на Радзіму. Беларусы, якія вяртаюцца ў краіну пасля 2020-га, часта адзначаюць, як яна змянілася. У Андрэя іншае ўражанне:
«Практычна нічога не памянялася. Жыццё не зрабілася горшым з-за санкцый. Не адчуваецца вайны, якая на самой справе блізка, Брэст літаральна стаіць на мяжы з Украінай, але неяк усё звычайна.
Але мне падалося, што вельмі змяніліся настроі, пабачыў па гутарках з маімі сябрамі. Часта чуў: «Чым ты не задаволены, што табе не падабаецца?» Маўляў, ты мусіш быць удзячны рэжыму і Аляксандру Рыгоравічу ў прыватнасці, ты праграміст і атрымліваеш добрыя грошы».

Андрэй мяркуе, што ў такіх настрояў дзве прычыны: шмат беларусаў дэмакратычных поглядаў выехалі, а тыя, хто застаўся і прытрымліваецца ранейшай пазіцыі, проста баяцца выказвацца.
«Тое, што я змог пражыць з татам апошнія месяцы — падарунак лёсу»
У гэты раз берасцеец пражыў у Беларусі паўгода. Стан яго бацькі, хворага на рак, пагаршаўся, і ўрэшце мужчына памёр. Андрэй заставаўся з бацькам да апошняга і для гэтага перабраўся ў Віцебск, дзе тады жылі яго родныя. Потым пахаваў бацьку і жыў у Віцебску з маці.
Спачатку сілавікі яго не чапалі:
«Мне было вельмі камфортна ў Беларусі ў апошнія месяцы. Думаю, у снежні [2024-га] у мяне быў першы маячок — сілавікі запрасілі паставіць подпіс пад нейкай паперкай. Падумаў: прыехалі, вось я прыеду яе падпісваць і застануся там. Але падпісаў і пайшоў дахаты, нібыта яшчэ больш упэўніўся, што ўсё нармальна.
А ў студзені 2025 года мяне затрымалі і пасадзілі на 7 сутак. Тут ужо было цяжка сабе казаць, што ў краіне адліга. Тым больш я ў камеры быў не адзіны затрыманы па палітыцы, людзі пастаянна прыходзілі і іх судзілі па экстрэмісцкіх артыкулах».
У той, апошні, раз Андрэя затрымалі каля караоке ў Віцебску. Ён выходзіў з таксі ля ўстановы і ўбачыў, як сілавікі затрымліваюць некага, спытаў у іх, што адбываецца. Тыя адрэагавалі — маўляў, калі такі разумны, паедзем з намі. У тэлефоне мужчыны знайшлі фота з БЧБ-сцягам і згатавалі яму адміністратыўку за «адзіночны пікет».
Андрэй расказвае, што пасля вызвалення зразумеў — няма ніякай гарантыі, што яго не затрымаюць зноў:
«Праз дзень мяне ранкам разбудзіў званок — маўляў, вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці. У мяне сэрца ўпала ніжэй за ныркі. Спыталі, ці я ў Віцебску, і потым сказалі, што, напэўна, мае сэнс перадаць маю справу віцебскім калегам.

Паабяцалі, што са мной звяжуцца праз тыдзень. Я пачуў пра тыдзень, паклаў слухаўку, сеў у машыну і збег».
Так у студзені 2025-га Андрэй апынуўся ў Швецыі. Выбраў гэтую краіну, таму што палічыў, што ў ёй высокі ўзровень дэмакратыі, таму Андрэю з яго актывісцкім мінулым будуць там радыя. Але насамрэч спрацавала Дублінскае пагадненне, згодна з якім у большасці выпадкаў уцякач, які прэтэндуе на прытулак у Еўрасаюзе, мусіць атрымліваць яе ў краіне першага ўезду ў ЕС.
Так атрымалася і з Андрэем:
«Я прыехаў у шведскае міграцыйнае агенцтва і папрасіў палітычны прытулак. Недзе паўгадзіны са мной гутарылі вельмі канструктыўна і спачувальна. Потым дайшлі да пытання, ці ёсць у мяне дакумент нейкай з еўрапейскіх краін, і я паказаў польскі дазвол на жыхарства. Проста на вачах яны памяняліся. Кажуць, цяпер справа пойдзе па Дублінскім пагадненні, і 99%, што цябе экстрадуюць у Польшчу.
У выніку Андрэю дазволілі даехаць у Польшчу самастойна, толькі папрасілі зрабіць там фота, каб даказаў, што ён насамрэч у Польшчы. Цяпер мужчына зноў жыве ў Гданьску, у сярэдзіне сакавіка ён падаў дакументы на міжнародную абарону. Разумее, што можа быць складана знайсці працу па спецыяльнасці і прыйдзецца пайсці ў кур’еры ці на будоўлю, але і не хоча губляць навыкі праграміста.
Пра тое, што вяртаўся ў Беларусь, Андрэй не шкадуе:
«Для мяне вельмі вялікі плюс, што я здолеў пажыць з татам апошнія месяцы і пахаваць яго. Мне было б нашмат больш складана, калі б я быў тут і пачуў пра ўсё, што было з татам, па тэлефоне ад мамы. Лічу: тое, што я змог пражыць з ім апошнія месяцы — падарунак лёсу».
«Байсол» абвясціў збор, каб дапамагчы Андрэю ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары