Што чакае беларусаў пры атрыманні шэнгенскіх візаў у сёлетнім турыстычным сезоне
Сёлета атрымаць шэнгенскую візу беларусам будзе яшчэ складаней: візавыя цэнтры ўвялі дадатковыя патрабаванні ў выглядзе верыфікацыі, а краіны, якія прымаюць турыстаў, зрабілі яшчэ больш строгай іх праверку. Myfin.by даведаўся, як і за колькі можна атрымаць «шэнген» у новым турыстычным сезоне і з якімі цяжкасцямі давядзецца сутыкнуцца беларусам, якія плануюць свой адпачынак за мяжой.

Асаблівасці выдачы віз: што важна ўлічваць?
Запісацца на падачу дакументаў у візавыя цэнтры без пасярэднікаў па-ранейшаму праблематычна. Плюс некаторыя з цэнтраў зрабілі больш строгімі патрабаванні да рэгістрацыі.
Калі раней візавыя цэнтры Іспаніі ў Беларусі і Расіі запытвалі мінімум персанальнай інфармацыі пры верыфікацыі на сайце, то цяпер прыйдзецца запаўняць падрабязную анкету анлайн з пазначэннем не толькі пашпартных даных, але і месца працы, а таксама кантактаў гатэля, у якім плануе спыніцца падарожнік.
Але нават пасля выканання ўсіх неабходных умоў пры рэгістрацыі злавіць свабодную дату на падачу дакументаў самастойна практычна немагчыма.
Сістэму відэаверыфікацыі таксама ўвялі польскія візавыя цэнтры.
Аднак сітуацыя з падачай на візы, на думку прадстаўнікоў турыстычных агенцтваў, толькі пагоршылася. З моманту верыфікацыі да запісу на падачу можа прайсці некалькі месяцаў. А сам запіс візавы цэнтр мае права ануляваць пасля званка заяўніку, калі ўзнікне падазрэнне, што ён дзейнічаў праз пасярэднікаў.
«З Польшчай мы цяпер практычна не працуем, таму што ўсё вельмі доўга і няма гарантыі, што візу ў выніку аформяць», — расказала супрацоўніца аднаго з турагенцтваў.
Італьянскі візавы цэнтр па-ранейшаму практыкуе запіс праз жывую чаргу. Але з восені мінулага года трапіць у яе можна таксама праз верыфікацыю анлайн, што вельмі зручна для іншагародніх. Аднак гэта толькі першы крок для атрымання візы, бо з моманту рэгістрацыі ў жывой чарзе да падачы дакументаў праходзіць каля года.
Чаканне таго вартае, бо Італія — адна з нямногіх краін, якая гатовая даць беларусам шэнгенскія візы тэрмінам да 3 гадоў. Пры гэтым рызыкі застацца без візы таксама існуюць: пастаянная блытаніна ў нумарах жывой чаргі ўжо неаднаразова прыводзіла да таго, што ахвотным атрымаць візу даводзілася запісвацца ў ліст чакання наноў.
Свабодныя месцы пры самастойнай падачы ў візавых цэнтрах Грэцыі і Венгрыі, Германіі і Францыі злавіць практычна немагчыма, як і год таму.
Трохі прасцей запісацца на атрыманне балгарскага «шэнгена». Але тураператары папярэджваюць: гэта самая праблемная краіна ў плане афармлення віз для беларусаў.
«Звычайна Балгарыя адкрывае кароткатэрміновы «шэнген» пад паездку. Што тычыцца доўгатэрміновых віз, то ў нас былі выпадкі выдачы іх на 3 месяцы, але з магчымасцю знаходжання ў Шэнгенскай зоне не больш за 15 дзён», — расказала прадстаўніца аднаго з турагенцтваў.
Як правяраюць беларускіх турыстаў?
Падача дакументаў, якія пацвярджаюць знаходжанне ў той ці іншай краіне, раней не з'яўлялася абавязковай умовай паўторнай выдачы шэнгенскай візы. Цяпер жа лёгка можна атрымаць адмову, калі няма доказаў, што падчас папярэдняй паездкі беларускія турысты сапраўды знаходзіліся ў краіне, праз якую афармлялі «шэнген».
Абавязковы выкуп квіткоў і броні ў гатэлях (дамова на арэнду жылля) спатрэбяцца пры падачы дакументаў у візавыя цэнтры Венгрыі, Балгарыі, Грэцыі. Пры гэтым консульскія службы могуць праверыць, ці не ануляваў турыст з Беларусі бронь гатэля ў апошні момант.
«Па Балгарыі мы сутыкнуліся з тым, што консульскія службы правяралі не толькі факт аплаты пражывання, але і тэлефанавалі ў гатэлі, каб даведацца, ці сапраўды ў пазначаны час беларусы жылі ў аплачаных нумарах», — расказаў прадстаўнік аднаго з турыстычных агенцтваў.
У выніку, па ягоных словах, у некаторых турыстаў балгарскі «шэнген» быў ануляваны, і цяпер магчымасць ягонага паўторнага атрымання мінімальная.
Наведванне краіны выдачы візы абавязкова таксама для Германіі, Францыі, Італіі. Пры паўторнай падачы дакументаў такая інфармацыя не будзе лішняй у іспанскім і польскіх візавых цэнтрах.
«Я падавалася на іспанскі «шэнген» у кастрычніку мінулага года, і ўжо тады былі вельмі дзіўныя патрабаванні да дакументаў, — расказала мінчанка Яўгенія. — У турагенцтве, якое займалася запісам на падачу, мне склалі і раздрукавалі падрабязны маршрут паездкі, да якога прыклалі звесткі пра кожнага, хто браніраваў гатэль, плюс бронь квіткоў.
У апошні момант дадалі ў пакет копію пашпарта невядомай жанчыны — маўляў, консул у Маскве не разумее, як можна падарожнічаць аднаму. Пры мне падавалася на візу жанчына, у якой узніклі праблемы толькі таму, што яна спачатку планавала дабрацца да Германіі, потым на пару дзён заязджала ў Іспанію і зноў збіралася вярнуцца ў Германію. Гэта значыць, Іспанія для яе не была асноўнай мэтай падарожжа.
Мне пашанцавала: я пацвердзіла сваю паездку ў Іспанію па папярэдняй візе, плюс турагенцтва перастрахавалася і прыклала кучу дадатковых дакументаў. У выніку атрымала іспанскі «шэнген» на 3,5 месяца.
На які тэрмін цяпер рэальна атрымаць турыстычную візу?
Тураператары адзіныя ў меркаванні, што ў чысты пашпарт, дзе да гэтага не было адзнак пра «шэнген», можна атрымаць кароткатэрміновую аднаразовую візу пад канкрэтную паездку — з гэтым, як правіла, у беларускіх турыстаў праблем не ўзнікае.
Доўгатэрміновы шматразовы «шэнген» даецца ў тым выпадку, калі на працягу апошніх чатырох гадоў заяўнік ужо атрымліваў візу.
«Максімальныя тэрміны па турыстычным «Шэнгене» ў Італіі, да трох гадоў. Але звычайна даюць на тэрмін ад 6 месяцаў да года. Францыя можа даць гадавую мульцівізу, але, як правіла, без візавай гісторыі, звязанай з гэтай краінай, можна разлічваць на шэсць месяцаў. Іспанія выдае «шэнген» на тэрмін ад аднаго месяца да года», — расказала супрацоўніца аднаго з турыстычных агенцтваў.
Падаючы дакументы ў візавыя цэнтры Балгарыі і Грэцыі, варта разлічваць на аднаразовую кароткатэрміновую візу. Венгрыя, па словах суразмоўцы, у апошні час усё часцей выдае гадавыя мульцівізы, але старанна правярае турыстаў на прадмет знаходжання ў краіне.
Турыстычную візу ў Польшчу можна ў большасці выпадкаў атрымаць толькі пад паездку. Пры гэтым неабходна не проста забраніраваць, але і аплаціць пражыванне ў гатэлі.
«З Германіяй таксама ўсё няпроста. Па гасцявых запрашэннях візу даюць на тэрмін да 5 гадоў з абавязковым наведваннем краіны. З турыстычнымі візамі складаней, а тэрміны чакання з моманту запісу да атрымання «шэнгена» складаюць каля года. Пры гэтым у большасці выпадкаў можна аформіць турыстычную мульцівізу на год», — патлумачыла суразмоўца.
А што па кошце?
Памеры консульскіх збораў не змяніліся і ў залежнасці ад абранай краіны Шэнгенскай зоны складаюць ад 35 да 80 еўра. А вось паслугі сэрвісных цэнтраў значна выраслі ў цане.
Напрыклад, прэміум-падача дакументаў у візавы цэнтр Іспаніі абыйдзецца дадаткова ў 370 рублёў, хоць мінулым летам прайс на паслугу складаў 220 рублёў.

Што тычыцца ўзнагароджання турыстычных кампаній, якія дапамагаюць беларусам запісацца на падачу і рыхтуюць неабходны пакет дакументаў, то разбежка ў кошце паслуг можа складаць некалькі сотняў рублёў.
Цэны на запіс па балгарскім і грэчаскім «шэнгене» стартуюць ад 350 рублёў, дапамога ў запісе праз польскія візавыя цэнтры можа абысціся ў 490-1100 рублёў. Запіс у іспанскі візавы цэнтр пасярэднікі прапануюць за 550-650 рублёў, не асабістая падача (неабходна будзе прыехаць у візавы цэнтр толькі для здачы адбіткаў пальцаў) абыдзецца ў суму ад 1100 рублёў.
Даражэй за ўсё каштуе запіс у візавыя цэнтры Італіі, Германіі і Францыі. Бо гаворка звычайна ідзе пра доўгатэрміновыя мульцівізы, пасярэднікі просяць за такую паслугу ад 650 еўра.
Як атрымаць «шэнген», не аплачваючы паслугі пасярэднікаў?
Многія турыстычныя кампаніі па-ранейшаму адкрываюць шэнгенскія візы пад туры. У гэтым выпадку за запіс на падачу дакументаў плата альбо не спаганяецца, альбо складае 100-200 рублёў.
Але спецыялісты папярэджваюць, што ў шэраг краін (Польшча, Венгрыя, Балгарыя, Грэцыя, Іспанія) візы, хутчэй за ўсё, будуць адкрытыя пад паездку. Выключэнне для турыстаў робяць консульствы Італіі, Германіі і Францыі, якія, як правіла, афармляюць турыстычныя візы на тэрмін ад 3 месяцаў да года.

«Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца туры ў Італію, бо ў гэтым выпадку віза адкрываецца мінімум на паўгода. У нас цяпер ужо браніруюць такія падарожжы з візавай падтрымкай на чэрвень і ліпень», — расказала супрацоўніца аднаго з турагенцтваў.
Паводле яе слоў, нельга купіць тур, атрымаць візу, а потым адмовіцца ад паездкі, бо ў гэтым выпадку «шэнген» можа быць ануляваны.
Цэны на падарожжа з візавай падтрымкай у італьянскім консульстве стартуюць ад 330 еўра без уліку кошту саміх віз.
Пяць частых памылак пры падачы на візу
Офіс Ціханоўскай: Гуманітарныя візы павінны выкарыстоўвацца строга па прызначэнні
Польскае МЗС пастрожыла падыходы да выдачы гуманітарных віз беларусам
Беларусам, якія атрымалі грэчаскі шэнген, сталі часта тэлефанаваць з консульства
Мінчукі атрымалі балгарскую шэнгенскую візу, але за дзень да паездкі яе анулявалі
Кіраўнік візавага агенцтва патлумачыў у сацсетках «адкуль такія цэны на запіс на візу»
Каментары