Паводле паведамлення прэс-службы Крамля, Пуцін падтрымаў ідэю Трампа аб узаемнай адмове Расіі і Украіны на 30 дзён ад удараў па энергетычнай інфраструктуры і даў такую каманду вайскоўцам. Гэта пацвярджае таксама рэліз Белага дома.

Акрамя таго, Пуцін адзначыў сур'ёзныя рызыкі, звязаныя з «недамоваздольнасцю» ўладаў Украіны, якія ўжо, маўляў, неаднаразова сабатавалі і парушалі дасягнутыя дамоўленасці.
Як паведамляе Крэмль, Пуцін пазначыў «шэраг істотных момантаў», якія тычацца кантролю за спыненнем агню на ўсёй лініі баявога сутыкнення, а таксама выказаўся пра неабходнасць «спынення прымусовай мабілізацыі» ва Украіне і пераўзбраення УСУ. Таксама расійскі прэзідэнт назваў «ключавой умовай для недапушчэння эскалацыі» поўнае спыненне замежнай вайсковай дапамогі і абмену разведвальнай інфармацыяй з Кіевам.
Пуцін таксама праінфармаваў прэзідэнта ЗША, што 19 сакавіка паміж расійскім і ўкраінскім бакамі будзе зроблены абмен палоннымі ў фармаце 175 на 175. Расія ў якасці «жэсту добрай волі» перадасць Кіеву 23 цяжка параненых украінскіх вайскоўцаў.
Пуцін у гутарцы з Трампам пацвердзіў «прынцыповую прыхільнасць» да мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне. Прэзідэнты пацвердзілі намер працягнуць намаганні па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне і дамовіліся заставацца ў кантакце па ўсіх закранутых у тэлефоннай размове пытаннях.
Акрамя таго, была выказана ўзаемная зацікаўленасць у нармалізацыі двухбаковых адносін у святле «асаблівай адказнасці Расіі і ЗША за забеспячэнне бяспекі і стабільнасці ў свеце». Былі абмеркаваныя шэраг ідэй, якія ідуць у напрамку развіцця ў перспектыве ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў эканоміцы і энергетыцы.
Урэшце, Трамп падтрымаў ідэю Уладзіміра Пуціна арганізаваць хакейныя матчы ў ЗША і Расіі паміж расійскімі і амерыканскімі гульцамі, якія выступаюць у НХЛ і КХЛ.
У паведамленні Белага дома адзначаецца, што Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп дамовіліся пачаць мірны працэс з спынення агню па энергетычных і інфраструктурных аб'ектах.
У адной з краін Блізкага Усходу неадкладна пачнуцца тэхнічныя перамовы па спыненні агню на Чорным моры.
Таксама Пуцін і Трамп абмеркавалі супрацоўніцтва на Блізкім Усходзе для прадухілення будучых канфліктаў, уключаючы стрымліванне Ірана ў канфлікце з Ізраілем. Акрамя гэтага, яны абмеркавалі пытанне нераспаўсюджвання стратэгічнай зброі, а таксама эканамічныя пагадненні паміж Расіяй і ЗША пасля дасягнення міру ва Украіне.

Каментары