Сіцылійскія норавы і дачка Монікі Белучы. Расказваем пра самы прыгожы серыял вясны
Netflix зняў шыкоўны серыял пра Сіцылію 19 стагоддзя і аб’яднанне Італіі ў адну краіну. Нават калі Гарыбальдзі і сіцылійскія багацеі вас не цікавяць, ёсць іншыя прычыны звярнуць увагу на «Леапард».

Спачатку невялікі гістарычны лікбез. У 1860-м на Сіцылію, дзе тады існавала асобнае каралеўства, высаджваецца атрад военачальніка Джузэпэ Гарыбальдзі. Пачынаецца паўстанне, і ў выніку Сіцылія ўваходзіць у склад Італіі, аб’яднанай з маленькіх дзяржаў.
Гэта эпоха, якую выбраў для свайго твора італьянскі арыстакрат Джузэпэ Тамазі дзі Лампедуза, аўтар рамана «Леапард». Гэтую кнігу і экранізаваў Netflix у аднайменным серыяле.
У цэнтры гісторыі — дваранін Фабрыцыа Карбера па мянушцы «Леапард», князь выдуманага роду Саліна. Разам з сям’ёй ён праходзіць праз гістарычныя змены і спрабуе ўратаваць ад іх наступстваў і блізкіх, і свой ды радавы гонар.

У пачатку гісторыі Сіцылія яшчэ незалежная, і дон Фабрыцыа з хваляваннем чакае наступу гарыбальдзійцаў, а ў вольны час наведвае мясцовых прастытутак. Ці атрымаецца ўратаваць ад паўстанцаў сям’ю і свае валоданні? Гэта не так проста, тым больш вецер перамен аказаўся надта заразлівым для некаторых маладых сіцылійцаў.
Асобная разынка «Леапарда» — маладая італьянская актрыса, якая, кажуць, можа з часам пераўзысці саму Моніку Белучы. Гэта Дэва Касэль, дачка Монікі і французскага акцёра Венсана Касэля. Для Дэвы роля ў «Леапардзе» стала першай заўважнай акцёрскай працай, да гэтага яна засвяцілася толькі ў незалежным італьянскім кіно. Затое Дэва ўжо некалькі гадоў працуе мадэллю — ёй абяцаюць ледзь не большую славу, чым у яе маці.
Дэва грае ў серыяле Анджаліку Сядары, дачку сіцылійскага арыстакрата і каханую Танкрэдзі, пляменніка дона Фабрыцыа. Танкрэдзі сватаецца да Анджалікі, і ў гэтым яму патрэбная падтрымка дзядзькі, але ж той ведае, што ў Танкрэдзі закахалася і яго ўласная дачка, Канчэта.
«Леапард» — рымейк італьянскай стужкі 1963 года. У той, першай экранізацыі твора, сыгралі кіназоркі Ален Дэлон і Клаўдыя Кардынале. Гэта неверагодна прыгожы серыял. Вытанчаныя касцюмы той эпохі, прычоскі, рэквізіт, нават убраныя сталы са стравамі — проста буянства фарбаў! «Леапард» здымалі на самой Сіцыліі, дзе і адбываецца дзеянне гэтай гісторыі.


Акрамя касцюмаў, у серыял прынеслі яшчэ і старыя норавы — нездарма кнігу, па якой яго знялі, напісаў арыстакрат. У свеце «Леапарда» гонар і сям'я значаць болей за грошы і зямлю, а публічныя абразы яшчэ маюць значэнне, таксама як і ўменне трымаць сябе ў любой сітуацыі і нават перад акупантамі твайго вострава.
У гэтым плане серыял выглядае падобным да класічных літаратурных сюжэтаў пра каханне накшталт «Пыхі і перадузятасці» або «Джэйн Эйр». Так што калі вам падабаецца Джэйн Осцін або Шарлота Бронтэ, «Леапард» таксама можа падацца вам цікавым.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары