Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што спыненне вайсковай дапамогі Украіне не абмяркоўвалася падчас яго размовы з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, піша Бі-бі-сі.

Пуцін пагадзіўся часова спыніць атакі на ўкраінскія энергетычныя аб’екты, але адмовіўся зацвердзіць поўнае 30-дзённае спыненне агню, якое, на думку Трампа, павінна стаць першым крокам да заключэння доўгатэрміновага мірнага пагаднення.
Як паведамілі ў Крамлі, Пуцін падчас размовы заявіў, што «ключавой умовай для недапушчэння эскалацыі канфлікту і працы ў напрамку яго вырашэння […] павінна стаць поўнае спыненне замежнай вайсковай дапамогі і прадастаўлення разведвальнай інфармацыі Кіеву».
«У нас была выдатная размова, яна доўжылася амаль дзве гадзіны. Мы гаварылі пра многія рэчы. […] Мы гаварылі пра многае, але дапамогу не абмяркоўвалі», — сказаў Трамп у інтэрв’ю Fox News, адказваючы на адпаведнае пытанне вядучай.
Перамовы аб спыненні агню з удзелам украінскіх афіцыйных асоб працягнуцца ў нядзелю ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі, заявіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.
У інтэрв’ю тэлеканалу Fox News ён паведаміў, што з амерыканскага боку ў Джыду зноў адправяцца дзяржсакратар Марка Рубіа і дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц, але не ўдакладніў, хто прыме ўдзел у кансультацыях з украінскага боку.
Адказваючы на пытанне аб спыненні абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры і цэляў у акваторыі Чорнага мора, Уіткаф сказаў: «Я думаю, што абодва гэтыя пытанні ўжо ўзгодненыя з расіянамі. Я, вядома, спадзяюся, што ўкраінцы пагодзяцца на гэта».
Ён таксама адзначыў, што прапанаванае ЗША 30-дзённае спыненне агню павінна датычыцца «энергетыкі і інфраструктуры ў цэлым».
У Крамлі раней паведамілі, што па выніках перамоў з Дональдам Трампам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін загадаў вайскоўцам прыпыніць нанясенне ўдараў па ўкраінскіх энергетычных аб’ектах на 30 дзён.
Пры гэтым украінскі бок паведаміў пра шквал удараў па грамадзянскай інфраструктуры праз некалькі гадзін пасля размовы двух лідараў.
Каментары
Ад шкоды якую наносіць Амерыцы Трамп за галаву і сэрца на тым свеце ўзяўся Рузвельт, Трумен, Эйзенхаўэр, Ніксан, Рэйган ды і той жа Вашынгтон і Лінкальн.