Электронную візу ў Беларусь замежнікі змогуць атрымаць з 20 сакавіка
Замовіць візу можна будзе на партале «Е-паслуга».

Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла начальніца аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) Святлана Караневіч, піша БелТА.
НЦЭП завяршыў працу над праектам электроннай візы, і з 20 сакавіка новая электронная паслуга стартуе на партале. Праект рэалізаваны сумесна з Міністэрствам замежных спраў і дасць магчымасць замовіць і атрымаць уязную візу ў Беларусь у электронным выглядзе.
Атрымальнікамі паслугі з’яўляюцца фізічныя асобы — нерэзідэнты Беларусі. Доступ да афармлення электронных віз ажыццяўляецца праз нястрогую аўтэнтыфікацыю (з выкарыстаннем лагіна і пароля або з дапамогай знешніх сэрвісаў аўтэнтыфікацыі — Google, Apple).
У выніку замежнік атрымае паведамленне аб выдачы візы і pdf-файл электроннай візы па форме, зацверджанай візавымі правіламі.
Для верыфікацыі электроннай візы неабходна адсканаваць QR-код электроннай візы ў мабільным дадатку «Е-Паслуга».
З 20 сакавіка ўступаюць у сілу змены ў візавыя правілы Беларусі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў, у тым ліку ў частцы выдачы ўязных электронных віз у Рэспубліку Беларусь праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму.
Каментары