Меркаванні1010

Слюнькін: Лукашэнка стаў гаўляйтарам, а любая крытыка стала разглядацца як злачынства

Галоўнае, чым запомніўся гэты год, гэта тое, што Беларусь стала часткай ваеннага канфлікту. Улада, якую мы не выбіралі, уцягнула нашу краіну ў вайну на баку агрэсара. Гэта галоўнае злачынства рэжыму Лукашэнкі. Так, злачынстваў за ўсе гэтыя гады было шмат, але па ўзроўні жудасці і ступені разбурэнняў гэта самае сур’ёзнае, піша ў фэйсбуку былы дыпламат, а цяпер аналітык Еўрапейскай рады міжнародных адносін Павел Слюнькін.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Пецярбурзе. Скрыншот з відэа

Па-другое, менавіта гэта спараджае шмат іншых змен, якімі адзначыўся гэты год. У першую чаргу гэта тое, што да беларусаў, якім у 2022 годзе спачувалі, чыёй смеласцю, імкненнем да волі і дэмакратыі захапляліся, у адзін момант кардынальна змянілася стаўленне.

Беларусы сталі асацыявацца з саўдзельнікамі ваеннай агрэсіі. І ўсё таму, што рэпутацыйны цень дзеянняў улад лёг на ўсіх людзей з беларускім пашпартам.

Трэцяе — гэта тое, што я называю дэсуверэнізацыяй Беларусі. Гэты працэс пачаўся яшчэ ў 2020 годзе, але, пагадзіўшыся на сваю ролю ў вайне, Лукашэнка вымушаны быў пайсці на яшчэ большыя саступкі і нястачу.

Ён не проста забірае ў нас радзіму, краіну, ён забірае суверэнітэт і дзяржаўнасць і ў самога сябе. Яркі прыклад — тое, як расійскія вайскоўцы заходзяць, куды хочуць, і робяць на нашай тэрыторыі, што пажадаюць, гэта паглыбленне інтэграцыі і яшчэ больш цесная сувязь з расійскай эканомікай.

На фоне ўсяго, што адбываецца, Беларусь становіцца шэрай таксічнай зонай, якую суседзі ўспрымаюць як тэрыторыю, дзе незразумела хто ажыццяўляе палітычны і вайсковы кантроль, і адкуль зыходзяць патэнцыйныя пагрозы. У выніку мы бачым адмежаванне ад нас на ўсіх межах, акрамя беларуска-расійскай.

Па сутнасці, з’яўляюцца фізічныя абрысы новай жалезнай заслоны. Тым часам Лукашэнка спрабуе кампенсаваць адсутнасць знешніх кантактаў і эканамічнага супрацоўніцтва тым, што спрабуе наладзіць сувязі з непрызнанымі і акупаванымі тэрыторыямі. Напрыклад, едзе на тэрыторыю непрызнанай Абхазіі і сустракаецца там з чалавекам, які называе сябе прэзідэнтам, абмяркоўвае з ім двухбаковыя адносіны. Ці ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі акупацыйных улад. Гэта дакладна паказвае, куды ён сам сябе загнаў.

Яшчэ адна выснова — гэта ўнутраная трансфармацыя рэжыму. Калі раней ён быў адносна прадказальным, са зразумелымі ўсім чырвонымі лініямі, рэпрэсіі мелі ў першую чаргу «охранітельный» характар, то цяпер яны сталі новай формай жыцця гэтага рэжыму.

У Беларусі фактычна няма палітычных партый, няма апазіцыі (таму што яна выехала ці знаходзіцца ў турме), няма права на крытыку.

Не згаджацца з уладай, крытыкаваць яе стала злачынствам, а беларускія ўлады тым часам фармуюць культ асобы Лукашэнкі. Для чыноўнікаў ініцыятыўна не хваліць яго, не захапляцца ім з нагоды і без цяпер не норма.

Сам жа Лукашэнка, як ён фактычна прызнаўся падчас візіту Пуціна, разглядае рэпрэсіі не як рэакцыю на пэўныя падзеі, а як стратэгію, якая павінна прывесці грамадства ў новы стан, у якім будзе забаронена існаванне апазіцыі, дзе не будзе легальнай, дазволенай крытыкі, дэмакратычных інстытутаў.

Яшчэ адна важная асаблівасць гэтага года — гэта тое, што на фоне жахаў вайны ва Украіне, мабілізацыі ў Расіі, энергетычнага крызісу ў Еўропе частцы беларусаў стала здавацца, што Лукашэнка можа быць не самым горшым варыянтам (нягледзячы на тое, што менавіта ён уцягнуў Беларусь у якасці суагрэсара ў вайну). Пра гэта гаворыць дынаміка на карысць улад, паводле сацдаследаванняў. Здаецца, частка беларусаў гатовая часова змірыцца з гэтай больш-менш прымальнай альтэрнатывай, пакуль няма магчымасці штосьці змяніць, але ёсць рызыка развіцця горшых сцэнарыяў.

У 2022 годзе частка беларусаў канчаткова адкрыла, чым ёсць Расія, убачыла, што праходзяць стагоддзі, а яна не мяняецца, што гэта не проста сусед, а дзяржава, якая супрацьстаіць усяму таму, чаго беларусы дабіваліся ў 2020 годзе: волі, дэмакратыі, каштоўнасцям, павазе да правоў чалавека. А Беларусь, як і раней, змагаецца за сваю волю і незалежнасць у тым ліку ад Расіі і яе гаўляйтара.

Цяпер адбываюцца такія ж падзеі, пра якія мы чыталі ў падручніках і якія, нам здавалася, даўно прайшлі. Самі сабой напрошваюцца паралелі, напрыклад, з паўстанем Каліноўскага, якое было 160 гадоў таму: Расія, беларуская барацьба за волю і незалежнасць, «лісты з-пад шыбеніцы», гаўляйтар, які гэта паўстанне душыць, закон аб смяротным пакаранні для тых, хто быццам бы здраджвае радзіме. Прайшло 160 гадоў, а нічога не змянілася.

Каментары10

  • Таня
    29.12.2022
    Уже был один гауляйтор в Беларуси … конец был невесёлый …
  • Штырліц
    29.12.2022
    Гаўляйтэр капут
  • Мікола)))
    29.12.2022
    Трэцяе — гэта тое, што я называю дэсуверэнізацыяй Беларусі. Гэты працэс пачаўся яшчэ ў 2020 годзе,
    _________
    Ага, ну-ну.
    Чамусь ў некаторых гісторыя пачалася ў 2020 г. А стварэнне саюзнай дзяржавы? А этнацыд і лінгвацыд? Закрыццё беларускіх школ? А продаж Белтрансгазу?

Цяпер чытаюць

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты10

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты

Усе навіны →
Усе навіны

У рукі сілавікоў трапілі дакументы Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў. Як гэта магло адбыцца?8

Блогерка скрала дзіця вомбата ў ягонай маці. Гэта абурыла ўсю Аўстралію4

Ціханоўская: Сённяшні дзень калісьці стане сапраўдным святам6

Знайшлося яшчэ адно пацвярджэнне таго, што «Амкадорам» кіруе не Шакуцін, а менеджары БелАЗа

На вайне знік без вестак «Беларус» — жыхар Бараўлянаў, які ўхіляўся ад беларускага войска, але пайшоў паміраць за Расію9

Па Мінску ўжо ездзяць першыя «васьмёркі». Усе самыя «прыгожыя» камбінацыі нумароў у ДАІ ўжо разабралі7

Сёння ноччу па ўсёй Беларусі быў мароз

Дзяўчына папрасіла ў казіно больш яе не пускаць, а яе адправілі ў падатковую

«Германія вяртаецца»: будучы канцлер Мерц дамовіўся аб рэформе абмежаванняў на дзярждоўг

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты10

Лойка пра будучага пераемніка Лукашэнкі: Адчуваецца, што дзядуля рыхтуецца, прыкідвае і глядзіць варыянты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць