«Пракурор сказаў, што мне трэба пакінуць Беларусь». Былая палітзняволеная Алена Маўшук расказала пра ўмовы свайго вызвалення
Жыхарка Пінска Алена Маўшук — адна з трох палітычных зняволеных, адпушчаных рэжымам Лукашэнкі 12 лютага. Выданне «Люстэрка» пагаварыла з ёй і даведалася, што ўмовай яе памілавання і вызвалення быў ад'езд з Беларусі. Дарогу да мяжы жанчына не бачыла, таму што канваіры надзелі на яе твар маску.

«Уладзіміраўна, ваша памілаванне разглядалася»
— Калі вы даведаліся, што вас вызваляюць?
— Усё гэта было спантанна. Я працавала на фабрыцы, вярнулася пасля першай змены, і мы ўсе пайшлі на вячэру. Да мяне падышоў кантралёр і сказаў: «Маўшук, пойдзем з намі». Мы прыйшлі ў атрад, мне сказалі вынесці ўсё — усе свае рэчы.
Дзяжурны памочнік начальніка калоніі павёў мяне ў штаб. Там быў пракурор, які сказаў: «Уладзіміраўна, ваша памілаванне разглядалася». Я вельмі знервавалася, таму што не зразумела: ці то яно разглядалася, ці то яшчэ толькі будзе разглядацца.
Пасля пракурор сказаў, што яно ўжо разгледжана, але з умовай, што мне трэба пакінуць Беларусь. Ён спытаў, ці былі ў мяне такія намеры. Я адказала, што ўжо прагаварыла тое, што не хачу жыць у Беларусі. Вось і ўсё. Я на волі.
— Ад'езд з Беларусі быў умовай вашага вызвалення? Так вам сказалі?
— Так. Гэта ўсё было вельмі хутка.
— Калі вы напісалі прашэнне аб памілаванні і як гэта адбылося?
— Мяне ніхто не прымушаў гэта зрабіць. Я вырашыла сама паспрабаваць. Напісала прашэнне ў ліпені 2024 года. Не была ўпэўненая, што ў мяне ёсць шанец, але падумала, што можа атрымацца.
«Пакуль мяне везлі да мяжы, я нічога не бачыла»
— Гэтую ноч вы правялі яшчэ ў калоніі ці вас кудысьці вывезлі?
— Адразу пасля вячэры мяне з рэчамі забралі. Я крыху пачакала, прыехала машына, і мяне павезлі ў Мінск. Уначы я знаходзілася ў СІЗА КДБ. Не ведаю, колькі я там часу правяла. Потым мяне забралі.
— Вас везлі ў службовай машыне сілавікоў?
— Пакуль мяне везлі да мяжы, я нічога не бачыла. Калі я выйшла з памяшкання, на мяне надзелі маску, і таму я нічога не бачыла.
— Да мяжы вас суправаджалі канваіры?
— Так. Ужо потым, калі мы прыехалі на мяжу, нас сустрэлі людзі, і з мяне знялі маску, вярнулі пашпарт.

«Часам супрацоўнікі прасілі іншых асуджаных нешта мне падкінуць»
— Вы знаходзіліся ў папраўчай калоніі № 24 у Зарэччы. Апішыце мясцовыя ўмовы.
— Цяпер там ідзе рамонт. Але зімой было вельмі холадна, ацяпленне працавала дрэнна. Па ежы — ну, нядрэнна кормяць. Адразу было дрэнна, але апошнія два гады пачалі добра карміць.
— Якім было стаўленне наглядчыкаў да вас?
— Да мяне было вельмі прадузятае стаўленне. Я не вылазіла з ШІЗА, куды мяне ўвесь час саджалі. Часам супрацоўнікі прасілі іншых асуджаных нешта мне падкінуць. За гэта мяне адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Таксама па іншых дробязях.
— Вас збівалі супрацоўнікі калоніі?
— Не, мяне не білі. Але вельмі цяжка было з медыцынскай часткай. Немагчыма было дамагчыся атрымання нейкіх лекаў або ўколаў.
У мяне пагоршыўся слых, я прасіла вывезці мяне ў гарадскую бальніцу, каб зрабіць здымак, але гэтага так і не зрабілі. Са зрокам таксама з'явіліся праблемы, але мяне праз гэта таксама не вывезлі. Яшчэ на мітынгу я атрымала траўму нагі, яна турбуе мяне вось ужо пяты год, і я не ведаю, што з ёй. Такое вось было абыходжанне.
48-гадовая Алена Маўшук знаходзілася за кратамі з 10 жніўня 2020 года. Маці трох дзяўчынак была затрыманая ў Пінску ў паслявыбарчую ноч падчас акцыі пратэсту. Прысуджаная да 6 гадоў пазбаўлення волі, пазбаўленая таксама бацькоўскіх правоў. Паводле звестак праваабаронцаў, скардзілася на гвалт у калоніі. Яе муж прысуджаны да 6,5 года пазбаўлення волі.
Каментары