Гісторыя1717

Мачулішчы, Мачулішчы… А што значыць па-беларуску «мачулішча»?

Нядаўняя дыверсія супраць расійскага самалёта, які каардынаваў бамбёжкі Украіны, зрабіла назву аэрадрома Мачулішчы сусветна вядомай. Але мала хто нават з беларусаў ведае, што азначае гэтая назва, піша Алесь Белы.

Скрыншот з відэа, знятага з дрона падпольшчыкаў падчас яго падлёту да расійскага самалёта ў Мачулішчах

Гісторыя вайсковага аэрадрома каля вёскі Мачулішчы Мінскага раёна пачалася ў 1930-я гады.

Вядома, што 16 верасня 1939 года адсюль выправіўся ў свой апошні палёт славуты лётчык Сяргей Грыцавец, які трагічна загінуў праз пару гадзін пры няштатнай пасадцы на аэрадроме Балбасава пад Оршай.

Стратэгічны аэрадром Мачулішчы будаваў на працягу 1948—1950 гадоў 11-ты асобны аэрадромна-будаўнічы полк. Са штатам тры тысячы чалавек ён уваходзіў у склад будаўнічага ўпраўлення Беларускай вайсковай акругі. Можна ўявіць сабе размах гэтай будоўлі. Савецкая імперыя рыхтавалася да Трэцяй сусветнай вайны, у тым ліку атамнай, і рэсурсаў на гэта не шкадавала. Аднаго грунту было перамешчана 2 мільёны (!) кубаметраў. У далейшым аэрадром не раз пашыраўся і дабудоўваўся. 

Назву «Мачулішчы» я ўпершыню пачуў, калі мне было гадоў 7 ці 8. Бацька з нейкай нагоды ўспамінаў адносна нядаўні візіт у Мінск прэзідэнта Францыі Жоржа Пампіду (1973) і сказаў, што ягоны самалёт тады садзіўся не ў грамадзянскім аэрапорце, а ў Мачулішчах. А

мама патлумачыла мне паходжанне назвы: «гэта месца, дзе некалі мачылі лён».

Пачынаючы з ранняга дзяцінства і аж да сёння яна заўжды тлумачыць мне сэнс беларускіх слоў, у тым ліку самых рэдкіх, сярод якіх і словы з лепельска-ўшацкага рэгіёна. Таму амаль колькі сябе памятаю, гэтае слова для мяне заўсягды нешта значыла. Ну а цяпер, бадай, надышоў час пра яго напісаць трохі падрабязней. 

Слова «мачулішча» тыпова беларускае, даўняе. Яно паходзіць ад слова «мачула», «мачыла» — нізок, дзе мочаць лён, каноплі. Па-руску і па-ўкраінску яго аналаг пішацца аднолькава, толькі вымаўляецца па-рознаму: мочило. У адной украінскай народнай песні пра каханне пяецца: Не ходи ти коло води та й коло мочила, Буде мати нарікати, що-м тя зволочила.

Беларускае слова «мачулішча» створана на той жа ўзор, што і гарадзішча (месца, дзе раней быў горад), замчышча (месца, дзе раней быў замак), бульбянішча, бульбішча (месца, дзе перад тым расла бульба), клецішча, школішча (месца, дзе раней стаяла «школа» — так па-старабеларуску называлі сінагогу), урочышча, сховішча, — для беларускай мовы такое словаўтварэнне вельмі характэрнае, параўнальна больш частае, чым у іншых славянскіх мовах. 

Населеных пунктаў з такой назвай у Беларусі шмат. Апроч даволі буйнога і вядомага дзякуючы вайсковай базе мястэчка МачулішчЫ, ёсць яшчэ вёскі з назвай МачулішчА. Па адной у Буда-Кашалёўскім, Камянецкім, Лагойскім, Мінскім, Расонскім раёнах. У Крупскім раёне такіх вёсак ажно дзве. І ў дадатак — адна ў Невельскім раёне, які адышоў да Расіі ў 1920-я гады, і дзве ў Сумскай вобласці Украіны (Пуціўльскі і Канатопскі раёны).

Назвы «Мачулішча» раўнамерна рассеяныя па ўсім былым арэале беларускай мовы. І такая распаўсюджанасць сведчыць пра тое, што для беларусаў вырошчванне і апрацоўка лёну традыцыйна было важнай справай.

Не адну тысячу гадоў у традыцыйнай сялянскай гаспадарцы лён ірвалі ў другой палове жніўня. Вырваны звязвалі ў снапы і ставілі ў кучкі. Затым аддзялялі галоўкі ад сцёблаў: абівалі ці абрывалі. Для гэтага выкарыстоўвалі адмысловую прыладу — пранік ці драчак, якая з выгляду нагадвае драўляную матыку з некалькімі зубамі. Затым ільняную саломку вымочвалі ў вадзе 3—6 тыдняў у залежнасці ад надвор’я.

Замочваць лён (а таксама каноплі) трэба было, каб потым (ужо пасля сушэння) валокны лягчэй і паўней аддзяляліся ад кастрыцы. Але не заўсёды замочванне адбывалася ў адмысловых вадаёмах. Часта было дастаткова жнівеньскіх і вераснёўскіх дажджоў і росаў. Але з мачуламі (мачыламі) ўсё ж такі хутчэй і больш надзейна.

Лён вырваны. Фота: Wikimedia Commons

Мачулы (мачылы, мачулішчы) даўней уладкоўвалі ў нізках, плёсах сярод паплавоў. Гэта былі натуральныя або штучныя сажалкі, ямы, калюжыны. Часам для мачул (мачыл, мачулішчаў) у зямлю зарывалі вялікую драўляную скрыню. Дарэчы, месца, дзе вымочвалі драўляныя бочкі, каб швы сышліся шчыльней і не прапускалі вадкасць, таксама маглі называць мачуламі (мачыламі, мачулішчамі).

Добра падмоклы лён ставілі ў вялікія кулі, потым высушвалі і пачыналі мяць (церці) пры дапамозе мялкі (церніцы). А потым валакно трапалі (ачышчалі ад кастрыцы) траплом. Затым часалі драўлянымі ці металічнымі грэбнямі. Уласна неабходнасць вымочвання і тлумачыць, чаму толькі ў кастрычніку атрымлівалі кудзель.

Адкіды вытворчасці — кастрыцу — палілі. Але былі больш практычныя спосабы яе выкарыстання: уцяпляльнік, напаўняльнік для бетону, мульчы для агародніцтва і г. д.

Як піша ў кнізе «Пінскія балоты» (2022) польскі гісторык Славамір Лотыш, у міжваенны час мачулы, уладкаваныя проста на беразе адкрытых вадаёмаў, зрабіліся вялікай экалагічнай праблемай для заходняга Палесся. Асабліва тыя, дзе вымочваліся каноплі. У такіх месцах адбываўся масавы мор рыбы, дый самі людзі часта мелі праблемы са здароўем, спажываючы ваду з такіх вадаёмаў. Доўгае вымочванне гэтых, па сутнасці, таксічных раслін рэзка зніжае ўтрыманне кіслароду ў вадзе, а таксама вядзе да растварэння ў ёй воцатнай, прапіёнавай і іншых кіслотаў.

Інтуітыўна гэтая небяспека ўсведамлялася традыцыйнай культурай здаўна, таму мачулы і стараліся ўладкоўваць у адносна ізаляваных штучных вадаёмах. Але на нізінным Палессі, відаць, часам няпроста было знайсці месца для такіх. Да таго ж спецыфічная палеская ментальнасць у спалучэнні з эканамічнымі цяжкасцямі часоў Вялікай дэпрэсіі часта прыводзіла да надзвычай безадказных спосабаў эканамічнай дзейнасці. І гэта тычыцца не толькі гадоўлі лёну і канопляў.

У наш час, канешне, тэхналогіі істотна мадэрнізаваліся, і паўсюдныя некалі мачулы (мачылы) сёння нідзе не сустрэнеш. Таму і слова гэтае большасці нашых суайчыннікаў незразумелае. Але памяць пра месцы, дзе некалі яны былі, засталася ў тапаніміцы Беларусі ў форме «мачулішчаў» і такім чынам з’яўляецца напамінам пра тысячагадовы занятак нашых продкаў.

Таму варта ведаць пра яго значэнне і сёння. Тым больш, што шмат якія краязнаўчыя музеі ў сваіх экспазіцыях распавядаюць пра поўны цыкл традыцыйнай вытворчасці лёну і нават нярэдка прапануюць яго поўную дзейную рэканструкцыю.

Паэт Васіль Зуёнак, які нарадзіўся ў в. Мачулішча Крупскага раёна (з той яго часткі, якая бліжэй да Халопенічаў), прысвяціў роднай вёсцы — а па сутнасці, і ўсім іншым Мачулішчам — вось такія прыгожыя радкі (1962 г.):

Мачулішча…
Відаць, і пры Ярыле
Ільны ў нас сеялі,
Вымочвалі ў мачыле.
Бель-кужаль ткалі, пралі, вышывалі,
Кашулі ў кайстры
Напамінкам клалі.
…Спадаюць ручаінкі —
Дзве дарожкі:
Блакітны лён і васількі-валошкі —
Узор няхітны,
Вышыты табою,
Што дзень і ноч не ведалі спакою…
Завіхалася ды шчыравала,
Абдымала ды мілавала…
О, рукі,
Рукі ў ільняной старонцы, —
Духмянасць поля і гарачнасць сонца.
Мачулішча — блакіт палёў-
Нябёс —
Блакіт вачэй — блакіт туманны
Слёз.

Каментары17

  • што беларусу блага, то некаму благо...
    13.03.2023
    цікава...

    Мачулішча vs "мочить" в значении избивать-убивать (военный аэродром)

    а параўнайце шчэ значэнне слова "строй", якое аднолькава пішацца і гучыць па-беларуску і па-расейску, але..
    у беларусаў "строй" - гэта традыцыйны народны касцюм, а ў расейцаў "строй — способ расстановки военнослужащих формирований, вооружения и военной техники (войск и сил)"
  • Эты_молах
    13.03.2023
    Грунтоўна і цікава, дзякуй аўтару!
    Назва падобная на "мачу ляшча", і таму расейскаму ламаччу адмачылі такога ляшча па "галаве", што яно яшчэ не хутка адновіць сваю забойчую актыўнасць.
  • Анёлак
    13.03.2023
    Дзякуй, вельмі цікава.

Цяпер чытаюць

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта14

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

Усе навіны →
Усе навіны

Настаўніца расказала, як педагогі вымушаны справаздачыцца за паездкі за мяжу6

Ізраіль аднавіў удары па аб'ектах ХАМАС у сектары Газа1

Трамп заявіў, што «многія элементы» мірнага пагаднення ўжо ўзгодненыя3

Лойка: Калаўр мог спрачацца і адвакатаваць такія рэчы, пра якія ніхто іншы заікнуцца не мог7

Распавядаем, што за новую зброю ўжылі ў Сербіі для разгону пратэстаў. Яна ўжо ёсць у Расіі7

Тэлетрансляцыя са стадыёна ў Мінску, які ў 2021 годзе адкрываў Лукашэнка, «небяспечная для здароўя аператараў»1

Венгрыя пагадзілася працягнуць санкцыі супраць Расіі пасля званка Рубіа3

Палітзняволеная Антаніна Канавалава расказала, што ёй прапаноўваў ГУБАЗіК пасля яе вызвалення3

Магілёўскі кандуктар забаўляе пасажыраў песнямі ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта14

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць