Ва ўзросце 92 гадоў памёр балгарскі і расійскі спявак Бедрос Кіркораў. Пра гэта паведаміў у інстаграме ягоны сын, вядомы артыст Філіп Кіркораў.

Бедрос Кіркораў нарадзіўся 2 чэрвеня 1932 года ў балгарскім горадзе Варна ў армянскай сям'і. У канцы 1940-х гадоў скончыў вучылішча па спецыяльнасці шаўца, пасля гэтага некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці. Тады ж пачаў спяваць у самадзейным хоры пры абутковым прадпрыемстве. У 18 гадоў без музычнай адукацыі быў прыняты стажорам у Дзяржаўную оперу Варны.
У 1966 годзе Бедрос Кіркораў скончыў у Маскве аддзяленне музычнай камедыі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва. У тыя гады ён пачаў выступаць у праграмах Москанцэрта, выконваў песні на італьянскай, рускай і балгарскай мовах. Акрамя таго, ён удзельнічаў у эстраднай праграме «Мелодыя сяброў», у якой выступалі артысты з сацыялістычных краін.
У 1970-я гады Кіркораў выступаў як саліст Маскоўскай абласной філармоніі, а ў 1984 годзе стаў салістам Наўгародскай абласной філармоніі. У 2012 годзе яму далі званне народнага артыста Расіі.
Каментары