Распавядаем, адкуль пад Полацкам меч гросмайстра Лівонскага ордэна і чаму даследчыка, які яго адшукаў, сёння не прынята згадваць ні ў адным з палітычных лагераў.

На незвычайную гісторыю нас вывела публікацыя, якой падзяліўся Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі яшчэ ўлетку 2024 года. Архіўная цікавостка — замаляваны старадаўні меч — як выявілася, шчыльна звязаная з ідэалагічным змаганнем у Беларусі ў XIX стагоддзі і нагадвае пра незайздросны лёс наіўных рэакцыянераў і прапагандыстаў.
Ксенафонт Гаворскі
Перш чым дайсці да самога архіўнага дакумента, варта распавесці пра яго аўтара — Ксенафонта Гаворскага, імя якога сёння нікому ні пра што не гаворыць. Але так было далёка не заўсёды, ён быў вядомым журналістам, краязнаўцам і займаўся археалагічнымі росшукамі ў сярэдзіне XIX стагоддзі. Гэты артыкул нават больш пра трагічны лёс, чым пра той таямнічы меч, што трапіў у яго рукі.

Ільдэфонс Гаворскі, як яго звалі першапачаткова, нарадзіўся ў сям’і беларускага ўніяцкага святара на тэрыторыі Літоўскай епархіі, якая ахоплівала тады Віленскую і Гродзенскую губерні. Адукацыю пачаў у грэка-каталіцкай семінарыі ў Полацку, а скончыў у навастворанай семінарыі ў Жыровіцах. Адтуль быў накіраваны вучыцца ў Пецярбургскі ўніверсітэт.
На паспяховасць Гаворскага ў расійскім ўніверсітэце негатыўна ўплывала недастатковае веданне рускай мовы.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Гаворскі быў накіраваны ў Полацк у велізарную па абшары Беларускую грэка-ўніяцкую семінарыю. У 1839 годзе на Полацкім саборы ўнія была скасаваная, а беларускія ўніяты далучаны да праваслаўя. Пры пераходзе ў праваслаўе Гаворскі атрымаў імя Ксенафонт.
Гісторык епархіі
У 1850 годзе епархіяльнае начальства прыцягнула Гаворскага да працы па складанні гісторыка-статыстычнага апісання Полацкай епархіі, з якой і пачалася яго навукова-літаратурная дзейнасць, а ўслед за ёй і грамадская.
Вельмі хутка Гаворскі пераканаўся, што кніг, якія знаходзіліся ў бібліятэках семінарскай, кадэцкага корпуса і дамініканскага кляштара, было недастаткова для гэтай справы. Мала што карыснага давалі польскія і рускія летапісы. Спачатку ён звярнуўся да прыватных збораў мяшчан, а пасля вырашыў шукаць неабходныя крыніцы ў мясцовай шляхты.
У 1851 годзе Гаворскі, працуючы з сямейнымі архівамі полацкіх мяшчан, выявіў старадаўні астранамічны прыбор XV стагоддзя, які даслаў у Імператарскае археалагічнае таварыства, атрымаўшы ад таго прапанову ў далейшым спрыянні.

У канцы мая 1852 года Гаворскі падаў рапарт, «што да складання гісторыка-статыстычнага апісання Полацкай епархіі сабраў матэрыялы і дастаў з розных крыніц разнастайныя звесткі, якія адносяцца да гэтага прадмета ў такой ступені, суразмернасці, наколькі дазвалялі ягоныя сродкі».
Тым часам, вызваліўшыся ад заняткаў у семінарыі і не маючы пакуль ніякай рэакцыі на пададзены рапарт, Гаворскі вырашыў не губляць час і распачаць даследчае падарожжа ў наваколлі Полацка. Ён меў намер агледзець старажытныя замчышчы, курганы і іншыя адметныя з пункту гледжання археалогіі месцы, а, акрамя таго, пагутарыць з мясцовымі святарамі пра старажытныя дакументы ў іх сямейных архівах.
Першапачатковым аб'ектам даследавання Гаворскі выбраў так званую Альгердаву дарогу, пракладзеную ў старажытнасці па загадзе вялікага князя Альгерда ў час яго ваенных паходаў на Русь.
Па гістарычных сведчаннях, Альгердава дарога існавала яшчэ пры каралях Баторыі ды Яне Казіміры, праўда, да XIX ст. не захавалася, але мусіла б праглядацца. Але, мяркуючы па маршруце Гаворскага, ён слаба ўяўляў, дзе яна праходзіла.
Прыязныя паны
Гаворскі рушыў у бок маёнткаў памешчыка Фелікса Абрампальскага Бяздзедавічы і Стары Двор. Ён безвынікова распытваў у сялян пра старажытныя магільнікі, якія сустракаліся па дарозе. Сяляне казалі, што гэта магілы «нехрысцей», якія ваявалі з Полацкам. Большую частку гэтых пахаванняў народ называў валатоўкамі, часам шведскімі магіламі, а некаторыя — ліцэўскімі магіламі, што па перакананні Гаворскага было скажэннем слова «рыцарскія».

Ліцэўскія магілы адрозніваліся ад іншых курганоў малой вышынёй. Сяляне расказвалі, што пры іх выпадковым разрыцці часам знаходзілі розныя жалезныя і сярэбраныя рэчы, якія аддавалі памешчыкам або перараблялі на гаспадарчыя прылады.
Па здагадцы Гаворскага, у гэтых магілах маглі быць астанкі забітых у бітвах пад Полацкам лівонскіх рыцараў.
З пахаванняў, якія сустрэліся па дарозе, яго ўвагу прыцягнуў магільнік, празваны ў народзе Бабінай гарой. Ён літаральна ўвесь быў усеяны чалавечымі косткамі і дзе-нідзе нават былі бачныя цэлыя шкілеты, зрэшты, не самі косткі, а толькі формы костак, якія ўтварыліся са зліплага ў шчыльную масу пяску. Пры націсканні пальцамі або лёгкім удары палкай гэтыя пясчаныя злепкі рассыпаліся. Гаворскі палічыў, што гэта сведчыць пра незвычайную старажытнасць гары і пазначыў яе для далейшага вывучэння.
Канчатковым пунктам падарожжа стала мыза памешчыка Фелікса Абрампальскага Стары Двор, размешчаная за 19 вёрст ад Полацка.
У Абрампальскага ў гэты час гасцявалі іншыя памешчыкі. Скарыстаўшыся сардэчным прыёмам гаспадара і выпадкам, Гаворскі падзяліўся з прысутнымі сваімі даследчымі планамі. У размове, каб надаць сваёй персоне большую вагу, ён згадаў пра супрацоўніцтва з Імператарскім археалагічным таварыствам.
Гэта сапраўды адыграла сваю ролю ў размове з памешчыкамі, і Гаворскі, па ўласным выразе, сустрэў з іх боку «асвечаную гатоўнасць і ахвоту» садзейнічаць у яго пошуках «маральнымі і фізічнымі сродкамі». Некаторыя з іх паабяцалі перадаць у дар Археалагічнаму таварыству розныя прадметы, знойдзеныя ў курганах, з указаннем часу і месцы знаходак.
Меч гросмайстра
З абяцаных прадметаў найбольшую цікавасць уяўляў меч, які належаў, як меркавалі, гросмайстру Тэўтонскага ордэна Конраду фон Валенроду, які жыў у другой падлозе XIV ст. і быў нібыта забіты ў бітве з рускімі і літоўцамі. Праўда, сёння вядома, што Валенрод памёр у Марыенбургу і зусім не ад мяча.

Сам гаспадар мызы Фелікс Абрампальскі паказаў знойдзены ім пры раскопцы аднаго з ліцэўскіх курганоў каля вёскі Валатоўкі меч і рыцарскія даспехі, паабяцаўшы падарыць іх Археалагічнаму таварыству. Меч гэты Гаворскі адразу ж падвергнуў дбайнаму агляду і змаляваў яго ў натуральны памер з усімі выявамі і надпісамі.
Наогул госці Абрампальскага распавялі шмат цікавага пра розныя старажытнасці, якія знаходзяцца ў тамтэйшых краях. Сам гаспадар падзяліўся, як пры разрыцці аднаго схільніка знайшлі некалькі спярэшчаных славянскімі надпісамі каменных пліт. Але асабліва Гаворскага ўразіў аповед Абрампальскага пра сляды старажытных могілак, выяўленых у межах яго маёнтка. Могілкі гэтыя былі ўсеяны рознай велічыні і выгляду камянямі, на некаторых з якіх захаваліся сляды надпісаў.
На адным з такіх камянёў памешчык здолеў нават прачытаць напісаны славянскімі літарамі надпіс, які абвяшчаў: «Тут схован [імя не згадваецца], а с ним любы комон (конь. — НН) чиры пёс и горелка». Гаворскі чамусьці палічыў, што гэты надпіс сведчыць аб дахрысціянскім часе паходжання могілак. Відаць, яму хацелася дакрануцца да чагосьці вельмі старажытнага, але ён памыляўся. Надпіс відавочна быў позні, да таго ж даволі кур'ёзны.
Таксама ўвагу Гаворскага прыцягнула паданне пра ваяра Боя і трох яго верных сабак, пахаваных разам з ім. Яно бытавала сярод сялян маёнтка Краснаполле Полацкага павета.
Госці Абрампальскага таксама расказалі, што ў маёнтку Менніца Лепельскага павета, які належыць памешчыку Антонію Сяляву, знаходзіцца возера, якое мясцовыя жыхары лічылі зачараваным і пра якое існавалі цікавыя паданні. У ваколіцах гэтага возера было шмат вельмі старажытных курганоў, у якіх часта знаходзілі жалезныя прылады і даспехі, што адрозніваліся «як дзіўнасцю, так і цяжкаважнасцю». Напрыклад, там быў знойдзены велізарны востры з абодвух бакоў меч, роўны чалавечаму росту і настолькі цяжкі, што нават моцны мужчына ледзь мог падняць яго адной рукой. На абломку іншага знойдзенага мяча быў прыкметны надпіс на невядомай мове.
Гэтыя прадметы захоўваліся ў гаспадара маёнтка Антонія Сялявы, а некаторыя — у мясцовага святара. Пляменнік Сялявы Эдуард, выпускнік Дэрпцкага ўніверсітэта, які быў у гасцях у Абрампальскага, выказаў жаданне дапамагчы Гаворскаму ў даследаванні як згаданых курганоў, так і курганоў у ягоным уласным маёнтку Сялішчы, што знаходзіўся за 50 вёрст ад Полацка на дарозе да Лепеля і Барысава. Акрамя таго, Эдуард спадзяваўся пераканаць дзядзьку ахвяраваць знойдзеныя ў менніцкіх курганах рэчы Рускаму археалагічнаму таварыству.
Расповеды, пачутыя ў доме Абрампальскага, надзвычай зацікавілі Гаворскага, аднак, на яго думку, патрабавалі праверкі, якую ён у гэтую паездку з-за недахопу часу выканаць не мог, але меўся абавязкова зрабіць гэта ў будучыні.
Шабля з могільніка
Вяртаючыся ў Полацк, Гаворскі зазірнуў па дарозе ў маёнтак Банонія (цяпер мясцовасць недалёка наваполацкага «Паліміра») да памешчыка Аўгуста Чаховіча, які, як і іншыя памешчыкі, «з найвялікшай ахвотай» згадзіўся пры неабходнасці аказваць садзейнічанне яго археалагічным пошукам.
Чаховіч звярнуў увагу Гаворскага на парослы дрэвамі могільнік каля полацкай дарогі і прыхадской царквы, размешчаны на стромкім пясчаным пагорку, каля падножжа якога працякала рачулка Ушача. Памешчык паведаміў, што сяляне заўсёды знаходзяць там старажытныя срэбныя манеты, калі могільнік размывае пасля дажджу. Сяляне лічылі, што там пахаваны скарб, які ахоўваюць чары і заклёны, і таму баяліся яго раскапаць, а знойдзеныя манеты неслі ў царкву.
Памешчык паабяцаў Гаворскаму, што будзе садзейнічаць на карысць Археалагічнага таварыства і быў гатовы перадаць яму старадаўнюю шаблю, знойдзеную ім пры раскопках курганоў у маёнтку Селішча. З гэтай шаблі Гаворскі зрабіў малюнак у поўны памер і скапіраваў выявы і надпісы, нанесеныя на яе.
Гаворскі быў перакананы, што ў сваіх археалагічных даследаваннях ён зможа разлічваць на садзейнічанне мясцовых памешчыкаў. Ён убачыў у іх шчырае жаданне быць карыснымі Імператарскаму археалагічнаму таварыству.
Але выглядае, што полацкія памешчыкі хутка зразумелі, што Гаворскі — вельмі наіўны чалавек і верыць любой байцы і, можа быць, мелі намер скарыстацца яго сувязямі з Пецярбургам, каб уперці яму за добрыя грошы свой хлам. Гаворскі зусім не заўважаў гэтага і нічога не падазраваў.
Лісты ў Пецярбург
29 чэрвеня 1852 года Гаворскі напісаў кіраўніку Аддзялення рускай і славянскай археалогіі Імператарскага археалагічнага таварыства ліст, у якім выклаў асноўныя вынікі сваёй паездкі. У канцы ён паведамляў, што многія памешчыкі выказалі згоду перадаць у дар Археалагічнаму таварыству старыя рэчы і манеты, якія ў іх былі.
Да ліста Гаворскі дадаў выявы рыцарскага мяча і старадаўняй шаблі, змаляваныя ў памешчыкаў Абрампальскага і Чаховіча.

Гаворскі выказаў здагадку, што меч, на якім была выгравіравана манаграма з літар C. F., упрыгожаная зверху «вялімайстарскай каронай» і надпісам «Der Vater Des Vaterlands» («Айцец Айчыны»), належаў не гросмайстру Тэўтонскага ордэна, а аднаму з магістраў Лівонскага ордэна, чые ініцыялы маглі адпавядаць гэтым літарам.
Ён лічыў, што гэта мог быць Конрад фон Фухтэвангэ, які быў магістрам ордэна з 1279 па 1281 гады і ваяваў з самагітамі і земгаламі, падуладнымі полацкім князям, а значыць, і з самімі палачанамі, што доўгі час аспрэчвалі ў ордэна прыдзвінскія ўладанні. Альбо гэта быў Конрад Фітынгоф, які быў магістрам ордэна з 1404 па 1413 гады і таксама ваяваў з рускімі суседзямі за Лівонію. Але Гаворскі, які лічыў, што грубае і простае аздабленне мяча сведчыла пра яго архаічнасць, усё ж схіляўся да асобы фон Фухтэвангэ.
«Аднак далейшыя даследаванні кургана, у якім быў знойдзены гэты меч, і разгляд іншых прадметаў, выяўленых разам з ім, магчыма, прывядуць да ісціны», — завяршаў ён свае разважанні.
Атрымаўшы нарэшце грошы, ён працягнуў свае даследаванні ў Полацкай епархіі. Нягледзячы на недахоп спецыяльных ведаў і абмежаваны кругагляд, Гаворскі ўсё ж здолеў скласці даволі нядрэннае для свайго часу гістарычнае апісанне епархіі.
Ён таксама звяртаўся да ўладаў, каб даслаць імператару на агляд тыя самыя меч і шаблю, а таксама 28 манет, знойдзеных у ваколіцах Полацка, але атрымаў адмову. Гэтыя манеты, сярод якіх была і манета Пталамея XI, выбітая ў пачатак II ст. да н. э. і знойдзеная на беразе Начы каля пагоста Шпакоўшчына, былі перададзены ім у 1853 годзе праз міністра ўдзелаў графа Льва Пяроўскага Археалагічнаму таварыству. А вось лёс мяча і шаблі застаецца невядомым.
Не крыжакі, а французы
Апублікаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі прамалёўка мяча, зробленая Гаворскім, была адшуканая архівісткай Ганнай Карпечанка.
Прамалёўка дазваляе ацаніць, наколькі Гаворскі быў некампетэнтным у той справе, за якую ўзяўся з вялікім энтузіязмам.
Ужо па адным выглядзе шрыфта і ўпрыгажэнняў, перамаляваных з мяча, дасведчаны чалавек можа сказаць, што гэтая рэч бліжэй да нашага часу, чым да часоў магістраў ордэна, якім ён прыпісваецца.

Цікава, што аматары гісторыі даволі хутка адшукалі, што гэта насамрэч за рэч. Выявілася, што дакладна такія ж выявы і надпісы маюць баварскія афіцэрскія шаблі. На лязе з аднаго боку кіслатой выгравіраваны дэвіз «Für das Vaterland» (За Айчыну) і герб Баварскага курфюрства над ім, а з іншага — дэвіз «Für den Vater des Vaterlands» (За айца Айчыны) і манаграма курфюрста Карла Тэадора, які кіраваў з 1777 па 1799 гада.
На Беларусь такая шабля магла патрапіць у час руска-французскай вайны 1812 года. Максіміліян I, пераемнік на баварскім прастоле Карла Тэадора, які не пакінуў нашчадкаў, вырас сіратой у Францыі і ў сваёй знешняй палітыцы арыентаваўся на Напалеона. Пры падтрымцы Францыі Максіміліян стаў першым каралём Баварыі. Праўда, гэта падтрымка дорага каштавала, бо ў паходзе Напалеона супраць Расіі ў загінулі 30 тысяч баварскіх салдатаў і афіцэраў.
Менавіта ў 1812 годзе, відаць, шабля і трапіла ў Беларусь, то-бок у часы, калі яе пабачыў Гаворскі, ёй не было нават і ста гадоў, але ён гэтага зразумець не здолеў.
Зрэшты, ёсць адна нестыкоўка. На малюнку Гаворскага сапраўды меч з прамым і вострым з абодвух бакоў клінком, у той час як у шаблі клінок выгнуты і востры толькі з аднаго боку. Не мог жа Гаворскі настолькі памыліцца!

Тлумачэнне гэтаму разыходжанню, здаецца, даволі простае. Калі звярнуць увагу на выявы і надпісы на баварскай шаблі, то яны акуратна ўпісаныя ў шырыню клінка, у той час як на «мячы» Гаворскага ад іх засталася вузкая палоска паміж лёзамі, зніклі цэлыя літары і вялікія часткі манаграмы і герба. Выглядае, што крывы шабельны клінок нехта адмыслова затачыў з абодвух бакоў так, каб атрымаўся прамы меч.
З якім намерам гэта было зроблена, пра гэта ўжо цяжка сказаць, але цяпер мы дакладна ведаем, што ніякага старажытнага мяча гросмайстра не было, а быў фальсіфікат пад даўніну. Не выключана, што Гаворскі атрымаў адмову на тое, каб паказаць гэтыя «старажытнасці» імператару менавіта таму, што нехта з тых, да якога ён звяртаўся, быў лепш абазнаны ў зброі і гісторыі вайны 1812 года.
Нелюбімы заходнерусіст
Ксенафонт Гаворскі, пра якога цяпер амаль ніхто не ўспамінае ні ў нацыянальных колах, ні ў прарасійскіх, быў тым не менш адным з пачынальнікаў заходнерузму.
Гаворскі паспеў пабываць рэдактарам часопісаў у Віцебску і Кіеве, але ўрэшце ў 1864 годзе перабраўся ў сталіцу роднага краю, у Вільню, дзе заснаваў часопіс «Вестник Западной России». Яго актыўная дзейнасць была скіравана на ўмацаванне праваслаўя, асуджэнне паўстання і ўсхваленне царызму ў Паўночна-Заходнім краі.

Менавіта вакол ягонага часопіса склалася кола інтэлігенцыі, якая супрацьстаяла польскім уплывам і імкнулася да адзінства рускага народа, неад’емнай часткай якога лічылі беларусаў. Пасля гэтая грамадска-палітычная плынь была названа «заходнерусізмам».
Расійскі літаратуразнавец Аляксандр Пыпін, які прытрымліваўся заходніцкіх поглядаў і лічыў, што Еўропа павінна быць прыкладам для Расіі, пісаў, што часопіс Гаворскага, абараняючы «заходнерускую народнасць», «на справе стаў адным з тых сяброў, якія бываюць горшымі за ворагаў».
Як пісаў Аляксандр Цвікевіч, з пачаткам 1868 года, калі ў Вільню прызначаны чацвёрты па чарзе з моманту нядаўняга паўстання начальніка краю, генерал Патапаў, «Вестник» пачынае ўсё больш траціць ранейшы ўпэўнены тон і на яго старонках усё часцей пачынаюць праглядацца ноткі расчаравання і песімізму.
Пад уплывам гэтага настрою Гаворскі пачынае з большай уважлівасцю ставіцца да «тутэйшага» народа, незадаволены адносінамі цэнтральнай улады да мясцовага духавенства, урэшце, адважваецца заявіць, што паміж наплыўшымі з Расіі расійскімі чыноўнікамі і «тутэйшымі рускімі» не ўсё добра.
Праз год зрабілася яшчэ горш, і «Вестник» усё больш, усё настойлівей пачынае скардзіцца на «происки недоброжелателей», на грамадскую антыпатыю, на тое, што яго перастаюць чытаць. Прызнавацца ў гэтым асабліва цяжка, бо ён лічыў за сабой не адну вялікую заслугу і «першы з грознай зброяй гістарычнай ісціны пачаў граміць лацінска-польскую прапаганду».
Часопіс бачыць прычыну ў тым, што для адных ён непрыемны як моцны антыпод паланізму, для другіх — сваім праваслаўным напрамкам; лібералы і нігілісты ж не любяць яго за «печатные дерзости», а ўплывовыя людзі — за грубы тон.
Страта ідэалагічнага грунту пад нагамі і грамадскай падтрымкі, відаць, моцна ўдарыла па ментальным стане рэдактара. З 1870 года Ксенафонт Гаворскі адышоў ад кіраўніцтва часопісам з прычыны «цяжкай душэўнай хваробы».

20 мая 1871 года ён памёр, разам з ім скончыў і «Вестник Западной России», закрыты ў чэрвені. «Виленский Вестник» прысвяціў смерці змагара за рускі свет 10 радкоў хронікі, а «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» — роўна тры радкі.
Сёння імя аматара рускага свету было надзейна забыта яго ж паплечнікамі, а для нас служыць напамінам пра недаўгавечнасць ззяння такіх адыёзных зорак.
Каментары