Блогерка скрала дзіця вомбата ў ягонай маці. Гэта абурыла ўсю Аўстралію
Амерыканская інфлюенсерка Сэм Джонс, якая падчас сваёй паездкі ў Аўстралію схапіла на рукі дзіця вомбата і выклала відэа з гэтым у сацыяльныя сеткі, выклікала хвалю крытыкі ў краіне. Адрэагавалі нават ва ўрадзе, піша Бі-бі-сі.

Прэм’ер-міністр Аўстраліі Энтані Альбанізі назваў інцыдэнт «грубасцю», а міністарка замежных спраў Пэні Вонг — «жахам».
Міністр унутраных спраў Аўстраліі Тоні Бёрк заявіў, што яго ведамства разглядае магчымасць ануляваць візу Джонс.
Аднак пазней стала вядома, што яна самастойна пакінула краіну.
«Гэта найлепшы час для дзіцянятаў вомбата», — сказаў Бёрк у кароткай заяве ў пятніцу, святкуючы ад’езд Джонс.
Джонс апублікавала відэа, на якім яна схапіла дзіця вомбата на ўзбочыне дарогі, а потым, смеючыся, уцякла з ім ад яго разгубленай маці. Пасля гэтага па ўсёй Аўстраліі пракацілася хваля абурэння.
На відэа таксама відаць, як дзіця вомбата незадаволена шыпіць, пакуль Джонс не вяртае яго на зямлю.
Джонс, вядомая таксама пад імем Саманта Страбл, мае амаль 100 000 падпісчыкаў і называе сябе ў Instagram «аматаркай актыўнага адпачынку і паляўнічай».
Пасля інцыдэнту яна закрыла доступ да свайго акаўнта і выдаліла відэа з вомбатам.
Відэа Джонс выклікала хвалю крытыкі.
У пятніцу лідар апазіцыі Пітэр Датан заявіў, што лічыць гэта «жорсткім учынкам», і ён рады, што інфлюенсерка пакінула краіну.
Інтэрнэт-петыцыя з патрабаваннем дэпартаваць Джонс з Аўстраліі набрала больш за 30 000 подпісаў.
Аднак, паколькі супраць Джонс не былі вылучаны абвінавачанні і яе не прызналі пагрозай для краіны, урад не меў юрыдычных падстаў для анулявання яе візы.
У выдаленых каментарах Джонс адзначыла, што «асцярожна трымала дзіцяня на працягу адной хвіліны, а потым адпусціла назад да маці».
«Яны вярнуліся ў кусты разам, абсалютна не пацярпеўшы, — напісала яна. — Я ніколі не шкоджу дзікай прыродзе падчас сваіх здымак».
Але эксперты па ахове прыроды назвалі ўчынак Джонс «адкрытай непавагай» да мясцовай фаўны.
Таварыства абароны вомбатаў заявіла, што яны былі шакаваныя, убачыўшы «неналежныя паводзіны з вомбатам дзеля лайкаў у сацыяльных сетках».
Сюзана Мілторп, кіраўніца аддзела кампаній World Animal Protection Australia, сказала BBC Newsday, што размяшчэнне такога відэа дзеля «таннага кантэнту» — «непрымальнае».
«Гэтым дзіцянятам, напэўна, падалося, што іх схапіў гіганцкі драпежнік», — сказала яна.
Вомбаты, якія паходзяць з Аўстраліі, з’яўляюцца ахоўным відам па ўсёй краіне.
Дзіцяняты вомбатаў маюць моцную сувязь з маці, і любая разлука можа быць для іх стрэсам і нанесці шкоду, кажуць эколагі.
У новым акаўнце ў TikTok, які, як мяркуецца, стварыла Джонс пасля таго, як яе стары акаўнт забанілі, у чацвер з’явіўся допіс пра тое, што яна атрымала шмат нянавісці і сотні пагроз смерці.
«Уявіце, што нехта проста падыходзіць да вашага дзіцяці і пачынае лаяцца на яго? Давайце праявім трохі павагі», — гаворыцца ў допісе.
Аднак большасць людзей працягваюць крытыкаваць учынак Джонс.
«Можа, лепш уявіце, што нехта падышоў, забраў ваша дзіця і смяяўся, пакуль вы крычалі, каб вам яго вярнулі», — напісалі ў каментарах.
Каментары