«Германія вяртаецца»: будучы канцлер Мерц дамовіўся аб рэформе абмежаванняў на дзярждоўг
Гэта неабходна для пераўзбраення, каб рэзка павялічыць выдаткі на абарону і інфраструктуру.

Лідар партыі ХДС/ХСС, што перамагла на выбарах, і верагодны будучы канцлер Фрыдрых Мерц дамовіўся аб рэформе канстытуцыйных абмежаванняў на памер дзярждоўгу, каб рэзка павялічыць выдаткі на абарону і інфраструктуру, піша Бі-бі-сі.
Мерц раней ужо дамовіўся з сацыял-дэмакратамі аб стварэнні кааліцыйнага ўрада. У суме дзве партыі атрымаюць простую большасць у будучым складзе Бундэстагу.
Аднак больш складанай праблемай было тое, што ў Германіі называюць «даўгавым тормазам»: у 2009 годзе ў Канстытуцыю было ўключана палажэнне (артыкул 109, пункт 3), якое абавязвае ўрад балансаваць выдаткі і даходы без прыцягнення пазык.
Гэтае абавязацельства перашкаджала Германіі хутчэй павялічваць выдаткі на абарону, што лічылася неабходным ва ўмовах расійскай агрэсіі супраць Украіны, пагроз з боку Расіі іншым еўрапейскім краінам, а ў апошні час — яшчэ і сумневаў у надзейнасці саюзу з ЗША пры адміністрацыі Трампа, пра што казаў і сам Мерц.
Акрамя таго, жорсткія абмежаванні на пазыкі прывялі да недафінансавання інфраструктуры, і яе зношанасць пачала адчувацца ў паўсядзённым жыцці.
Аднак для змены Канстытуцыі неабходна большасць у дзве траціны галасоў дэпутатаў. У новым складзе Бундэстагу дасягнуць гэтага будзе цяжка: у ім будзе больш дэпутатаў ад радыкальных партый — Левай і асабліва ультраправай «Альтэрнатывы для Германіі» (АдГ), якія выступаюць супраць павелічэння выдаткаў на абарону.
Таму палітыкі-цэнтрысты вырашылі прагаласаваць за змену Канстытуцыі ў цяперашнім складзе парламента, які фармальна захоўвае свае паўнамоцтвы да першага пасяджэння новага Бундэстагу, прызначанага на 25 сакавіка. У старым парламенце ХДС/ХСС, сацыял-дэмакраты і «Зялёныя» маглі б сабраць дзве траціны галасоў, калі б дамовіліся паміж сабой.
Перамовы Мерца з «Зялёнымі» доўжыліся 10 гадзін, але ў выніку будучы канцлер абвясціў пра іх поспех.
Галасаванне па зменах у Канстытуцыю павінна адбыцца ў аўторак, 18 сакавіка. «Левыя» і АдГ спрабавалі аспрэчыць правамоцнасць гэтага пасяджэння ў Канстытуцыйным судзе, але суд адхіліў іх скаргі.
«Германія вяртаецца, — заявіў Мерц. — Германія ўносіць вялікі ўклад у абарону свабоды і міру ў Еўропе».
Аб чым дамовіўся Мерц у дэталях
- Рэзка будуць павялічаны выдаткі на абарону, абарону грамадзянскага насельніцтва і разведку. Выдаткі вышэй за 1% ВУП не будуць улічвацца пры разліку абмежаванняў на пазыкі.
- Будзе створаны спецыяльны фонд у 500 мільярдаў еўра для інвестыцый у інфраструктуру на бліжэйшыя 10 гадоў. 100 мільярдаў еўра з іх будуць накіраваны на мерапрыемствы, звязаныя са зменай клімату.
- 16 нямецкіх земляў таксама змогуць займаць у межах 0,35% ВУП.
- Выдаткі на дапамогу дзяржавам, «якія падвергліся нападу з парушэннем міжнароднага права», таксама не будуць улічвацца пры разліку даходаў і выдаткаў.
Апошняе палажэнне дазволіць дзеючаму канцлеру Олафу Шольцу падпісаць пакет дапамогі Украіне ў 3 мільярды еўра ўжо на наступным тыдні.
Каментары