«Хопіць іх аблізваць». На СТБ прапанавалі прымусіць ZARA размяшчаць беларускую прадукцыю на сваіх паліцах
На СТБ падчас абмеркавання перспектываў эканамічнага супрацоўніцтва ЕАЭС эканаміст Георгій Грыц выступіў, як ён сам абазначыў, «са сваёй навацыяй».

«Вось рытэйлы харчовыя выходзяць, гандлююць. Мы іх прымусілі ў літаральным сэнсе прадаваць беларускую прадукцыю, прытым не дзесьці на ніжняй паліцы. А чаму нельга адной з умоў уваходжання на рынак ZARA, каб яны пэўную долю прадукцыі размяшчалі ў сваіх крамах? Так робіць і Кітайская Народная Рэспубліка. Вось яшчэ адно ноў-хаў», — сказаў Грыц.
На яго думку, добрае правіла гандлю ў Беларусі было б: калі ты ўваходзіш на мясцовы рынак, у цябе павінен быць прылавак ці наменклатура беларуская ў абавязковым парадку.
«Хопіць іх, так бы мовіць, аблізваць», — дадаў ён.
«Гэта абсалютна добрая прапанова, мы абаронім свой рынак», — пагадзілася Таццяна Лугіна, старшыня канцэрна «Беллегпрам».
Каментары