«Наступную серыю я б рабіў пра Бяляцкага». Што чуваць пра серыял «Акрэсціна»?
Рэжысёр Андрэй Курэйчык расказаў «Радыё Свабода», на якім этапе цяпер серыял «Акрэсціна». Здымкі яго праходзілі ў Лукішскай турме ў Вільні, а апублікаваны бэкстэйдж нарабіў шуму.

Да вайны каманда серыяла паспела зняць пілотную серыю. Апошні здымачны дзень быў запланаваны на 25 лютага, але пачалася вайна
«Выканаўца ролі галоўнага героя Яўген Карнавух быў з Херсона, з херсонскага тэатра, а іншы наш акцёр, Ігар Забара больш за месяц праседзеў пад Бучай у сваім доме ля Кіева. Былі цяжкасці. У цэлым першая серыя пра Ціханоўскага, насамрэч, знятая.
На жаль, ёсць праблемы праз тое, што кампанія «Маланка медыя» (нядаўна абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем) не мае досведу працы ў вялікім кіно. Усе матэрыялы знаходзяцца ў Вільні ў «Маланка Медыя» — відэа, гук, мантаж і ўсё іншае, але, на жаль, пакуль яны выпусціць гэта не могуць. У мяне ёсць надзея, што гэты праект сёлета трапіць да гледача. Гэта не мая кампанія робіць, я тут толькі як творчая адзінка выступаю… Серыял варта працягваць. Наступную серыю я б рабіў пра Алеся Бяляцкага. Матэрыялу, на жаль, шмат, і гэта наш боль», — падзяліўся Андрэй Курэйчык.
Рэжысёр расказаў таксама, што працуе цяпер у Ельскім універсітэце ў горадзе Нью-Хэйвэн у штаце Канектыкут.
«Гэта звязана з Беларуссю. Мяне запрасілі сюды на праграму глабальнага лідарства Yale World Fellow 2022.
Я быў першым беларусам, запрошаным сюды за ўсю гісторыю гэтай праграмы. Раней тут былі і Слава Вакарчук з Украіны, і Аляксей Навальны з Расіі, і шмат іншых цікавых людзей. Але з беларусаў я першы. Пасля заканчэння праграмы мне зрабілі прапанову застацца і працаваць тут. І цяпер я выкладчык па тэме «Мастацтва супраціву», «Беларуская літаратура і кіно». Я таксама даследчык па тэме «Халакост у Беларусі». Гэта цікавая праца на найбліжэйшыя гады».
Курэйчык дадаў, што беларусы Амерыкі вельмі адданыя беларускай ідэі і стымулююць яго пераходзіць на беларускую мову. Цяпер і стрымы на сваім ютуб-канале ён часта вядзе па-беларуску.
Каментары