Грамадства1515

«Атрымліваецца выгадна, плюс абсалютна экалагічны прадукт». Як сям'я з Бабруйска робіць бізнэс на баранах

Бабруйчане Іскендэр і Фаціма Іманавы каля сямі гадоў таму купілі ўчастак у вёсцы Міхалёва-1, што за 25 км ад Бабруйска. Там яны трымаюць атару авечак. Цяпер у іх 70 баранчыкаў, а нядаўна даходзіла да 170. Выданне «Вячэрні Бабруйск» даведалася, чаму менавіта бараны, ці клапатная гэта справа і наколькі яна выгадная.

Фаціма і Іскендэр Іманавы

Іскендэр родам з Азербайджана, у Беларусі жыве каля 8 гадоў. Цяпер яму 55. На радзіме ў яго быў свой завод па перапрацоўцы бавоўны. Пасля смерці першай жонкі мужчына, як сам ён прызнаецца, апусціў рукі. За некалькі гадоў страціў практычна ўсё.

А потым прыехаў у Беларусь да сябра, У Бабруйску на плошчы Перамогі пазнаёміўся з Фацімой і гэтае знаёмства яго вярнула да жыцця. Разам яны ўжо восем гадоў. Іх дачцэ Айшэн пяць гадоў, сыну Юсіфу — два з паловай. Зусім хутка чакаюць яшчэ адно дзіця.

Жонка родам з Оршы. Вучылася на мадэльера-канструктара, але перад абаронай дыплома каледж кінула. Жанчына прызнаецца, што заўсёды паважала культуру і традыцыі краін Каўказа. Па гэтай прычыне і сваё імя Ірына на Фаціму памяняла яшчэ ў 17 гадоў. Прапанову Іскандэр ёй зрабіў у першы ж дзень знаёмства, і яна пагадзілася.

«Бараніна — крыніца даўгалецця і мужчынскай сілы»

Пачыналі Іманавы з аднаго курдзючнага барана, потым дадаліся раманаўскія авечкі, за імі і ягняты. Чаму менавіта бараны?

«Неяк землякі-азербайджанцы спыталі, дзе можна купіць барана на шашлык, — успамінае Фаціма. — Мы зайшлі на рынак, бараніны нідзе няма. Вырашылі завесці аднаго маленькага баранчыка, пазней узялі яму дзяўчынку, потым яшчэ аднаго купілі. Паступова дайшло да 30 галоў, суседзі ўжо пачалі скардзіцца, тады мы і вырашылі купіць дом у вёсцы».

Дзеці Іманавых — дачка Айшэн і сын Юсіф

Да вартасцяў бараноў гаспадары адносяць непераборлівасць іх у доглядзе ў параўнанні з тымі ж каровамі. І з бараноў, кажуць, акрамя мяса і малака, можна браць воўну.

«Мяса барана вельмі карыснае, — дапаўняе Іскендэр. — Хто яго рэгулярна ўжывае, той не хварэе. Мы з дзяцінства выраслі на бараніне. Гэта крыніца даўгалецця і мужчынскай сілы. Бацька мой памёр у 120 гадоў, маці цяпер 115. Мама нарадзіла 11 дзяцей, мяне — у 60 гадоў. Мне цяпер 55, жонка на 26 гадоў маладзейшая, я старэйшы за цешчу на два гады!»

Вядома, не толькі бараніну мужчына лічыць асновай здароўя і даўгалецця, а ў цэлым натуральнае харчаванне. Ён кепска разумее, чаму большасць людзей у нас купляюць прадукты ў крамах, калі вакол так шмат пустой зямлі, на якой можна вырошчваць уласную сельгаспрадукцыю і разводзіць жывёлу.

І яшчэ, кажа ён, трэба больш працаваць фізічна, бываць на прыродзе, лячыцца натуральнымі сродкамі. Да прыкладу, той жа казіны тлушч выдатна здымае запаленне: «Калі масажаваць ім хворую спіну, чалавек праз два дні бегаць пачне».

«Мяшанцы» раманаўскай і курдзючнай пароды — найлепшы варыянт»

Цяпер у гаспадарцы ў Іманавых 70 бараноў. Асноўная іх частка — гэта «мяшанцы» раманаўскай і курдзючнай парод. Вопытным шляхам гаспадары прыйшлі да таго, што гэтая мяшанка з'яўляецца найлепшым варыянтам: раманаўская парода забяспечвае колькасць (2-3 ягняці адразу), а курдзючныя даюць добрае мяса.

«Калі трымаць чыста раманаўскую пароду, то трэба мінімум год, каб тушка была 20 кг, — тлумачыць Фаціма. — А пры такой мяшанцы, як у нас, ужо за тры месяцы ягня вырастае вагой да 15 кг, гэта значыць, да восені яно будзе 20 кг. Калі да восені іх рэалізаваць, то не трэба трымаць і карміць зіму. А да вясны будуць новыя. У цёплы час года нашы бараны нагульваюць вагу на пашы, з вясны да восені іх можна стабільна выкарміць на адной траве. Гэта атрымліваецца выгадна, плюс абсалютна экалагічны прадукт».

Іскендэр Іманаў

«Працы трэба будзе шмат і ўкладанняў таксама»

Сваіх бараноў Іманавы водзяць на пашу побач з вёскай. А ў двары для іх ёсць адмысловая агароджа. Каб не рабіць нязручнасцяў суседзям, Фаціма і Іскендэр вырашылі арандаваць асобнае памяшканне за вёскай, каб утрымліваць там сваю жыўнасць. Спачатку арандавалі былы свінакомплекс у Міхалёве, але цана аказалася занадта высокай для іх і яны адмовіліся. Цяпер узялі ў арэнду вялікі хлеў у будынку былой малочнай фермы ў суседняй вёсцы Узнога. Калі ўсё пойдзе паводле плану, то ў будучыні хочуць узяць у карыстанне і другі хлеў. А пакуль неабходна зрабіць рамонт у наяўным памяшканні.

Фаціма і Іскендэр вырашылі арандаваць асобнае памяшканне за вёскай, каб утрымліваць там сваю жыўнасць

«Працы трэба будзе шмат і ўкладанняў таксама, — кажа Іскендэр. — Па прыблізных падліках трэба ўкласці ў рамонт мінімум 5 тысяч даляраў, арэнда памяшкання абыходзіцца ў 120 рублёў на месяц. Прадалі ўжо 100 бараноў, каб пачынаць рамонт. Прапануем супрацоўніцтва тым, хто хоча трымаць авечак, кароў, але не мае для гэтага належных умоў. Мы гатовыя даць месца ў нашым памяшканні на ўзаемавыгадных умовах».

Для развіцця гаспадарам цяпер неабходныя вялікія ўкладанні. На жаль, крэдыт аформіць яны не могуць, бо Іскендэр — іншаземец, а Фаціма знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Таму Іманавы гатовыя прыняць фінансавую дапамогу на ўмовах супрацоўніцтва і агульнага вядзення спраў.

Іманавы ўзялі ў арэнду вялікі хлеў у будынку былой малочнай фермы ў суседняй вёсцы Узнога

Побач з будынкам фермы ім выдзелілі 4 гектары зямлі для вядзення гаспадаркі на 10 гадоў без арэнднага кошту. Там яны могуць касіць сена, пасвіць жывёлу. Таксама гаспадарам далі ў арэнду тры гектары зямлі каля дома на 99 гадоў. Тут яны садзяць збожжавыя культуры.

Фаціма і Іскендэр Іманавы каля дома ў Міхалёва-1

А яшчэ козачкі, паўліны і… бавоўна

Акрамя авечак, у гаспадарцы ў Іманавых пару козачак, цялушак. Ёсць і некалькі паўлінаў, гэтая экзотыка пакуль чыста для любавання. Агародам яны асабліва не займаюцца, на ўсё не хапае часу і сіл. Ёсць думкі вырошчваць цюльпаны, ружы на продаж. Падумваюць рабіць азербайджанскія прысмакі, хлеб, але гэта пакуль у марах.

Дачка Іманавых Айшэн

Сёлета гаспадары ўпершыню пасадзілі бавоўну, проста для эксперыменту. Калі атрымаецца, то будуць прасоўваць ідэю яе вырошчвання ў Беларусі.

«Нядаўна яшчэ і кавуны здаваліся для нас заморскай экзотыкай, а сёння іх многія вырошчваюць у гаспадарках, на асабістых участках», — усміхаецца Фаціма.

Працуюць Іманавы як ППГ (прыватная падсобная гаспадарка).

Прыватная падсобная гаспадарка Іманавых у вёсцы Міхалёва-1 пад Бабруйскам

На продаж — ягняты, мяса і шкуры

Ці вартая аўчынка вырабу? Гаспадары кажуць, што так, але пры правільным падыходзе і не без працы, вядома.

«Такая мяшанка, як у нас — гэта выгадна, — кажа Фаціма. — Трымаць чыста раманаўскую пароду, якая набірае вагу цэлы год, — тады і выдаткі на ўтрыманне большыя. Купляць дарагіх племянных бараноў па 500-1000 даляраў за штуку на мяса — сэнсу няма, гэта будзе «залатое» мяса і яго ніхто не купіць.

Падсобная гаспадарка Іманавых у вёсцы Міхалёва-1 пад Бабруйскам.

Пачым бараны ад Іманавых?

Іманавы прадаюць трохмесячных ягнят па кошце ад 400 да 600 рублёў (у залежнасці ад племянных якасцяў).

Таксама прапануюць лішкі мяса — па 25 рублёў за кіло. Прадаюць толькі тушкамі па 12-15 кг. Неяк адкрывалі павільён на рынку «Паўночны» ў 6-м мікрараёне Бабруйска, але там справа не пайшла, закрылі. Цяпер прапануюць мяса па аб'явах на розных пляцоўках. Кажуць, пакупнікоў хапае. Звяртаюцца кліенты і з Мінска, Магілёва, Гомеля.

Прадаюць гаспадары шкуры бараноў па 50-70 рублёў за штуку — з іх атрымліваецца прыгожыя і цёплыя дыванкі.

Гаспадарка Іманавых у вёсцы Міхалёва-1 пад Бабруйскам

Днямі Іманавы збіраюцца стрыгчы сваіх авечак. А вось што рабіць з воўнай, пакуль не вырашылі. Ці прымаюць яе дзесьці ў нас, высветліць не ўдалося. Везці кудысьці за сотні кіламетраў і здаваць за пару рублёў сэнсу няма — на бензін больш пойдзе. Вырашылі пакуль воўну апрацаваць і зрабіць для сябе матрац і падушкі, бо такія каштуюць вельмі дорага.

Даіць сваіх авечак Іманавы пакуль не спрабавалі. Кажуць, што іх малако добрае для сыроў і кісламалочных прадуктаў. Магчыма, у перспектыве і гэта асвояць.

Практычна з усім муж і жонка спраўляюцца самі. Толькі ўзялі пастуха, які цэлыя дні прыглядае за статкам. Памочнік Мікалай з Бабруйска жыве ў іх вясковай хаце. У горадзе ў яго неяк не склалася, а тут яму падабаецца.

Каментары15

  • Примус
    05.05.2023
    А бараніна халяльная ? У мяне егіпцяне адмовіліся есьці куры, сказалі, маўляў, дай ім пасьведчаньне, што куры халяльныя !
  • mikola
    05.05.2023
    Malaicy ! Pospeha i Udaczy ! 
  • Ёсік
    05.05.2023
    У бараніне тлушчу шмат, я не такое яно ўжо карыснае, забівае сасуды.

Цяпер чытаюць

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта14

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прызнаўся, што спрэчка з Зяленскім у Белым доме была часткай ціску на Украіну12

Настаўніца расказала, як педагогі вымушаны справаздачыцца за паездкі за мяжу6

Ізраіль аднавіў удары па аб'ектах ХАМАС у сектары Газа2

Трамп заявіў, што «многія элементы» мірнага пагаднення ўжо ўзгодненыя3

Лойка: Калаўр мог спрачацца і адвакатаваць такія рэчы, пра якія ніхто іншы заікнуцца не мог7

Распавядаем, што за новую зброю ўжылі ў Сербіі для разгону пратэстаў. Яна ўжо ёсць у Расіі7

Тэлетрансляцыя са стадыёна ў Мінску, які ў 2021 годзе адкрываў Лукашэнка, «небяспечная для здароўя аператараў»1

Венгрыя пагадзілася працягнуць санкцыі супраць Расіі пасля званка Рубіа3

Палітзняволеная Антаніна Канавалава расказала, што ёй прапаноўваў ГУБАЗіК пасля яе вызвалення3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта14

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць