Грамадства

​​«Увесь працэс заняў 10 хвілін». Палітвязень Святаслаў Герасімук і яго дзяўчына ўзялі шлюб у брэсцкім СІЗА

16 сакавіка ў СІЗА-7 Брэста адбылася цырымонія шлюбу палітвязня Святаслава Герасімука і ягонай нявесты Таццяны.

Са Святаславам яны разам ужо 5 гадоў. 22 снежня яго затрымалі па арт. 293 ч. 2. і змясцілі ў СІЗА за ўдзел у акцыі пратэсту пасля выбараў у жніўні 2020-га.

Святаслаў Герасімук з Таццянай. Фота з прыватнага архіву

Таццяна распавяла «Брэсцкай Вясне», як гэта — стаць жонкай палітвязня. Шлюб, заключаны ў такой складанай жыццёвай сітуацыі, толькі ўмацаваў яе перакананні ў тым, што ўсё будзе добра. «Гэта толькі часовыя цяжкасці, якія трэба пераадолець. Галоўнае не здавацца і працягваць ісці наперад. Бо за сваё шчасце трэба змагацца».

У студзені ў адным са сваіх лістоў Святаслаў зрабіў Тані прапанову. Яны доўга не маглі вызначыцца, дзе распісацца — у СІЗА ці ўжо пасля суда, у калоніі. У выніку пара зразумела, што больш чакаць яны не могуць і хочуць узяць шлюб неадкладна.

«Мы не бачыліся 3 месяцы, таму гэты дзень для мяне быў больш, чым асаблівы. Увесь гэты час я бачыла Святаслава толькі ў снах. Да апошняга моманту не магла паверыць, што вось-вось я з ім сустрэнуся ўжывую».

За тыдзень да прызначанай даты нявеста напісала палітвязню пра гэта ў лісце. «Хлопцы ў камеры яму дапамаглі падрыхтавацца. На цырымоніі Святаслаў быў у джынсах, пінжаку і туфлях. Дарэчы, я ніколі да гэтага моманту не бачыла яго ў дзелавым стылі».

Спачатку Таццяну разам з супрацоўніцай ЗАГСа прывялі ў маленькі пакой з абразамі на сценах. Таня вельмі хвалявалася, і жанчына, якая праводзіла цырымонію, усяляк яе супакойвала. Сказала, што пастараецца даць магчымасць пабыць пары разам даўжэй, наколькі гэта будзе магчымым. «Як толькі Святаслава завялі, мы абнялі адно аднаго. У мяне адразу пакаціліся слёзы, але ён папрасіў не плакаць. Вельмі складана было стрымаць эмоцыі, але мне ўдалося. З таго моманту лік часу я згубіла».

Далей работніца ЗАГСа зачытала прамову. Жаніх і нявеста ўвесь гэты час стаялі, трымаючыся за рукі. Ім дазволілі абмяняцца пярсцёнкамі, абвясцілі мужам і жонкай. Завяршылася цырымонія ў СІЗА пацалункам. «Перад тым, як яго павялі, мы яшчэ раз змаглі абняць адно аднаго. Увесь працэс заняў хвілін 10. Але гэтыя 10 хвілін упершыню за 3 месяцы далі мне магчымасць адчуць сябе шчаслівай».

Калі Таня выйшла з СІЗА, яе ўжо сустракалі сябры з кветкамі. «У гэты момант стрымліваць эмоцыі я больш не магла. Адназначна магу сказаць: нягледзячы на абставіны і месца правядзення цырымоніі, гэты дзень стаў адным з найлепшых дзён у маім жыцці».

Са слоў жонкі, Святаслаў Герасімук, нягледзячы ні на што, трымаецца ў СІЗА на пазітыве. «З баявым настроем ён па-ранейшаму верыць у лепшае і ведае, які б тэрмін яму ні далі, у канчатковым выніку ўсё будзе добра. Ён гэтак жа, як і я, гатовы змагацца за сваё шчасце».

Каментары

Цяпер чытаюць

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам1

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Усе навіны →
Усе навіны

На фабрыцы ў Слуцку загінуў электраманцёр: яго збіў недасведчаны кіроўца пагрузчыка

Пуцін: Не слухайце Пяскова, у яго праца такая2

Сілуэт хмарачоса ўжо вымалёўваецца. Як цяпер выглядае шматпакутны «Газпрам Цэнтр» у Мінску ФОТА5

Сталі вядомы магчымыя ўмовы Расіі для спынення агню ва Украіне6

Парашэнка: Зяленскі вядзе Украіну «ў бок дыктатуры»10

Скон тарашкевіцы. Закрыццё «Радыё Свабода» можа завяршыць моўную эпоху46

У квартале «Мінск-Свет» з’явіліся дамы з двухузроўневымі кватэрамі4

Ціханоўская: Дэмакратычныя перамены ў Беларусі гарантуюць 1000 кіламетраў бяспечнай мяжы Еўрасаюзу15

Расійскага коміка затрымалі ў Беларусі за жарты пра ўдзельнікаў СВА. Беларускія сілавікі павесілі на коміка мясарубку12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам1

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць