Меркаванні

Святлана Курс пра тое, ці ёсць яшчэ Беларусь: «Ва мне вапрос так не стаіць». А словы тых, хто застаўся, куды больш значныя за эмігранцкія

Пост Віталя Валянюка на тэму «А ці ёсць яшчэ Беларусь» выклікаў у сацсетках сапраўднае тарнада абмеркаванняў. Рэакцыі і рэфлексіі мелі палярны характар. «Наша Ніва» спытала ў пісьменніцы Святланы Курс, ці ёсць яшчэ Беларусь і дзе цяпер б'ецца сэрца нашай краіны. «Акно магчымасцей з'явіцца, як толькі Расія істотна аслабне», — упэўненая пісьменніца.

Фота: Фэйсбук

«Наша Ніва»: Святлана, дык ці ёсць яшчэ Беларусь? Ці застаецца яна на мапе вашай ментальнасці?

Святлана Курс: Працытую прыўкраснейшую паэму пра Луку Мудзішчава: «Ва мне вапрос так не стаіць!». Разумею, чаму людзі так пытаюцца: яны застаюцца ў Беларусі, дзе на кожнага быццам велізарны камень навалены. Так было, дарэчы, пасля паўстання 1863—64 гадоў. Забіваюць, можа, у меншых колькасцях, але этнацыд ідзе аналагічны.

Калі глядзець на гэты працэс збоку і згары, як я вымушаная сёння рабіць, то не маю аніякіх ваганняў адносна таго, ёсць родная краіна ці няма. Яе існаванне не падлягае сумневу. Многія цяпер настойваюць: паколькі знішчаецца наша вёска, не будзе і краіны, бо не з'явяцца наступныя генерацыі дзяцей — носьбітаў беларускай мовы. Але не пагаджуся з гэтым. Так, вёска давала мноства таленавітых людзей, аднак не менш было і тых, хто пагарджаў уласнай культурай, каб выбіцца ў прыкметныя «рускія». Такія Мікіты Зноскі свайго часу… Але калі няма Беларусі, дык навошта ўвогуле жыць?

«НН»: Масавы ад'езд людзей толькі аддаляе перамены ці ўвогуле ставіць на іх крыж?

СК: Эміграцыя стварае запас людзей, іх рэсурс на нейкай новай платформе, нейкай новай глебе. Яны разносяць Беларусь па свеце ў сваіх душах. Самае ж галоўнае ў нашай краіне не балоты, пушчы, замкі альбо калій — хай складана, але такія рэсурсы аднавіць можна. Людзі — вось што насамрэч каштоўна. І калі яны застаюцца беларусамі ў сваім разуменні, ў сваім сэрцы, то ніяк іх ідэю ды памкненні не ўкрыжаваць.

«НН»: «Мне не хочацца вяртацца, бо я не бачу перспектывы», — можна пачуць ад некаторых. Гэта насамрэч адчай, альбо ўсё ж спроба апраўдаць адаптацыю ў больш спрыяльных еўрапейскіх умовах?

СК: Асабісты выбар, толькі і ўсяго. Калі чалавек баіцца апынуцца ў турме ды ведае, што не вытрывае гадоў шэсць у пракуранай камеры без пасцелі ды з вошамі, то ён з'язджае. Калі ён не гатовы ахвяраваць сваёй будучыняй альбо ў яго ёсць старыя бацькі, што не вытрымаюць зняволення дзіцяці, то таксама чалавек пакуе валізку. Таму не бачу ў гэтым ні адчаю, ні спробы апраўдацца. Здаровая ацэнка ўласных магчымасцяў ды сіл, толькі ўсяго.

Людзям трэба дазволіць гэта — не ўсе героі.

Бо ўмовы, у якіх чалавек можа апынуцца за кратамі, не тое што пагражаюць здароўю, а натуральным чынам забіваюць. Зірніце, колькі палітвязняў захварэла на анкалогію за апошнія месяцы… Некаторыя з-за хвароб ужо пайшлі з жыцця, а Вітольда Ашурка ўвогуле забілі.

Фота: Фэйсбук

Дарэчы, вось яшчэ што б адзначыла. Людзі з-за стрэсу парабіліся мала стрыманымі, балюча рэагуюць на кожную зачэпку. Тыя, хто з'ехаў, прагнуць выказацца, абгрунтаваць сваю пазіцыю. Але ім не даюць, маўляў: «Зваліў, то сядзі ўжо і не суйся»… Соль, канечне, у гэтым ёсць.

Але трэба разумець кропку гледжання кожнага чалавека. Не абавязкова яе прымаць, але разумець неабходна. Хай сабе ў нашых галасоў і розная вага:

словы тых, хто застаўся, куды больш значныя за эмігранцкія. Бо людзі з замежжа альбо не адчуваюць усіх нюансаў, альбо адчуваюць інакш, чым ёсць насамрэч у Беларусі.

Да таго ж тыя, хто з'ехаў, не рызыкуюць нічым, а тыя, хто застаўся на радзіме, пастаянна ставяць жыццё пад удар.

«НН»: Калі будзе наступнае акно магчымасцей у беларусаў, што засталіся на радзіме — і з чым яно можа быць звязанае?

СК: Ведаеце, ужо шмат разоў памылялася ў прагнозах. Прынамсі ў часе іх здзяйснення — разыходжанне складала прыкладна 10-15 гадоў. Таму сфармулюю асцярожна:

акно магчымасцей з'явіцца, як толькі Расія істотна аслабне.

У гістарычнай перспектыве гэта даволі блізкі працэс, пасля чаго беларусам хуценька трэба будзе ўмацавацца як нацыі. Не толькі тым, хто застаўся: людзі, што з'ехалі, будуць патрэбныя на радзіме з ведамі, якія яны прыдбаюць.

Таму вельмі істотна захаваць еднасць. Не спрачацца за пусты мех, не вышукваць агентаў у наваколлі, не дзейнічаць метадамі «сектаў», што існуюць цяпер у нашым палітычным ды грамадскім жыцці, а весці дыялог. Прычым выключна наконт важных пытанняў.

«НН: Як даецца рэфлексія па Беларусі вам?

СК: Ведаеце, чым чалавек файны? Тым, што эластычны, быццам мячык, які сціскаеш рукой.

Цяпер беларусаў Бог плюшчыць — магчыма, мускулатуру трэніруе — і часамі даводзіцца цяжка. Таму рэфлексія патрэбная ўсім.

Як яе сабе дазваляю? Ды адпаведна старой беларускай тэхналогіі, дзе бокам, дзе скокам (смяецца). Алкагольчык, спорцік, праца, сустрэчы з выбітнымі людзьмі — іх цяпер процьма навокал.

Напрыклад, наконадні завітала на кватэрнік беларускіх літаратараў. І там Андрэй Хадановіч чытаў свае пераклады з Ізі Харыка. Гэта быў сапраўдны катарсіс — адначаснае ачышчэнне і далучэнне да сапраўднага мастацтва, вартага сусветнай увагі. Набралася сіл прыкладна на год наперад.

«НН: Згодныя з тым, што Беларусь — гэта цяпер ужо пра адчуванне, а не месца жыхарства?

СК: Згодная. Была мала знаёмая з прадстаўнікамі папярэдніх хваль беларускай эміграцыі. Але заўсёды мела адчуванне, што яны трохі старасвецкія. Кажу так у пазітыўнай канатацыі, бо тыя людзі захавалі традыцыі, моўныя інтанацыя, такія мілыя дробязі былога, што пасля пазнікалі ў ліхалецці ХХ стагоддзя.

Фота: Паўлюк Быкоўскі

Цяпер жа наша эміграцыя па-сапраўднаму мадэрновая. Скажам, беларускія аўдыякніжкі запісвае бліскучы паспяховы айцішнік, што робіць прарывы ў прафесійнай галіне. Хіба ж не цудоўна?

«НН: Пабачыў яшчэ адно цікавае параўнанне. Ад'езд з Беларусі — быццам выхад са складаных сузалежных стасункаў. І толькі па-за межамі краіны разумееш іх сапраўдную таксічнасць.

СК: Не ведаю, як карэктна сфармуляваць думкі, бо тут вельмі тонкая матэрыя. Мяркую збольшага па сваіх сябрах з Фэйсбука — яны ледзьве трымаюць галаву над вадою акіяна адчаю навокал. Тым не менш, калі выязджаеш, таксама разумееш ды адчуваеш на сабе ўсю тую беларускую таксічнасць. Гэта ўсё роўна, што дыхаць у гліцэрыне, вельмі складана… Што рабіць? Хіба нейкія антыгліцэрынавыя жабры нарасціць. Беларусы ў гэтым сэнсе вялікія майстры.

«НН»: Пры канцы размовы, паўтару за геніяльным мастаком: хто мы, адкуль мы і куды ідзём?

СК: Мы класны, прыгожы народ, які выжыў, нягледзячы ні на што. Яго чакае бліскучая будучыня: мы будзем хадзіць-раскідваць ружы з капелюша ды распаўсюджваць вакол сябе, як той казаў, святло ды салодкасць. Я ў гэтым перакананая, бо помню 90-я гады мінулага стагоддзя. Мы, беларусы, такімі і былі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам1

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Усе навіны →
Усе навіны

На фабрыцы ў Слуцку загінуў электраманцёр: яго збіў недасведчаны кіроўца пагрузчыка

Пуцін: Не слухайце Пяскова, у яго праца такая2

Сілуэт хмарачоса ўжо вымалёўваецца. Як цяпер выглядае шматпакутны «Газпрам Цэнтр» у Мінску ФОТА5

Сталі вядомы магчымыя ўмовы Расіі для спынення агню ва Украіне6

Парашэнка: Зяленскі вядзе Украіну «ў бок дыктатуры»10

Скон тарашкевіцы. Закрыццё «Радыё Свабода» можа завяршыць моўную эпоху46

У квартале «Мінск-Свет» з’явіліся дамы з двухузроўневымі кватэрамі4

Ціханоўская: Дэмакратычныя перамены ў Беларусі гарантуюць 1000 кіламетраў бяспечнай мяжы Еўрасаюзу15

Расійскага коміка затрымалі ў Беларусі за жарты пра ўдзельнікаў СВА. Беларускія сілавікі павесілі на коміка мясарубку12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам1

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць