Грамадства22

Як Чыж і яго таемны літоўскі партнёр зарабілі мільярды на хітрай нафтавай схеме

Бізнэсовец Юрый Чыж і яго літоўскі партнёр Вітальд Тамашэўскі зарабілі мільярды долараў, атрымаўшы ад дзяржавы доступ да танных расейскіх нафтавых рэсурсаў. Іх яны перапрадавалі пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Бізнэс-сувязі Чыжа і Тамашэўскага ў Беларусі працягваюцца да гэтага часу, піша Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

На сумесныя праекты Чыжа і Тамашэўскага беларускія ўлады неаднаразова выдзялялі грошы з дзяржаўнага бюджэту. Бізнэсменам давалі льготы і эксклюзіўныя магчымасці для павелічэння іх даходаў.

Вітальд Тамашэўскі, калаж 15min.lt

Пасля супрацы з Чыжом Вітальд Тамашэўскі набыў вілы і апартаменты ў Еўропе. У яго распараджэнні таксама дарагія аўтамабілі і прыватны самалёт.

Бізнэс-імперыя Юрыя Чыжа не цалкам разбураная, нягледзячы на ​​дзве крымінальныя справы супраць яго. Шэраг актываў бізнэсмена кантралююць ягоныя сваякі і набліжаныя.

Беларускі бізнэсмен Юрый Чыж лічыўся галоўным кашальком Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расійскай нафты, ён з дапамогай свайго партнёра ўсяго за паўтара года зарабіў на Беларусі больш за 5 мільярдаў долараў на маніпуляцыях з растваральнікамі і разбаўляльнікаміі. Крыніца БРЦ пацвердзіла, што ажыццявіць гэтую схему ўдалося праз кампанію Savoil LLP літоўскага бізнэсмена Вітальда Тамашэўскага.

Доступ да нафтавага крана

У жніўні 2011 года Тамашэўскі заснаваў у Сінгапуры кампанію Savoil LLP для гандлю палівам і алівамі.

Усяго за пяць месяцаў партнёр Чыжа атрымаў праз гэтую фірму 800 мільёнаў даляраў. А ўжо па выніках 2012 года выручка новай кампаніі склала прыкладна пяць мільярдаў даляраў.

Прыкладна ў такую ​​ж суму эксперты ацэньваюць прыбытак беларускіх бізнэсменаў на схеме з растваральнікамі і разбаўляльнікамі.

З дазволу Лукашэнкі ў 2011-2012 гадах пад выглядам гэтых рэчываў з Беларусі вывозілі расейскія нафтапрадукты без выплаты экспартнай пошліны. У гэтым бізнэсе ўдзельнічала і кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа. 

Экспартны бум растваральнікаў і разбаўляльнікаў беларуская статыстыка пачала фіксаваць з верасня 2011 года, гэта значыць праз месяц пасля таго, як літоўскі партнёр Чыжа зарэгістраваў Savoil LLP. 

Крыніца ў бізнэс-колах пацвердзіла БРЦ, што менавіта праз гэтую сінгапурскую кампанію ў асноўным гандлявалі растваральнікамі і разбаўляльнікамі. 

На схеме з растваральнікамі і разбаўляльнікамі супрацоўніцтва Чыжа і Тамашэўскага не скончылася. Паводле выпіскі з беларускага Мінюста, яны дагэтуль валодаюць СТАА «НафтаХімТрэйдынг». Юрый Чыж — як фізічная асоба, а Вітальд Тамашэўскі праз брытанскую фірму Globecast Limited

Аднак літоўскі бізнэсовец кантакты, што працягваюцца з беларускім партнёрам, адмаўляе.

«Вітальд Тамашэўскі з 2013 года выйшаў з усіх сумесных праектаў з Юрыем Чыжом і не з'яўляецца яго партнёрам. Таксама з 2014 года Вітальд Тамашэўскі не быў у Беларусі і ніякіх кантактаў з Юрыем Чыжом не падтрымлівае», — сказаў прадстаўнік Вітальда Тамашэўскага. 

Даўні партнёр 

Юрый Чыж і Вітальд Тамашэўскі знаёмыя каля 20 гадоў. З дапамогаю «Кіберпартызанаў» даведаліся, што з 2005 года літовец лётаў з Чыжом у Стамбул, Берлін, Парыж і іншыя гарады. 

Прыязджаць у Беларусь на машыне Тамашэўскі пачаў яшчэ раней, у 2003 годзе.

Чыж тады якраз пачаў будаваць першы гіпермаркет Prostore. У 2008 годзе саўладальнікам кампаніі «Прастор-Трэйд», якая кіруе гандлёвымі цэнтрамі з крамамі ProStore, стане брытанская кампанія Redcast Limited, звязаная з Тамашэўскім.

У тым жа 2008 годзе праз іншую брытанскую фірму, Globecast Limited, літовец атрымаў долю ў кампаніі «НафтаХімТрэйдынг», якая да гэтага часу звязвае яго з Чыжом.

На момант знаёмства з Тамашэўскім Юрый Чыж ужо заручыўся даверам Лукашэнкі і атрымаў доступ да нафтавай галіны. У пачатку 2000-х кампанія Чыжа «Трайпл» замяніла на нафтавым рынку Беларусі ранейшых гульцоў — «Юколу», «Юрымекс» і «Швебел». А напрыканцы дзесяцігоддзя фірма прыйшла і ў іншыя сферы: заснавала фармацэўтычны завод, пачала будаваць жыллё для вайскоўцаў, атрымала прывабныя ўчасткі пад забудову ў Менску і ўзвяла лядовую арэну ў роднай для Чыжа Бярозе. Сам бізнэсмен у той час быў суседам Лукашэнкі ў элітным пасёлку Дразды. 

Давер прэзідэнта Чыжу распаўсюджваўся і на яго кампаніі. У 2007 годзе «Трайпл» выкупіла Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў без правядзення тэндару. У 2012 годзе іншае прадпрыемства Чыжа, «КварцКрэйдПрам», атрымала для распрацоўкі радовішча пяску і крэйды ў Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці, зноў жа без аўкцыёну. Агульны кошт праекта ацэньваўся ў 105 мільёнаў долараў.

Спрыяльнасць Лукашэнкі распаўсюджвалася і на сумесныя праекты сям'і Чыжа з Тамашэўскім — напрыклад, свінакомплекс «Данпрод» у Валожынскім раёне. Улады ўключылі прадпрыемства ў рэспубліканскую праграму па мадэрнізацыі і выдалі льготны крэдыт амаль на 40 мільёнаў еўраў. 

Асноўным уладальнікам «Данпрод» з'яўляецца старэйшы сын Чыжа Сяргей, а Тамашэўскі да 2020 года меў у ім долю праз кіпрскую афшорную кампанію Redcast Holdings Limited.

Але галоўным сумесным праектам Чыжа і Тамашэўскага стала тая самая схема з растваральнікамі-разбаўляльнікамі, на якой яны праз «Трайпл» і Savoil LLP зарабілі прыкладна 5 мільярдаў даляраў — гэта 7% беларускага ВУП. Ідэю гэтай схемы прыпісваюць тагачаснаму падначаленаму Чыжа Аляксею Алексіну. 

З дапамогай «Кіберпартызанаў» даведаліся, што ў 2011—2012 гадах ён якраз падарожнічаў у кампаніі свайго начальніка і яго літоўскага партнёра. 

Сам Тамашэўскі ў 2017 годзе, падчас рэгістрацыі кампаніі HNSL Trading LTD у сакрэтнай юрысдыкцыі на Брытанскіх Віргінскіх выспах, прызнаўся, што зарабіў сваё багацце менавіта на гандлі нафтапрадуктамі праз кампанію Savoil LLP.

Як літовец Тамашэўскі выдаткоўваў заробленыя ў Беларусі грошы 

Схему з растваральнікамі і разбаўляльнікамі спыніў тагачасны расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў у канцы 2012 года. Менавіта тады самалёт з Тамашэўскім апошні раз вылецеў у Мінск з іспанскага Алікантэ.

У гарах гэтага курорта ў Вітальда Тамашэўскага ёсць участак на тры тысячы «квадратаў», на якім размешчаная шыкоўная віла з басейнам.

Ёй кіруе іспанская кампанія Тамашэўскага DOMUS UNIQ SL.

Кошт нерухомасці можа дасягаць 15 мільёнаў даляраў — менавіта ў столькі ацэньваюцца актывы DOMUS UNIQ SL.

Яшчэ адна рэзідэнцыя партнёра Чыжа — віла на ўчастку ў 3 тысячы «квадратаў» ля падножжа швейцарскіх Альпаў з відам на возера Лугана.

Падобныя дамы ў наваколлях каштуюць каля 13 мільёнаў еўра.

Ёсць у літоўскага бізнэсмена нерухомасць і на радзіме, у Вільні. Пяціпакаёвая кватэра плошчай амаль 200 квадратных метраў размешчаная ў сэрцы старога горада. Сярэдні рынкавы кошт — амаль паўмільёна еўра. Нерухомасцю кіруе літоўская фірма EC Turtas, якой валодае Тамашэўскі.

У распараджэнні гэтай кампаніі таксама два дарагія аўтамабілі — Ferrari California і Rolls-Royce Wraith.

Таксама ва ўласнасці Тамашэўскага — прыватны бізнэс-джэт Боінг-737 з бартавым нумарам EI-TVG. Самалёт быў зроблены ў 2014 годзе, а ў 2016 годзе зарэгістраваны на фірму Hansel Jet Ireland Limited, яшчэ адзін актыў Тамашэўскага.

Цяпер такі бізнэс-джэт каштуе прыкладна 90 мільёнаў даляраў.

Швейцарская віла з'явілася ў Тамашэўскага ў 2007 годзе, а іспанская, як і апартаменты ў Вільні, — у 2014 годзе.

Атрымліваецца, транспарт і некаторую нерухомасць у Еўропе ён набыў пасля перыяду партнёрства з Чыжом. 

Супрацоўніцтва без тэрміну даўнасці 

Цяпер Тамашэўскі займаецца нафтавым бізнэсам у Расеі. Праз кампанію «Інвест Трэйд» звязаны з распрацоўкай радовішча «Каменскае» ў Рэспубліцы Комі. 

Тамашэўскі валодае паловай фірмы праз кіпрскі актыў Senistano Holdings Limited.

Астатнія 50% належаць кампаніі Nemerson Finance Limited, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах. За гэтай фірмай стаіць былы віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Валерый Субоцін, што стала вядома са злітай перапіскі работнікаў «Інвест Трэйд».

Гэтую інфармацыю Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру таксама пацвердзіў былы топ-менеджар «Інвест Трэйд». 

Паводле звестак расейскай асацыяцыі «АсаНафта», у 2019 годзе кампанія Тамашэўскага і Субоціна здабыла амаль 12 тысяч тон нафты. У 2020 годзе яна павялічыла здабычу яшчэ на 5 тысяч тон. Дадзеных па здабычы за мінулы год у публічным доступе няма, аднак вядома, што ў 2021 годзе чысты прыбытак «Інвест Трэйд» склаў больш за 10 мільёнаў еўра.

У Юрыя Чыжа, беларускага партнёра Тамашэўскага, наколькі нам вядома, такіх даходаў няма, як і нерухомасці ў Еўропе. У сакавіку 2016 года на яго завялі справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прымусілі кампенсаваць страту 11—12 мільёнаў долараў. У верасні 2016 года Чыж выйшаў на волю, але ў сакавіку 2021 года яго затрымалі па новай справе — таксама ўхіленне ад выплаты падаткаў. Бізнэсмен выйшаў на волю па памілаванні, як пісалі ў СМІ, сёлета ў верасні.

Разам з прыхільнасцю Лукашэнкі Чыж страціў не ўвесь свой бізнэс і, як паказвае гэтае расследаванне, не ўсіх уплывовых партнёраў. Частка ягоных актываў запісаная на дзяцей, яшчэ некалькі выкупілі звязаныя з ім людзі. 

Так, недабудаваны турыстычны комплекс каля вёскі Сабалі, які па ўказе Лукашэнкі ўзводзіў Чыж, на аўкцыёне набыла кампанія «Прасторытэйл». Яна кантралюецца расейскай фірмай «СтандартІнвест», і раней ёй запраўляла жонка былога кіроўцы Чыжа Марыя Чорненькая. Цяпер «СтандартІнвестам» валодае зямлячка Чыжа Ганна Папова. 

Ёй жа належыць кампанія «Рос-ВТС», якая арандуе запраўкі ў «НафтаХімТрэйдынг» — той самай фірмы, якую да гэтага часу разам кантралююць Чыж і Тамашэўскі.

Папова таксама валодае крамамі ProStore і рэстаранам «Залаты грабеньчык». 

Старэйшы сын Чыжа Сяргей запраўляе прадпрыемствам «Данпрод» па вытворчасці беконнай свініны ў Валожынскім раёне.

Малодшы сын Уладзімір кантралюе завод «ТрайплФарм», які выпускае антыбіётыкі.

Некалькі месяцаў таму іншае яго прадпрыемства выкупіла на аўкцыёне паляўнічую гаспадарку Юрыя Чыжа.

У справе і дачка Таццяна: яна асноўная ўладальніца рэстарана-бровара «Ракаўскі бровар».

Маці Таццяны, Святлана Чыж, валодае двухпакаёвай кватэрай ацэначным коштам 80 тысяч даляраў.

Свой двухпавярховы катэдж у Драздах Юрый Чыж, па паведамленнях СМІ, перапісаў на нявестку незадоўга да таго, як яго арыштавалі другі раз. Цяпер дом ацэньваецца ў 720 тысяч даляраў.

Ганна Папова адмовілася ад каментароў. Мы перадалі нашыя пытанні для Юрыя Чыжа ягонай памочніцы і чакаем адказ. 

Атрымліваецца, гісторыя бізнэс-імперыі Юрыя Чыжа яшчэ не скончаная — як, магчыма, і яго крымінальная гісторыя. СМІ сцвярджалі, што заснавальнік «Трайпла» страціў давер Лукашэнкі з-за таго, што ў свае найлепшыя гады нібыта вывез з Беларусі каля мільярда долараў і схаваў яго за мяжой. БРЦ будзе сачыць за лёсам гэтых грошай і за тым, што Юрый Чыж будзе рабіць на волі.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena і пры падтрымцы OCCRP і «Кіберпартызанаў».

Працяг аб справах літоўскага партнёра Юрыя Чыжа чытайце ў лістападзе на партале літоўскага расследавальніцкага цэнтра Siena.

Каментары2

  • Serge
    31.10.2022
    Недакладная інтэрпрэтацыя: не зарабіў 5 мільярдаў, а меў таваразварот (trading volume) блізка да 5-ці мільярдаў, а зарабіў насамрэч 80 мільёнаў (income), што таксама нямала, але гэта 1,6% ад таваразвароту.
  • .
    31.10.2022
    А Саша Лукавый так и не причем?)))

Цяпер чытаюць

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Грамадствабудзе дапоўнена

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін: Не слухайце Пяскова, у яго праца такая2

Сілуэт хмарачоса ўжо вымалёўваецца. Як цяпер выглядае шматпакутны «Газпрам Цэнтр» у Мінску ФОТА5

Сталі вядомы магчымыя ўмовы Расіі для спынення агню ва Украіне6

Парашэнка: Зяленскі вядзе Украіну «ў бок дыктатуры»10

Скон тарашкевіцы. Закрыццё «Радыё Свабода» можа завяршыць моўную эпоху46

У квартале «Мінск-Свет» з’явіліся дамы з двухузроўневымі кватэрамі4

Ціханоўская: Дэмакратычныя перамены ў Беларусі гарантуюць 1000 кіламетраў бяспечнай мяжы Еўрасаюзу15

Расійскага коміка затрымалі ў Беларусі за жарты пра ўдзельнікаў СВА. Беларускія сілавікі павесілі на коміка мясарубку12

Лукашэнка абмеркаваў з Рыжанковым «крокі па аднаўленні даверу з заходнімі краінамі»23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Грамадствабудзе дапоўнена

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць