Пра знішчэнне сірыйскага флоту паведаміў міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац падчас наведвання базы ВМС у Хайфе, піша The Times of Israel.

Караблі вайскова-марскіх сіл Ізраіля знішчылі сірыйскі вайсковы флот у панядзелак увечары, заявіў міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац. Паводле яго слоў, аперацыя была праведзена ў рамках кампаніі па ліквідацыі стратэгічных пагроз Ізраілю, паведамляе Reuters.
Арабскія медыя раней распаўсюдзілі фатаграфіі і відэазапісы, на якіх бачныя патанулыя сірыйскія вайсковыя караблі ў порце Латакіі, якія атрымалі пашкоджанні пасля ізраільскай атакі.
Акрамя таго, міністр абароны Ізраіля заявіў, што ЦАХАЛ умацоўваецца ў буфернай зоне «паміж Сірыяй і Галанскімі вышынямі». Кац заклікаў стварыць на поўдні Сірыі «стэрыльную абарончую зону» без пастаяннай прысутнасці ізраільскіх сіл, каб прадухіліць любую пагрозу Ізраілю.
Reuters таксама паведамляе, што Ізраіль у аўторак нанёс авіяўдары па вайсковых аб'ектах па ўсёй тэрыторыі Сірыі і знішчыў дзясяткі верталётаў і самалётаў. Ізраільскія крыніцы паведамляюць, што раней на гэтыя аб'екты спрабавалі пракрасціся баевікі «Хезбалы».
Турцыя, Егіпет, Катар і Саудаўская Аравія асудзілі дзеянні Ізраіля.
Каментары