Пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кіт Келаг заявіў у панядзелак, што ніхто не будзе навязваць Кіеву мірнае пагадненне і што пытанні пра тое, ці дасць Вашынгтон гарантыі для любых будучых еўрапейскіх міратворцаў, будуць разгледжаныя пазней, піша «Голас Амерыкі».

У аўторак высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі, у тым ліку дзяржсакратар Марка Рубіа, павінны сустрэцца з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым для перамоў, прысвечаных спыненню вайны ва Украіне і адносінам паміж Расіяй і ЗША.
Кіт Келаг у гэтых перамовах удзельнічаць не будзе. Замест гэтага ён на гэтым тыдні наведае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве. Келаг паведаміў журналістам у штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі, што ніхто не будзе навязваць дамову «абранаму лідару суверэннай нацыі».
Ён таксама пацвердзіў, што вядзе перамовы з еўрапейскімі саюзнікамі, якія настойваюць на ўдзеле ў перамовах, але, паводле яго меркавання, удзел усіх бакоў немагчымы.
Вашынгтон накіраваў у еўрапейскія сталіцы запыты адносна таго, якую дапамогу яны могуць аказаць у забеспячэнні гарантый бяспекі Украіны. Лідары Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Польшчы, Італіі, Іспаніі і Нідэрландаў, а таксама высокія прадстаўнікі НАТА і ЕС правялі экстранную нараду ў Парыжы ў панядзелак.
Вялікабрытанія, Швецыя і Германія заявілі, што гатовыя накіраваць міратворцаў ва Украіну пры ўмове наяўнасці выразнага і прымальнага мандата. Шматлікія чыноўнікі падкрэслівалі, што яны разгледзяць магчымасць адпраўкі войскаў ва Украіну толькі ў тым выпадку, калі ЗША дадуць гарантыі бяспекі.
Адказваючы на пытанне, ці пойдуць ЗША на гэта, Келаг заявіў, што палітыка прэзідэнта Трампа заўсёды была такой, што «нічога нельга выключаць».
«Перш чым будуць завершаныя якія-небудзь абмеркаванні і (дадзеныя) гарантыі бяспекі, усё гэта, безумоўна, будзе абмяркоўвацца, — сказаў ён. — Адказы на гэтыя пытанні будуць вызначаныя па меры таго, як пачнецца канчатковы працэс».
Каментары