У ЗША пачасціліся крадзяжы неабсмажанай кавы на фоне росту коштаў на зерне
Каб прадухіліць крадзяжы, некаторыя імпарцёры ўкладваюць адсочвальныя прылады ў мяшкі з зернем.

У ЗША рэзка павялічылася колькасць крадзяжоў грузаў з неабсмажанымі кававымі зернямі на фоне росту цэн на каву да рэкордных узроўняў у мінулым годзе, паведамілі транспартныя кампаніі, піша «Голас Амерыкі».
Праблема абмяркоўвалася на мінулых выходных удзельнікамі рынку ў Х'юстане ў межах штогадовай канферэнцыі Нацыянальнай асацыяцыі кавы ЗША.
ЗША з’яўляюцца найбуйнейшым спажыўцом кавы ў свеце. Паколькі кававыя зерні вырошчваюцца толькі ў цёплых рэгіёнах, краіна вымушана імпартаваць амаль 100% сыравіны і перавозіць мільёны мяшкоў з кавай з партоў на абсмажвальныя заводы — пераважна на грузавіках.
«У мінулым годзе было зафіксавана некалькі дзясяткаў крадзяжоў, тады як раней такія выпадкі здараліся вельмі рэдка», — расказаў Тод Костлі, каардынатар па продажах лагістычных паслуг у грузавой брокерскай кампаніі Hartley Transportation з Нью-Гэмпшыра.
Раней крадзяжы кавы фіксаваліся ў краінах-вытворцах, такіх як Бразілія і В’етнам, галоўным чынам на фермах, дзе зерне часова захоўваецца пасля збору ўраджаю. Гэтыя месцы больш уразлівыя, бо знаходзяцца ў ізаляваных раёнах.
У студзені ўзброеныя злачынцы выкралі 500 мяшкоў кавы з фермы ў бразільскім штаце Мінас-Жэрайс, паведамілі мясцовыя праваахоўныя органы. Шкода ацэньваецца прыкладна ў 230 тысяч даляраў.
У ЗША крадзяжамі займаюцца арганізаваныя злачынныя групоўкі, якія маскіруюцца пад транспартныя кампаніі.
Паводле слоў Костлі, махляры ствараюць фіктыўныя транспартныя фірмы і прапануюць імпарцёрам выгадныя ўмовы або аператыўную падачу грузавікоў.
«Імпарцёрам варта ўважліва правяраць, з кім яны працуюць», — адзначыў ён. — «Як толькі [махляры] атрымліваюць каву, яны знікаюць».
Адзін грузавік перавозіць каля 20 тон неабсмажаных кававых зерняў, што пры бягучых рынкавах цэнах эквівалентна прыкладна 180 тысячам долараў.
Некаторыя ўдзельнікі рынку мяркуюць, што злачынныя групоўкі спрабуюць прадаць украдзеную каву невялікім абсмажвальным кампаніям, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі з-за росту коштаў.
У спробе абароніць свае пастаўкі, некаторыя імпарцёры пачалі ўкладваць у мяшкі з кавай адсочвальныя прылады.
Каментары