Грамадства22

«Адкуль бяру ідэі? Пад нагамі!» У Гомелі школьны настаўнік стварае копіі старажытных замкаў і шмат чаго яшчэ

Школьны настаўнік працы Антон Базыленка і сам не ведае, адкуль у яго такая любоў да дрэва. У кожным карчы мужчына бачыць патэнцыйны выраб: шкатулку, куфар або падстаўку пад гарачае. А пачалося ўсё пятнаццаць гадоў таму з альховай дранкі, якую хацелі адправіць ва ўтыль, пакуль не ўмяшаўся будучы майстар, піша гомельскае выданне «Белка».

«Толькі не выкідвайце!»

Антон Базыленка ўспамінае, як аднойчы зазірнуў да калегі ў школьную майстэрню. Тады ён яшчэ выкладаў гісторыю і нават не задумваўся пра гэблікі і малаткі.

«Хтосьці прынёс у кабінет альховыя рэйкі і папрасіў зрабіць з іх рамкі. Пасля працы на стале настаўніка засталіся невялікія тонкія трэскі. Я звярнуў увагу на «некандыцыю» — у алешыны быў прыгожы насычаны колер. І вырашыў падарыць трэскам другое жыццё», — успамінае Антон Базыленка.

Крыху пазней майстар-аматар зрабіў з іх фігуркі-абстракцыі. І пайшло-паехала! Шкатулкі, скрыні, падсвечнікі, ключніцы, вешалкі, скарбонкі — чаго толькі няма ў калекцыі педагога. Але галоўнае, што ўсе рэчы маюць сваё прызначэнне і могуць выкарыстоўвацца ў побыце, а не пыліцца на паліцах.

Дапаможнік з дрэва

Новае хобі так захапіла майстра, што ў выніку ён заняўся стэндавым мадэляваннем і архітэктурным макетаваннем, а ў школе пачаў выкладаць працоўнае навучанне.

Ствараючы копіі замкаў, цэркваў, мастоў і сядзіб, Базыленка да працэсу заўсёды падыходзіць грунтоўна — звяртаецца да прац вядомых дойлідаў і археолагаў. Часам пакарпець над увасабленнем у жыццё ідэі даводзіцца не адзін месяц. Затое вынік заслугоўвае стаць выставачным экспанатам.

Дарэчы, у 2015 годзе ў гісторыка-працавіка ўжо была персанальная выстава. Наведвальнікі атрымалі магчымасць разгледзець у дэталях драўляныя копіі Гомельскага замка XV-XVI стагоддзяў і многіх іншых унікальных збудаванняў.

«Кожны макет — гэта і новы вопыт, і новыя веды. Асабліва для маіх вучняў. Калі я ім паказваю, як стваралася копія той ці іншай архітэктурнай славутасці, пытанні льюцца як з рога дастатку. Пагадзіцеся, гледзячы на карцінку ў падручніку, такога эфекту не атрымаеш», — упэўнены суразмоўца.

Сёння ў калекцыі Антона Базыленкі — сялянскія і панскія сядзібы, знакамітая Камянецкая вежа і нават копія дома, дзе нарадзіўся Якуб Колас. Спыняцца майстар не плануе. Зусім хутка абяцае заняцца рэканструкцыяй Навагрудскага замка, у рэальнасці разбуранага амаль дашчэнту.

Любоў да працы праз вогнішча

Часцей за ўсё матэрыялам для чарговай працы становяцца звычайныя скрыні, у якіх перавозяць садавіну.

«Прыходжу на рынак або ў краму, пытаюся, ці можна забраць драўляную тару. Звычайна пытанняў не ўзнікае, адмаўляюць рэдка. Усё роўна скрыні потым адправяцца ў смецце. Дык чаму б не зрабіць з іх нешта вартае?» — упэўнены педагог.

Акрамя тары з крамы, у ход ідуць стары паркет і дошкі для аздаблення, якія страцілі прывабны выгляд. Нядрэнным матэрыялам Антон Базыленка называе галіны хвоі, якія, праляжаўшы пару гадоў на лясной падсцілцы, набываюць такое цікавае адценне, што іх нават не трэба апрацоўваць марылкай.

А вось старая мэбля для працы не падыходзіць, таму што амаль уся зробленая з ДСП.

Самай капрызнай сыравінай настаўнік працы называе асіну. І больш за ўсё марыць пра мораны дуб і эбенавае дрэва. Як звычайна, увасобіць мары ў рэальнасць перашкаджае проза жыцця — цана на гэтую драўніну проста зашкальвае.

На думку педагога, патэнцыял і жаданне працаваць у майстэрні ў сучасных школьнікаў ёсць. Але цікавасць да дрэва і інструментаў трэба прышчэпліваць праз стварэнне патрэбных у побыце рэчаў. На апошнім уроку, напрыклад, ён вучыў дзяцей рабіць скарбонкі ў выглядзе хатак.

Самай жа простай, але функцыянальнай рэччу настаўнік называе «касцёр» — шматразовую падстаўку пад гарачае. Больш складаныя вырабы годна прадстаўляюць школу на розных конкурсах.

«Нашы вучні не раз удзельнічалі ў конкурсах, у тым ліку нацыянальнага ўзроўню: «Энергамарафон», «Архнавацыі» і «100 ідэй для Беларусі». Сярод хлопцаў у мяне нават ёсць «давераныя асобы» — падмайстры. Звяртаючыся да іх пры падрыхтоўцы да конкурсу, ведаю, што ўсё будзе «зэр гуд» — ад ідэі да рэалізацыі. За нашы праекты ніколі не было сорамна.

У сярэдняй школе №62 Антон Базыленка выкладае працоўнае навучанне

Ідэі пад нагамі

Адзін час Антон Базыленка даваў майстар-класы па працы з дрэвам на творчых сустрэчах, знаёміў гомельцаў з асновамі стэндавага мадэлявання. Цяпер гэта не так запатрабавана, але запал нікуды не знік.

«Адкуль бяру ідэі? Пад нагамі! Прайдзіцеся па Савецкай, збочце з Пушкіна на Арцёма або едзьце ў Заходні — старыя дамы са сваёй гісторыяй усюды. Чым не падстава зрабіць макет? А вось да так званых рэференс з інтэрнэту стаўлюся скептычна. Лепш за ўсё пабываць на месцы самому, сфатаграфаваць аб'ект з усіх патрэбных ракурсаў, пагаварыць са спецыялістам (экскурсаводам, гісторыкам) — і будынак сапраўды ажыве ў тваёй мадэлі».

Кожны выраб для майстра — самы любімы. Асабліва ў першыя хвіліны пасля яго вырабу. Таму ставіць сваё хобі на бізнэс-рэйкі суразмоўца не спяшаецца.

«Як толькі пачынаеш рабіць рэчы канвеерна, гэта перастае быць творчасцю. Бо ў кожную працу ўкладзеныя душа і час. Мабыць, гэта самыя дарагія рэсурсы, якія складана вымераць грашыма», — завяршае суразмоўца.

Каментары2

  • Птушка
    21.03.2023
    Было б цікава даведацца, ці маюць дзяўчаты ў гэтай школе магчымасьць праходзіць працоўнае навучаньне ў спадара Базыленкі.
  • хх
    21.03.2023
    улюбёны ў справу чалавек, і працы ў яго ва ўсіх сэнсах добрыя - і па выкананні і душэўныя

Цяпер чытаюць

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Ніякай вайны з Еўропай Пуцін не плануе. Калі б планаваў — я б дакладна ведаў13

Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне4

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 485

Беларускі фермер паказаў, як трымерам рыхтуе клубніцы да сезону — мільёны праглядаў

У AirPods плануюць дадаць сінхронны пераклад размовы

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда32

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

Чалы аналізуе задачы, якія Лукашэнка паставіў новаму ўраду3

Украінская паліцыя затрымала чалавека, якога падазраюць у забойстве актывіста Дзям'яна Ганула4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць