Спорт

Эстонія набрала ўсяго адзін бал у адборы, але згуляе ў плэй-оф да Еўра-2024. Парадокс, але гэта факт

Новая сістэма кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы па футболе 2024 года пакідае і такія варыянты.

Дэталь адбору на Еўра-2024, якая не ўкладваецца ў галаве: Эстонія набрала ў групе F толькі адзін бал, але ўсё яшчэ можа трапіць у фінальную стадыю турніру, піша sports.ru.

Фота: soccerstand.com

Эстонцы апошнія ў групе. Усяго два галы за ўвесь адбор.

Эстонія стала пятай з пяці ў групе з Бельгіяй, Аўстрыяй, Швецыяй і Азербайджанам. Адзінае ачко набралі ў гасцявым матчы з азербайджанцамі — згулялі 1:1. Прычым гэта было ў другім туры і адразу пасля добрага матча з аўстрыйцамі, калі забілі першымі, больш за 40 хвілін на выездзе вялі і прапусцілі вырашальны мяч на 88-й хвіліне.

Але далей — правал. Атрымалі 0:3 і 0:5 ад Бельгіі, яшчэ 0:5 у Таліне ад Швецыі і скаціліся.

За ўвесь адбор так і засталося толькі два мячы — у першых двух матчах. Абодва ў форварда Раўна Сапінена, які з пачатку верасня без клуба, а раней выступаў за польскую «Сталь», за якую цяпер гуляе беларус Ілля Шкурын.

Прапусцілі эстонцы ў 11 разоў больш — 22 галы.

Чацвёра эстонцаў спрабуюць забраць мяч у Дэяна Кулушэўскага. Гэты матч, што прайшоў 19 лістапада ў Стакгольме, Эстонія прайграла Швецыі з лікам 0:2. Фота: Michael Campanella / Getty Images

У папярэднім адборы на Еўра беларусы гулялі разам з Эстоніяй і апярэдзілі іх. Тады ў Таліне наша каманда выйграла 2:1, а ў Мінску была нічыя — 0:0. Тады канструкцыя адбору на Еўра была крыху іншай, месца на кантынентальнае першынство разыгрывалі ўнутры Лігі D: наша каманда прайграла паўфінал Грузіі 0:1, тая фінал прайграла Паўночнай Македоніі. У Эстоніі ў рэйтынгу ФІФА цяпер 118-е месца, Беларусь — 100-я.

У зборнай Эстоніі ўсё яшчэ гуляе, напрыклад, Канстанцін Васільеў — яму ўжо 39 гадоў, але па мясцовых мерках ён у поўным парадку. Зрабіў сваю «Флору» чэмпіёнам краіны і стаў найлепшым гульцом унутранай лігі.

Ёсць абаронцы Максім Паскочы, які некалькі гадоў правёў у сістэме «Тотэнхэма», і Маркус Поам — сын легенды эстонскага футбола Марта Поама. Асноўны брамнік — Карл Хэйн, якога ў 2019-м набыў лонданскі «Арсенал» і адразу аддаў у арэнду «Рэдынгу» (другі дывізіён).

Трэнер — 49-гадовы швейцарац Томас Хэберлі. Ён працуе з 2021-га, да гэтага змяніў шмат пасад у «Янг Бойз» і «Базелі», перад пераездам яго звольнілі з «Люцэрна» праз дрэнныя вынікі.

Як Эстоніі трапіць на Еўра?

Шанец усё яшчэ ёсць за кошт рэйтынгу Лігі нацый, а таксама развязцы на карысць Чэхіі і Італіі ў апошнім туры.

Эстонцы занялі ў Лізе D (з Латвіяй, Малдовай, Мальтай, Андоры, Сан-Марына і Ліхтэнштэйнам) першае месца, гулялі ў падгрупе са слабейшымі — мальтыйцамі і Сан-Марына, выйгралі ўсе чатыры матчы, але з Мальтай мучыліся, але вырвалі перамог.

У рэйтынгу лігі, які аб'ядноўваў дзве групы, Эстонія апярэдзіла Латвію — хоць трэба прызнаць, што ўмовы былі няроўнымі, таму што латвійцы паралельна гулялі супраць значна больш моцнай у гэтым адборы Малдовы і як раз з ёй страцілі ключавыя балы.

У выніку Эстонія як лідар Лігі D стала першым прэтэндэнтам на вольнае месца ў плэй-оф кваліфікацыі.

Так і адбылося ў лізе А: калі Чэхія абыграла Малдову, а Італія згуляла ўнічыю з Украінай, гэтыя дзве каманды выйшлі на чэмпіянат Еўропы, значыць слот для Эстоніі вызваліўся.

Эстонцы як ніжэйшыя па рэйтынгу, згуляюць паўфінал плэй-оф на выездзе, супернікам можа быць Польшча ці дзве зборныя з тройкі каманд Украіна/Фінляндыя/Ісландыя (вызначыцца на лёсаванні 23 лістапада).

Каб трапіць на Еўра, спатрэбіцца выйграць паўфінал 21 сакавіка і фінал 26 сакавіка.

Беларусы ў гэты час будуць змагацца з Літвой за права застацца ў дывізіёне С Лігі нацый.

Каментары

Цяпер чытаюць

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду10

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Усе навіны →
Усе навіны

Новы прэм’ер Канады назваў заявы Трампа «вар’яцтвам»

Ваяроў беларускага батальёна «Волат» прымусова пераводзяць у іншыя падраздзяленні18

Лукашэнка: Ніякай вайны з Еўропай Пуцін не плануе. Калі б планаваў — я б дакладна ведаў13

Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне4

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 485

Беларускі фермер паказаў, як трымерам рыхтуе клубніцы да сезону — мільёны праглядаў

У AirPods плануюць дадаць сінхронны пераклад размовы

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда32

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду10

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць