Грамадства

«Мне толькі хочацца, каб яна выжыла». Сястра Марыі Калеснікавай — пра год без сувязі з ёй

15 лютага 2023-га сям’я Марыі Калеснікавай атрымала ад яе апошні на сёння ліст, і з таго часу да іх далятаюць толькі ўрыўкі інфармацыі пра палітзняволеную. «Наша Ніва» задала Таццяне Хоміч, сястры Марыі, некалькі пытанняў пра гэты год цішыні.

Фота: Ramil Nasibulin / BelTA pool photo via AP

Таццяна пацвярджае — ніякай новай інфармацыі ад Марыі ці пра яе не было: «Апошнім кантактам былі лісты ад Марыі, і якраз апошні з іх прыйшоў 15 лютага 2023 года, Марыя даслала яго 12 лютага. На пачатку лютага яе яшчэ бачыў адвакат — Марыя тады якраз папраўлялася пасля аперацыі, ужо лепш выглядала і лепей сябе адчувала, але была яшчэ слабая».

Па той інфармацыі, якую змаглі атрымаць родныя Марыі, недзе год таму яна была пераведзеная ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), і яе знікненне якраз звязанае са змяшчэннем туды. Марыя там знаходзіцца адна, яна не мае магчымасці камунікаваць з іншымі жанчынамі, не ходзіць на працу, хаця ў 2022 годзе яна працавала, як і мноства жанчын там, швачкай.

Яна мае на дзень максімум 30 хвілін шпацыру на вуліцы і 20 хвілін душу, няма ні званкоў, ні лістоў, ні візітаў родных, ні візітаў адваката.

Таццяна Хоміч і Святлана Ціханоўская. Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

У мінулым годзе сваякі Марыі спрабавалі дамагчыся нейкай інфармацыі афіцыйнымі зваротамі і сустрэчамі, але атрымлівалі толькі адпіскі. «Мы звярталіся да адміністрацыі калоніі, пракуратуры Гомельскай вобласці, упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў. Таксама накіроўвалі ў МУС розныя звароты і скаргі наконт Машы — чаму з ёй няма сувязі, які ў яе стан здароўя, ці атрымлівае яна лячэнне і гэтак далей. І зноў заўсёды былі адпіскі, нават не было пацверджання, што Маша знаходзіцца ў ПКТ, ёй змянілі рэжым і ёсць нейкія абмежаванні. 

Аргументацыя [чыноўнікаў] была стандартная, як і ў многіх [іншых вязняў]: Маша не піша і не звоніць, таму што быццам не хоча, яна не хоча бачыць адваката, таму ад яе няма зваротаў на сустрэчу з ім»,

— расказвае Таццяна.

Яшчэ ў мінулым годзе адвакаты Калеснікавай падрыхтавалі зварот да Камітэта па правах чалавека ААН, звязаны з тымі ўмовамі ўтрымання, якія былі ў Марыі ў 2022 годзе, шэраг спецдакладчыкаў тады адпраўлялі агульны зварот да беларускіх уладаў. І ўжо ў сувязі з тым, як Марыю ўтрымліваюць цяпер, што з ёй няма сувязі, яе адвакаты лічаць, што можна казаць пра знікненне палітзняволенай. Адвакаты праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill падрыхтавалі зварот у Працоўную групу ААН па гвалтоўных знікненнях, група яго мусіла разгледзець і вырашыць, ці можна казаць пра знікненне Марыі.

Адказнасць за гэта нясуць беларускія ўлады. Гэта значыць, што калі сітуацыя з Марыяй будзе прызнаная знікненнем, працоўная група павінна адправіць зварот беларускім уладам. У пэўны час — па даных Таццяны, гэта 60 дзён — улады павінны адказаць на гэты запыт і даць інфармацыю, што з Марыяй, аднавіць яе сувязь з роднымі і адвакатам адпаведна ўмовам калоніі. 

Можна толькі здагадвацца, чаму Марыю пазбавілі сувязі са светам, лічыць Таццяна: «Напэўна, ёсць памкненні зламаць псіхалагічна самых вядомых палітзняволеных. Мы ведаем, што гэта адбываецца не толькі з Марыяй, такая ж сітуацыя з Сяргеем Ціханоўскім, Віктарам Бабарыкам, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Максімам Знакам. Таксама перыядычна знікае сувязь з Алесем Бяляцкім. Гэта ціск на іх, і, канешне, гэта катаванні. У праваабарончым свеце інкамунікада, адсутнасць сувязі са знешнім светам, лічыцца адным з самых цяжкіх выпрабаванняў для зняволеных.

Гэта робіцца і для таго, каб людзі пра іх забылі. Мы ведаем, які ўплыў яны (Марыя і іншыя вядомыя вязні са статусам інкамунікада. — «НН») дагэтуль маюць на людзей, ведаем пра іх здольнасць натхняць. Таксама ёсць памкненні, каб і свет забыўся на гэтых людзей — на тое, што існуюць палітвязні, існуе Марыя Калеснікава». 

Тым не менш, такія дзеянні ўладаў даюць процілеглы вынік, мяркуе суразмоўца — толькі прыцягваюць больш увагі да крызісу з правамі чалавека ў Беларусі. Міжнародная супольнасць не бачыць пратэстаў на вуліцах, але яна чуе, што зняволеныя фактычна знікаюць, бачыць, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца. Гэта дае магчымасць рабіць высновы пра сітуацыю ўнутры Беларусі.

«Сёння я б хацела не толькі ўбачыць Марыю, але і, канешне, каб яна была на волі. Не ведаю, праз што ёй цяпер даводзіцца праходзіць і наколькі гэта складана.

Мне толькі хочацца, каб яна фактычна выжыла, асабліва пасля аперацыі на язву — яе стан здароўя тады вельмі пагоршыўся і яна згубіла 15 кілаграм.

Хацела б, каб міжнародная супольнасць працавала над вызваленнем палітзняволеных, Марыі і іншых, каб яна зберагла сябе і як хутчэй апынулася на волі, як і ўсе астатнія», — кажа Таццяна Хоміч.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Магу толькі маліцца, каб дачка была жывая», — бацька Марыі Калеснікавай, пра якую ўжо год няма навінаў

Марыя Калеснікава моцна схуднела, а ў Вольгі Маёравай праблемы з горлам

У калонію, дзе сядзяць Калеснікава і Золатава, прывезлі салодкія падарункі ад Лукашэнкі

Каментары

Цяпер чытаюць

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Вядомы айцішнік адкрыў кампанію ў Польшчы. Шэсць банкаў адхілілі заяўку на рахунак13

«У размовах з Трампам Пуцін насамрэч кпіў з яго, але Трамп гэтага не разумеў з-за асаблівасцей перакладу»13

Чарговы антырэкорд. З'явілася свежая статыстыка пра нараджальнасць беларусаў24

Якім будзе новы гістарычны музей Беларусі3

«Эрудзіраваны не значыць разумны». Знаток «Што? Дзе? Калі» Раўшан Аскераў выклікаў замяшанне сваім інтэрв'ю17

Што адбылося з 16-гадовай дзяўчынай з Дзяржынска, якая памерла пасля курэння вэйпу? Расказваюць яе сябры7

Даляр сёння спікіраваў адразу на шэсць капеек3

Карпянкоў расказаў, як узмацнілі ахову калоній — «збегчы практычна немагчыма»9

Экс-аднаклубнік беларуса з Македоніі загінуў, калі ратаваў людзей з пажару начнога клуба, дзе загінулі 59 чалавек

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць