Меркаванні11

«Уражанне трохі сумнае, але і праз яго праглядаецца ціхая надзея»

На Божае Нараджэнне мне патэлефанавала знаёмая настаўніца беларускай мовы, цяпер пенсіянерка, якая жыве ў невялікім мястэчку. З яе слоў можна зразумець, якая атмасфера пануе напярэдадні новага, 2023 года, — думаю, што прачытаць гэта будзе цікава і чытачам «Нашай Нівы», піша Ян Рамэйка.

— Людзі ў нас цяпер маўчаць, ніхто нічога [пра палітыку] не гаворыць. Праўда, я асабліва ні да каго не хаджу, — кажа мая суразмоўца. — Раз, што хвароба [каранавірус] у нас яшчэ не скончылася. А захварэе хто — потым будуць казаць, што ты прыйшоў, хваробу прынёс.

А яшчэ — ты ж ведаеш, якія ў нас на вёсцы людзі… Іначай на ўсё гэта [палітычныя падзеі і вайну] глядзяць, чым мы. Слухаць іх не вытрымаеш, спрачацца не будзеш, ды і цяпер такі час, што лепей маўчаць, не выказвацца. Дык што мне з людзьмі гаварыць? Плёткі слухаць і плёткі разносіць… А я гэтага не люблю…

Праўда, заходзіла адна дзяўчына, па працы адно пытанне вырашыць. Дык мы пагаварылі — вось з ёй то бачна, што мы на адной хвалі. Казала, што цябе на «Аднакласніках» чытае. Ты там даваў спасылку на архіў — дык яна туды залезла і пра свайго прадзеда нешта знайшла.

У касцёле бачыла N. [дзяўчыну, якую зрабілі падазраванай па палітычнай крыміналцы, але яна прынцыпова застаецца ў Беларусі]. Не гаварылі, не было калі — прыйшла на імшу і пайшла з імшы. Значыць, пакуль што ўсё ў парадку ў яе.

— Значыць, следчыя ніякай зачэпкі на яе не знайшлі.

— Хай бы і не знайшлі… А ў суседняй вёсцы як забралі вясной чалавека за каментары, так і сядзіць у СІЗА. Ведаю яго добра: ён толькі пісаў, нічога ён не рабіў — але пасадзілі. А так болей з гэтым [палітычнымі рэпрэсіямі] у нас, дзякуй Богу, ціха…

Зачынілі райпоўскую прадуктовую краму — было дзве, засталася адна. З новага года зачыняюць і «Прамтавары». У райцэнтры зачыняюць універмаг. Цяпер, каб нітак купіць, трэба будзе ў райцэнтр ехаць — да прыватнікаў, бо ўнівермага не будзе. Праўда, «Еўраопт» працуе як працаваў.

— А што з тымі жанчынамі, якія працавалі ў краме? — кажу я, успамінаючы, што яны заўсёды прыязна віталіся са мной па-беларуску.

— Адна ў райцэнтры ў гандлі, але цяпер і там можа пад скарачэнне трапіць. Другая — таксама ў горадзе, але на іншай рабоце…

— А «Табакерка» працуе?

— Працуе. Дзяўчына адна мясцовая там робіць. Праўда, не ведаю, хто там што купляе. Здаецца, касірка там болей выкурвае цыгарэтаў, чым астатнія купцы. Не ведаю, які ў ёй сэнс, у той «Табакерцы», ці акупляецца яна.

— Ну, можа ж, нездарма ў Беларусі ўся статыстыка, звязаная з цыгарэтамі, засакрэчаная… А ў X. [суседнім цэнтры сельсавета] школа ці працуе?

— Працуе. У Y. і Z. [дзве вялікія вёскі, некалі цэнтры калгасаў] зачынілі школы, дык адтуль возяць дзяцей. З Y. — пятнаццаць кіламетраў, з Z. — дваццаць. Хто б падумаў, што гэдак будзе…

— А садок?

— Дзяцей пакуль што ёсць. Каля сарака чалавек ходзіць.

— Дык значыць, у наступныя тры-чатыры гады будзе каму пайсці ў школу, вучняў меней не стане…

— Я сама не ведаю, адкуль у нас столькі дзяцей. То ўбачыш, што тая жанчына ідзе з каляскай, то пачуеш, што тая цяжарная. Дзеці ёсць… Адна, недалёка ад нас жыве, хутка пятае дзіця нараджаць будзе… Мужык яе мала зарабляе, як яны гадаваць будуць — цяжка сказаць.

— Ну, пакуль дзіця да трох гадоў, дзяржава дапамогу плоціць. А як будзе тры гады, і дапамога скончыцца…

— Ну дык праўда, дзіцяці ж і пасля трох гадоў есці трэба і адзецца…

— Мне здаецца, у Польшчы разумней зрабілі. Пяцьсот злотых у месяц дапамогі плоцяць на кожнае дзіця да васямнаццаці гадоў… Ну але добра, што дзеці нараджаюцца, нехта жыць у Беларусі будзе, і настаўнікам праца будзе…

— Цяпер як пусцілі прамы цягнік да Брэста, дык настаўнікі кінуліся вучняў туды на экскурсіі вазіць. І з нашай школы, і з суседняй, і з райцэнтра возяць.

— Хай жа ж возяць, хай дзеці глядзяць… Але каб хто з настаўнікаў смялейшы быў ды вучням расказаў, як на самай справе было. Як палякі баранілі крэпасць ад немцаў, як польскага афіцэра, які біўся з немцамі, саветы расстралялі ў Катыні, як Крывашэін з Гудэрыянам [савецкі і нямецкі вышэйшыя афіцэры, якія прымалі супольны парад у Брэсце ў верасні 1939 года] на трыбуне побач стаялі… Ну, але ж можа хто і раскажа. Або ў інтэрнэце дзеці самі прачытаюць…

— Казуляў у нас развялося… Ніколі раней так часта не бачыла. Раней яны неяк былі ў тым лесе… дзе я ў грыбы хаджу. А цяпер дык і на другі бок ад мястэчка, нядаўна ехалі вечарам з суседняй вёскі, дык з боку могілак тры дарогу перабягалі.

— Ну, у тым лесе я і раней, годзе ў дваццатым, іх часта сустракаў. А на другі бок, колькі ні хадзіў, ні разу не бачыў… Ну але што ім — людзей менее, зверыны более, ніхто ім не перашкаджае.

— Лес у нас рэжуць. Кажуць, што з-за караеда… Апошнія гады дужа многа сталі лес рэзаць. Таго лесу, што каля пуцей — палавіны ўжо няма.

— А па чыгунцы гэтулькі ж вывозяць?

— Возяць, але ўжо не столькі. Да восені [калі набылі моц санкцыі Еўрасаюза, якія забаранілі імпарт драўніны з Беларусі] яшчэ шчапу грузілі, цяпер ужо не грузяць. Ні ў нас, ні ў P. [суседняй станцыі].

— А што з тым чалавекам, які тартак быў адкрыўшы?

— Закрылася ўсё. Нічога не робіць. Людзей ён доўга не хацеў звальняць, на нешта спадзяваўся. Але цяпер ужо ўсё, нічога не робяць.

— А ці шмат ў яго людзей рабіла?

— Было… Досыць шмат. А цяпер ужо дужа няма куды і пайсці на работу. Засталіся чыгунка, лясніцтва, школа і калгас.

— Ну, але можа хоць лес застанецца, не будуць ужо так рэзаць.

— Можа.

Мы яшчэ пагаварылі пра падарожжы, пра Варшаву і Вільню, пра вайну ва Украіне, нацыянальны характар расейцаў і пра тое, што цікавага хто глядзеў апошнім часам на ютубе. Размова зацягнулася на паўтары гадзіны. Уражанне ад расповедаў… засталося трохі сумнае, але і праз яго праглядаецца ціхая надзея.

Каментары1

  • ///
    28.12.2022
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам17

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Усе навіны →
Усе навіны

У «Мінск-Свеце» зноў патоп: вада льецца з балконаў і затапляе пад'езды5

Стварыць уласны сайт для бізнэсу або блогу нашмат прасцей і танней, чым вы думаеце1

Беларуская падсанкцыйная кампанія закупляе абсталяванне ў ЗША5

Трамп даручыў перагледзець санкцыйную палітыку ЗША

Пуцін і Трамп гаварылі праз тэлефон амаль 2,5 гадзіны16

Інстаграм Вольгі Карач і суполку брэсцкіх таксістаў дадалі да спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»2

У Польшчы знік беларус. Ён не выходзіць на сувязь з сям'ёй і не з'яўляецца на працы4

«Пул першага» адказаў Украіне на «таракана» 9

«Ён у сейфе ў бяспецы». Ці ўдалося за год прадаць скандальны гадзіннік Франака Вячоркі?14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам17

Муж галоўнай гераіні прапагандысцкага фільма БТ скончыў жыццё самагубствам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць