Суд абавязаў жанчыну прадаць свае чатыры каровы калгасу пад Гомелем
У Гомельскім раёне суд вырашыў забраць у жанчыны чатырох кароў, бо яна кепска іх даглядала. Жывёл перададуць мясцоваму сельгаспрадпрыемству — КСУП «Урыцкае», а гаспадыні выплацяць кампенсацыю.

Паводле інфармацыі прэс-службы Гомельскага абласнога суда, жанчына трымала кароў у цесным і брудным хляве, кепска карміла, не давала ім дастаткова вады і не выводзіла гуляць.
Да таго ж аказалася, што ў яе наогул няма зямлі і магчымасці абсталяваць нармальны хлеў для ўтрымання жывёлы. Той хлеў, дзе каровы жылі, пабудаваны незаконна на чужой зямлі — якраз на той, якая належыць мясцоваму аграпрадпрыемству.
Раней, у маі 2024 года, жанчыну ўжо штрафавалі за жорсткае абыходжанне з жывёламі, а ветстанцыя патрабавала, каб яна выправіла сітуацыю. Але жанчына нічога не зрабіла. Суседзі таксама скардзіліся на тое, як яна абыходзіцца з каровамі.
Калгас прапаноўваў жанчыне выкупіць у яе жывёлу, але тая адмовілася. Тады прадпрыемства звярнулася ў суд.
Суд вырашыў, што жанчына сапраўды жорстка абыходзіцца з жывёламі і пастанавіў забраць у яе чатыры каровы. КСУП «Урыцкае» павінна выплаціць ёй за іх 2 810,89 рубля.
Жанчына спрабавала аспрэчыць рашэнне суда, але абласны суд пакінуў яго ў сіле.
Каментары