Меркаванні3737

Віктар Марціновіч: Калі нашы перамогуць — з гэтай ідэяй мы жылі і паміралі 25 год. Нічога не робячы

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра 25 гадоў найноўшай беларускай гісторыі, якія многія лічаць часам няспраўджаных спадзяванняў і недасяжных мараў.

Нашчадкі, жывучы ў сваім карамельным Наступным, мусяць ламаць галовы пытаннем: як жылося тым, чыя жыцці прыпалі на чыгунныя гады «станаўлення дзяржавы»? Як яны трывалі? Без паветра? Без надзеі?

Я адкажу вам, нашчадкі.

Надзея ў нас была. Мы цешыліся ёю — спачатку гучна, ствараючы нейкія «ценявыя кабінеты», потым моўчкі, самім сабе, згадваючы толькі з самымі блізкімі, якія не здадуць і не абрагочуць. Яна фармулявалася так: «Калі нашы перамогуць». З ёй мы і паміралі, нічога не робячы.

Летам 1994-га, калі ўся навакольная красата запачаткавалася, мне было 16 гадоў. У гэтым сэнсе ўсё маё свядомае жыццё прыпала на эру выканкамаў, сацыяльнага малака і «Дажынак».

Я памятаю, як «разумныя людзі», «нашы», кпілі з прапагандыстаў у кардонных пінжаках, якія ў дрэнна асветленых студыях брахалі пра нацыяналістаў. Прапагандысты ўспрымаліся фрыканутым насланнём, нечым часовым.

Ніхто з нас, разумнікаў, не мог дапусціць, што гісторыя, прыдуманая настолькі крыва і расказаная такімі касаязыкімі дуралеямі, можа трымаць веру ў сябе доўга.

Але час ішоў.

Пінжакі ў правадатараў дзяржаўных сэнсаў рабіліся ўсё лепшымі. Святло ў студыях — усё ярчэйшым. А вакол нас святло прыцішвалася, мы самі рабіліся кардоннымі. Сёння некаторыя з тых персанажаў даюць каменты незалежным медыям як вялікія знаўцы паліттэхналогій, і ніхто болей не кпіць.

Юрый Азаронак, 2007

Я памятаю, якімі замшэлымі небаракамі выглядалі «камсамольцы», якія сёння ўзначальваюць самыя тэхналагічныя сферы гэтага рабаўладальнага парадызу. Якімі нягеглымі яны былі ў параўнанні з «нашымі героямі»: інтэлігентным Шушкевічам, фінансава абазнаным (як тады падавалася) Багданкевічам, нарэшце, з Вячоркам і Пазняком.

І вось зыходзячы з таго, што «ўсё хутка ляснецца», мы чакалі, калі «нашы» прыйдуць нарэшце ў кабінеты. Бо мазгі чытачоў газеты «Пагоня» не дапускалі, што такая дзяржава працягне даўжэй за год-два (я памятаю, гэта было асноўнай мантрай у 1995-м: «трэба пачакаць год-два, і тады …»).

А нашы ўсё не прыходзілі. Спачатку ўсе чакалі рэвалюцыі. Думалі, што качаннем міліцэйскіх машын па вуліцах можна нешта змяніць.

Сістэма толькі мацнела. У 2000-м на Коласа падчас Дня волі з’явіўся БТР, а АМАП суправаджалі сабачкі — і рабілася зразумела, што будзе і яшчэ «жошчэ», — і тое «жошчэ» адбылося ў 2010-м.

Потым быў спадзеў на «кулуарны пераварот».

Але імпічмент 1996-га года праваліўся не без удзелу тых, каго сёння мы б аднеслі да «нашых». Прыкладна з 2001-га «перамога» «нашых» ужо ўспрымалася як просты разлік гэта ўсё «перажыць». Але чым далей, тым меней заставалася тых, хто памятаў і ўдзельнічаў: былыя героі мруць, тое, што яны імкнуліся «перажыць», трывае.

Плошча Незалежнасці, лістапад 1996 года. Фота з сайта 90s.by

І ў апошнія гады з’яўляецца новае пачуццё. Што нашы ў прынцыпе не маглі перамагчы. Бо калі нават такая простая рэч, як пахаванне Каліноўскага, вядзе не да з’яднання, а да свары і ўзаемных абвінавачванняў, дык як тут пераможаш?

Кожны паасобку — не сіла, а меркаванне.

Сілай робіцца толькі лучнасць. Якая недасяжная, бо людзі адно аднаму ператварыліся ў атрутных змей, крыніцу злосці і падазронасці.

І вось яшчэ што: ніхто не павініўся.

Ніхто з тых, хто прасіў у нас патрываць «год-два», хто быў у Вярхоўным Савеце, мог супрацьстаяць тады, калі ў іх была ўлада, якой сёння няма ні ў кога з «нашых», не выйшаў і не сказаў: «Мне сорамна. Я прашу ў беларусаў прабачэння за прафуканыя магчымасці».

І чаму гэта я дапусціў, што тыя прагрэсіўныя нашчадкі з карамельнага Наступнага ў прынцыпе будуць? Чаму падумаў, што некаму цікавымі стануць нашыя, чытачоў «Будзьмы» і «Нашай Нівы», мары і надзеі?

Тое, што адбываецца цяпер, — станаўленне дэперсаналізаванай і маналітнай сістэмы. Кіраваць якой здольны будзе любы небарака, якога прад’явяць палітбюро, як прыйдзе час.

Big data, «асабістая справа на кожнага», якую беларусы самі дапамагаюць збіраць на сябе, ім у дапамогу. Вы ж бачыце: нават амерыканцы вяртаюць пасла, нават Еўропа кліча да сябе, нягледзячы на тое, што дзяржава са смяротным пакараннем і такой судовай сістэмай мусіла б змяніцца перад тым, як спадзявацца на дыпламатычны прагрэс.

То нашчадкі, хутчэй за ўсё, проста не даведаюцца пра нас, нашы няспраўджаныя спадзяванні і недасяжныя мары. Чым мы займаліся ў 2019-м?

Лічылі колькасць пладовых дрэваў і кустарнікаў. Будаваліся на Каменнай Горцы. Хадзілі на футбік. Глядзелі «Джокера».

Каментары37

Цяпер чытаюць

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце4

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: У нас была выдатная размова5

«Вітаем, КДБ Брэсцкай вобласці». Праграміст расказаў, як з крыміналкай вяртаўся ў Беларусь13

Турчын: Пералік тавараў з рэгуляванымі цэнамі скароцяць3

Украінцы ўзялі ў палон ураджэнца Магілёва і прысудзілі яму 15 гадоў за дзяржаўную здраду10

«Мы будзем адказваць на ўсе ўдары з боку Расіі». Зяленскі адрэагаваў на заяву Крамля пасля перамоў з ЗША3

У Бярозаўскім раёне жанчына набыла праз аўкцыён хату сваёй бабулі3

Аляксандр Івулін завёў мілага сабаку. Пра такую пароду вы, магчыма, не чулі18

«Трамп, відаць, не пагадзіўся на гэтыя вар'яцкія ўмовы»: першыя рэакцыі на размову Трампа з Пуціным8

Маршрутка для тых, хто курыць, ці самагонны апарат на колах? У Бабруйску заўважылі незвычайнае аўто1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце4

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць