Усяго патроху22

«Ты нібыта ў гатэльным нумары, але ў той жа час як і на прыродзе». Беларусы расказалі, як гэта — падарожнічаць па краіне аўтадомам

Гераіню гэтай гісторыі завуць Кацярына, і яна можа пахваліцца адпачынкам, які здараўся не ў кожнага. Кацярына з мужам і дачкой адправіліся ў невялікае падарожжа па Беларусі вельмі цікавым спосабам: для паездкі яны арандавалі аўтадом. Дзе ўзяць такі цікавы транспарт, колькі гэта каштуе, якой катэгорыі патрэбныя правы, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся вандроўцы? Кацярына падрабязна расказала пра гэта гомельскаму рэсурсу «Моцныя навіны».

Як з'явілася ідэя?

Ідэя падарожжа ў аўтадоме нарадзілася ў нас з мужам, калі мы жылі ў Германіі. Там вельмі шмат людзей так катаецца. Асабліва здзівіла, што так ездзяць пенсіянеры. А яшчэ мой муж глядзеў выдэаблогераў, якія калясяць па свеце ў аўтадамах. Дарэчы, іх называюць «ванлайферы».

Увогуле муж загарэўся ідэяй і заразіў ёй мяне. Таму, калі мы вярнуліся ў Беларусь, вырашылі ўзяць у арэнду такую машыну.

Дзе ўзяць дом на колах у Беларусі?

У нашай краіне арэндныя аўтадамы — рэдкасць. Той, які падыходзіў нам, давялося браніраваць за месяц да паездкі.

Між іншым, да нас на гэтай машыне сям'я ездзіла ў Турцыю праз Грузію. Цэлы месяц яны ў ім жылі.

Але вось прыйшла і наша чарга. Мы атрымалі запаветную машыну і прайшлі інструктаж па яе абслугоўванні. Складанага там практычна нічога няма, аднак трэба ведаць, як запраўляць ваду ў бак, мяняць касету ў санвузле і глядзець, каб не разладаваўся акумулятар.

Як у нас з інфраструктурай для такога роду падарожжаў?

Мы падарожнічалі па Мінскай і Брэсцкай абласцях. У нас спецыяльных месцаў для абслугоўвання дамоў на колах няма, таму спраўляліся сваімі сіламі.

На запраўцы залівалі ў рэзервуар ваду з крана. Муж проста чапляў шланг на звычайны вадаправодны кран у прыбіральні і заліваў ваду. Ёмістасць там не вельмі вялікая — усяго сто літраў. Гэтага хапае сям'і з трох чалавек на паўтара-два дні, калі карыстацца ў эканомным рэжыме.

Вада ў асноўным сыходзіла на гатаванне ежы і душ. Запасы трэба кантраляваць, каб не застацца зусім без вады.

Зліць касету з прыбіральні — таксама цікавая задача. У нас такіх прыстасаванняў нават і няма. Таму ўладальнік аўтадома на інструктажы нам патлумачыў, што рабіць гэта можна ў лесе, але толькі трэба потым закапаць адкіды.

А як перасоўвацца на такой машыне? Што напісана ў ПДР?

Для кіравання аўтадомам патрэбныя звычайныя правы катэгорыі «B», але машына вялікая і трэба адчуваць яе габарыты. Аднак мой муж справіўся з задачай «на ўра». Яму вельмі спадабалася руліць амаль грузавіком.

Між іншым, на хаду, па правілах дарожнага руху, нельга ляжаць на ложках. Усе павінны сядзець у спецыяльных крэслах і прышпільвацца рамянямі бяспекі.

Дарэчы, праходнасць у дома на колах — не надта. Напэўна, нават горшая, чым у легкавушкі. Таму нас папярэдзілі, каб мы не лезлі ў нетры, а то загрузнем і самі машыну не выпхнем.

А можа, лепш купіць свой?

Калі, як мы, выбірацца пару разоў на год, то лепш арандаваць. Для бытавых патрэб такое аўто асабліва не выкарыстоўваеш, але яго трэба абслугоўваць. Таму мы з мужам вырашылі, што арэнда — найлепшы для нас варыянт.

Дарэчы, плануем паўтарыць такія прыгоды яшчэ не раз, таму што гэтая паездка вельмі ўжо спадабалася. Арэнда, між тым, абыходзіцца каля ста даляраў у суткі.

За аўтадомам мы паехалі ў Мінск на сваёй машыне. Гаспадар патлумачыў, як карыстацца ўсімі прыборамі, і мы адправіліся ў падарожжа.

Першы начлег і ўраган

Спачатку мы хацелі паехаць на Вілейскае вадасховішча, але трапілі ў непагадзь. Дзьмуў моцны вецер, які ламаў дрэвы, таму мы вырашылі заначаваць проста ў полі, каля невялікай вёсачкі. У лесе спыняцца было небяспечна, на наш дамок на колах магло б паваліцца адно з дрэў.

Дарэчы, аўтадом падчас непагадзі паказаў сябе з найлепшага боку. Цёпла, суха і камфортна, а за вокнамі бушуе сапраўдны ўраган.

Дарэчы, некалькі разоў да нас падыходзілі мясцовыя з роспытамі пра тое, чаму мы сюды прыехалі, ці не будзем мы смеціць і гэтак далей. Ветлівай гэтую сустрэчу не назавеш, але ўсё абышлося добра.

Перачакаўшы непагадзь, раніцай мы рушылі далей.

Па маршруце. Баранавічы

У Баранавічы мы прыехалі, каб наведаць мясцовы заапарк. Гэта проста цудоўнае месца. Вельмі шмат вольнай прасторы, па якой разгульваюць жывёлы. Там мы прабылі каля пяці гадзін.

Мы з мужам бачылі розныя заапаркі, уключаючы Еўропу. Баранавіцкі заапарк — адзін з найлепшых. Звяры свабодна шпацыруюць амаль у прыродных умовах, падыходзяць да наведвальнікаў, а яшчэ іх можна карміць проста з рук. Вельмі добра арганізаванае месца, прыгожа і нават ёсць некалькі кавярынек.

Беларускія Мальдывы пад Кобрынам

З Баранавічаў мы адправіліся ў Каташы. Там выдатнае рукатворнае возера з белым пясчаным пляжам і чыстай празрыстай вадой.

У саміх Каташах жыве ад сілы чалавек дзвесце. Пляж чысты і абсталяваны. Там ёсць і парасоны, і распранальні, і лаўкі.

Дарэчы, самі мясцовыя прыходзяць і прыбіраюцца на пляжы. Такога чыстага і дагледжанага вадаёма ў Беларусі я яшчэ ні разу не сустракала. Мы з задавальненнем прыедзем туды і ў наступны раз. Проста запала ў сэрца гэтае месца!

Дарэчы, увечары вынеслі стол вонкі, каб папіць гарбаты, але з лесу было чуваць, што недзе непадалёк ходзяць дзікія звяры. Таму на ноч сталі зачыняцца.

А аднойчы да майго мужа выйшла з лесу вялікая ліса, толькі ён яе спудзіў, і мы не паспелі сфатаграфаваць.

Па дарозе яшчэ заехалі ў Камянец, паглядзець мясцовую славутасць — Камянецкую вежу. Яна ж старадаўняя, XIII стагоддзя пабудовы. Шкада, што на той момант вежа была зачыненая.

Белавежская пушча, ровары і рэзідэнцыя Дзеда Мароза

Наступным пунктам нашага маршруту была Белавежская пушча. Прыбылі мы туды пад вечар і вырашылі пераначаваць проста на паркоўцы. Зноў чулі, як у лесе блукаюць дзікія звяры. Нават неяк страшнавата чуць, як яны там рыкаюць і выюць.

Раніцай мы пакінулі аўтадом на паркоўцы і адправіліся на экскурсію. Больш за ўсё мяне ўразіла рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Ён сапраўды класны! Добры, увесь час жартуе і распавядае гісторыі.

Аказваецца, у рэзідэнцыі ёсць яшчэ і дом Бабы Ягі. Экскурсавод правяла нас па ўсёй тэрыторыі, паказала і распавяла шмат цікавага. Пазітыўных уражанняў ад экскурсіі засталося вельмі шмат. Быццам у казцы апынуліся.

Пасля экскурсіі мы адправіліся ў саму пушчу. Там мы ўзялі напракат ровары і паехалі па адным з веламаршрутаў. Тут было проста поўнае яднанне з прыродай. Пах лесу, спевы птушак, шум галін на ветры — усё гэта проста незабыўна.

Пасля велапрагулкі мы рушылі на яшчэ адну экскурсію. Гэтым разам пайшлі глядзець жывёл у вальерах. Калі параўноўваць з заапаркам у Баранавічах — у пушчы ўмовы ўтрымання звяроў горшыя.

Нашыя чаканні ад экскурсіі крыху не апраўдаліся. Клеткі і вальеры цеснаватыя, жывёлы выглядаюць стомленымі. Ды і карміць іх нельга. Але такое ўражанне склалася ў параўнанні з папярэднім заапаркам.

Калі Белых азёр у Беларусі некалькі — можна і памыліцца

Пасля наведвання пушчы мы пагрузіліся ў свой домік на колах і паехалі на Белае возера. Муж шмат глядзеў пра яго відэа ў інтэрнэце. Аднак аказалася, што азёр з такой назвай у краіне некалькі. І мы прыехалі не на тое, але таксама з назвай «Белае».

Дарэчы, такая памылка нас зусім не знервавала таму, што і гэтае Белае аказалася цалкам сабе добрым і прыгожым месцам. Удосталь назагараліся, выкупаліся і пагулялі ў бадмінтон. Увогуле, памылка аказалася не такой фатальнай. А можа нават і шчаслівай.

Назад у Мінск

На гэтым нашы прыгоды падышлі да завяршэння. Пасля апошняй начоўкі мы адправіліся назад у Мінск, здаваць аўтадом яго законнаму ўладальніку.

Хочацца дадаць, што мы плануем яшчэ раз паўтарыць такое падарожжа. Вельмі незвычайна, калі ты нібыта ў гасцінічным нумары, але ў той жа час як і на прыродзе. Тым больш што падарожжа і маршрут ты плануеш сабе сам і ні ад каго не залежыш.

Наступным разам хочам паездзіць па Гродзеншчыне і Віцебшчыне, а таксама заехаць на Браслаўскія азёры.

А яшчэ мужу вельмі спадабалася кіраваць аўтадомам. Я ж сесці за руль тым разам так і не адважылася.

А якія мы назіралі захады сонца!

Каментары2

  • Сымон
    14.09.2023
    Калі Ўкраіна пераможа, Беларусь стане вольнай, яе межы з цывілізаваным светам адчыняцца, а знішчэнне малога бізнесу, тэрор Літоўкі разнастайнымі Бондаравымі і атэстацыя гідаў застануцца толькі ў апавяданнях пра мінулыя часы цемры лукашызма - тады ва ўнутраны турызм нарэшце пойдуць прыватныя інвестыцыі, пачне актыўна развівацца турыстычная (у т.л. і кэмперная) інфраструктура вакол ўсіх славутасцей. Бо кэмпер без інфраструктуры - асалода сумнеўная: дзе заўгодна не праедзе, таксама паркавацца дзе прыйдзецца, далёка ад душа, нармальнай каналізацыі, грамадскага харчавання, немагчымасць спаць/ляжаць пад час пераездаў - адпачынак больш для экстрэмалаў.
  • берегите родину отдыхайте за границей (с)
    15.09.2023
    "Спачатку мы хацелі паехаць на Вілейскае вадасховішча, але трапілі ў непагадзь. Дзьмуў моцны вецер, які ламаў дрэвы,"

    дык можа віхор і здарыўся таму, што вы туды прыехалі?

Цяпер чытаюць

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Усе навіны →
Усе навіны

У Бярозаўскім раёне жанчына набыла праз аўкцыён хату сваёй бабулі3

Аляксандр Івулін завёў мілага сабаку. Пра такую пароду вы, магчыма, не чулі16

«Трамп, відаць, не пагадзіўся на гэтыя вар'яцкія ўмовы»: першыя рэакцыі на размову Трампа з Пуціным8

Маршрутка для тых, хто курыць, ці самагонны апарат на колах? У Бабруйску заўважылі незвычайнае аўто1

«Вельмі добрая і прадуктыўная». Трамп пракаментаваў сваю размову з Пуціным4

Якія назвы вуліц самыя папулярныя ў Беларусі?5

Пад Віцебскам інструктары ПВК «Вагнер» трэніруюць афрыканскіх байцоў кіраваць дронамі2

ЗША і Расія зрабілі заявы пасля размовы Трампа і Пуціна25

У Ленінградскай вобласці ўпаў вайсковы верталёт, ёсць загінулыя2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Дзе нарадзіліся вядомыя беларусы? Больш за дзесяць тысяч асоб сабралі на адной карце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць