Некалькі дзясяткаў беларусаў затрымалі з пачатку года па вяртанні ў краіну
З аднаго рэйсавага аўтобуса з Літвы ці Польшчы могуць зняць адразу некалькі чалавек. Прычынай могуць стаць «экстрэмісцкія» рэпосты і падпіскі ў сацыяльных сетках, фота з пратэстаў у воблачным сховішчы, данаты, а таксама гісторыя пошуку ў Google.

Фота: Вясна
Таксама пад дадатковыя праверкі на мяжы трапляюць людзі, якія раней затрымліваліся на акцыях пратэсту і трапілі ў базу «БЕСпарадкі», і тыя, хто даўно не жыве ў Беларусі, піша «Вясна».
На пачатку лютага стала вядома, што з аднаго рэйсавага аўтобуса затрымалі адразу шэсць чалавек.
Усіх затрыманых да суда змясцілі ў ІЧУ ў бліжэйшым ад мяжы горадзе, пасля чаго некаторым прызначылі «суткі».
Звычайна людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КоАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Мінску, то там супраць іх складаюць пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КоАП), або адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы.
«Вясне» вядомыя выпадкі, калі чалавек шмат разоў перасякаў мяжу цягам апошніх некалькі гадоў і ніколі не сутыкаўся з дадатковымі праверкамі, падчас знаходжання ў Беларусі не затрымліваўся, але ў выніку пры чарговай спробе заехаць у Беларусь адразу пасля пашпартнага кантролю быў затрыманы.
Таму варта адзначыць, што сітуацыя змяняецца ўвесь час і няма ніякіх гарантый, што чалавек, які раней заязджаў і выязджаў без праблем, не трапіць у поле зроку сілавікоў праз нейкія новыя факты яго пратэснай актыўнасці ў мінулым.
Затрыманне пасля вяртання ў Беларусь неабавязкова адбываецца адразу на мяжы. За некаторымі сілавікі прыходзяць праз некалькі дзён, альбо тэлефануюць і просяць прыйсці самастойна на размову.
Апроч усяго, на мяжы працягваюцца допыты ўкраінцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Размовы займаюць ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзінаў. Таму рэйсавыя аўтобусы вымушаны чакаць па некалькі гадзінаў іх вяртання.
Таксама нядаўна «Байсол» паведаміў пра ўзмоцненыя праверкі на мяжы пры выездзе з краіны.
Таксама сілавікі адсочваюць удзельнікаў беларускіх акцый салідарнасці, якія адбываюцца за мяжой. Так, Генпракуратура напрыканцы студзеня паведаміла, што «ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцый за мяжой». Усіх іх збіраюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Большасць з ідэнтыфікаваных з Варшавы (203 чалавекі).
Таксама ведамства згадала, што ва ўдзельнікаў акцыяў будуць шукаць маёмасць на тэрыторыі Беларусі, «у тым ліку зарэгістраваную на іншых асобаў». Вядома, што ў мінулыя гады сілавікі ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў замежных акцый.
Каментары