Мерц абяцае ўзмацніць незалежнасць ад ЗША і сумняваецца ў будучыні існавання НАТА
Будучы канцлер Германіі заявіў, што адміністрацыя Трампа не клапоціцца пра Еўропу і збліжаецца з Расіяй. На яго думку, кантынент павінен тэрмінова ўзмацніць сваю абарону, піша Politico.

Пра гэта Мерц заявіў у эфіры нямецкага тэлебачання ў нядзелю ўвечары, цытуе Politico.
«Маім абсалютным прыярытэтам будзе больш хуткае ўмацаванне Еўропы, каб крок за крокам мы маглі сапраўды дасягнуць незалежнасці ад ЗША», — сказаў Мерц.
Палітык, вядомы як прыхільнік НАТА, дадаў, што еўрапейцам можа спатрэбіцца выпрацаваць сваю альтэрнатыву Альянсу.
«Мне вельмі цікава паглядзець, як мы рухаемся да саміту НАТА ў канцы чэрвеня. Ці будзем мы ўсё яшчэ казаць пра НАТА ў яго цяперашнім выглядзе, ці нам давядзецца значна хутчэй ствараць незалежную еўрапейскую абараназдольнасць», — сказаў ён.
Мерц таксама дадаў, што ніколі не думаў, што яму прыйдзецца казаць такія рэчы. Але пасля заяваў Трампа на мінулым тыдні яму стала зразумела, што новая адміністрацыя прэзідэнта ЗША «абыякава да лёсу Еўропы».
Па яго меркаванні, Расія і ЗША яднаюцца «над галовамі Украіны, а значыць, над галовамі Еўропы». Будучы канцлер Германіі таксама не ўпэўнены, якой будзе пазіцыя ЗША адносна вайны ва Украіне ў бліжэйшыя тыдні і месяцы.
У Германіі Кансерватыўны блок ХДС/ХСС набраў найбольшую колькасць галасоў па выніках выбараў 23 лютага. Чакаецца, што Мерц стане наступным канцлерам краіны.
Каментары
хороша як гаворыць, асабліва пра зьменьшеньне залежнасьці ад Істазыі, якую мы лічылі харошай, а выявілася(аказываеца) дрэннай
Зрэшты, мы заўсёды ваявалі супраць Істазыі (выдатна памятаю)