Кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука дадалі ў «спіс тэрарыстаў»
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У ім з'явілася імя кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука.

Дзмітрый Кучук — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.
Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць Дзмітрыя завялі крымінальную справу.
Разглядаць справу пачалі 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачвалі па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
У снежні стаў вядомы прысуд палітыку — 6 гадоў калоніі.
Каментары