Нарвежская кампанія адмовілася запраўляць палівам вайсковыя караблі ЗША праз сварку Трампа з Зяленскім
Нарвежская нафтавая кампанія Haltbakk Bunkers заявіла, што спыніць пастаўкі паліва амерыканскім вайскоўцам, піша Kystens. Рашэнне было прынята пасля спрэчкі паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, прэм'ерам Штатаў Джэ Ды Вэнсам і ўкраінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Але працягнулася гэта рашэнне нядоўга.
«Сёння мы сталі сведкамі найбуйнейшага дзярмовага цырка, які калі-небудзь паказваўся ў прамым эфіры па тэлебачанні», — гаварылася ў пасце Haltbakk Bunkers.
У Haltbakk Bunkers падкрэслілі, што часова спыняюць пастаўкі паліва для амерыканскіх ваенных караблёў, якія заходзяць у нарвежскія парты. Таксама кампанія выказала падтрымку ўкраінскаму прэзідэнту, адзначыўшы яго «вытрымку».
— Мы заклікаем усіх нарвежцаў і еўрапейцаў рушыць услед нашаму прыкладу. Слава Украіне! — было напісана ў пасце Haltbakk Bunkers.
Але пазней паведамленне аб адмове супрацоўнічаць з ЗША было выдаленае.
Міністр абароны Нарвегіі Торы Сандвік пазней апублікаваў афіцыйную заяву, у якой гаворыцца, што Нарвегія працягне аказваць вайскоўцам ЗША паслугі:
«Мы бачылі паведамленні, у якіх выказвалася занепакоенасць наконт падтрымкі караблёў ВМС ЗША ў Нарвегіі. Гэта не адпавядае палітыцы нарвежскага ўрада. Я магу пацвердзіць, што ўся запытаная падтрымка была аказана. ЗША і Нарвегія падтрымліваюць цеснае і трывалае супрацоўніцтва ў сферы абароны. Амерыканскія войскі будуць працягваць атрымліваць ад Нарвегіі неабходнае забеспячэнне і падтрымку».
Каментары