Вайна1818

Дзяніс «Ваўкалак» Урбановіч расказаў жахлівую праўду пра вайну — пра свае пяць раненняў і 33 кантузіі, забітых таварышаў і гатоўнасць ваяваць

Тры гады таму лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч са сваімі таварышамі пайшоў ваяваць за Украіну. Дзяніс ваюе ў батальёне «Волат» з пазыўным Ваўкалак. За гэтыя тры гады ён быў паранены ў баях пяць разоў і атрымаў 33 кантузіі ад выбухаў снарадаў. Ён мог бы ўжо спакойна спісацца ў тыл, але працягвае ваяваць на перадавой. Пра свой баявы вопыт ён расказаў «Белсату».

Дзяніс Урбановіч. Фота з асабістага архіва суразмоўцы

— Якім быў твой першы дзень вайны?

— Мы жылі ў Кіеве на левым беразе ў прыватным доме. Памятаю, як выйшаў на двор, а там шум, свіст, крыкі. Упершыню ўбачыў ракету. Ляцела са свістам і раптам як бахнула. Патэлефанаваў Васю Парфянкову, ён сказаў, што ўжо едзе ў войска і каб мы далучаліся. Прыехалі Оскар [Аляксей Вайцяховіч], Тромблі [Ян Дзюрбейка], Альгерд [Алег Аўчыннікаў] і іншыя хлопцы.

Памятаю, абвясцілі каменданцкую гадзіну, і гэта доўжылася тры дні. У горадзе былі расійскія дыверсанты, і нельга было выходзіць на вуліцу. Мы былі ў беларускім бары «Торвальд», які дзейнічаў як бамбасховішча.

— Калі вырашылі ехаць на фронт?

— Мы знайшлі машыну і паехалі ў «Азоў». Не чакалі, што нас радасна сустрэнуць: «Беларусы! Жыве Беларусь!» Нас было чацвёра, потым прыехаў Ян Беларус і забраў нас з сабой. Стваралася рота беларусаў. Мы ахоўвалі ў Кіеве важныя аб'екты. Потым ужо хлопцы былі ў Ірпені, Бучы, дзе загінуў Зміцер Апанасовіч. Першая баявая рота была пад камандаваннем Волата [Павел Суслаў]. Другой баявой ротай камандаваў Дзядзька [Павел Шурмей]. А ротай выведкі камандаваў Борт (Павел Горбач).

Мы займаліся, трэніраваліся. Я тады аўтамат па 10 разоў на дзень разбіраў і збіраў. Гэта зараз можна пайсці і купіць якую хочаш зброю, а тады гэта было ўсё, што ў цябе ёсць. У самым пачатку траўня мы выехалі на Херсоншчыну і Мікалаеўшчыну. А 16-га там загінуў Волат.

Успомніў, як мы трэнаваліся ў «Азове», пайшлі ў лазню, Волат распрануўся, а ў яго ўвесь верх цела ў дзірках. Ён увесь пасечаны быў. Відаць, што ваяваў і што яму вельмі шанцавала… Пасля гэтага мы ўдзельнічалі ў контрнаступе. Для нас гэта было ўпершыню — штурмы, баі.

На здымку: Альгерд, Тромблі, Оскар, Ваўкалак. Фота ў уласнага архіва Дзяніса Урбановіча

— Які адразу быў настрой у хлопцаў?

— Тады адбыўся першы раскол. Прыехаў да нас з ПКК Кіт і пачаў угаворваць не хадзіць на баявыя, таму што мы можам усе загінуць. Ён праводзіў гутаркі з многімі. Наогул, гэта падбухторванне да невыканання загаду. Але я сабе вырашыў, што буду ваяваць. І тыя хлопцы, якія таксама так вырашылі, засталіся ў батальёне «Волат» пад камандаваннем Брэста (Івана Марчука). Мы тады выканалі баявую задачу, і ніхто не загінуў, праўда, было шмат параненых, і я ў тым ліку.

— Першае раненне? Як гэта было?

— Брэст па рацыі папрасіў дапамогі. Яны неслі па полі параненага камандзіра без нагі з кантузіяй. А мы паўтара дня на нагах, не спалі. Піць хацелася моцна. Піў з нейкіх лужын. Узяў з сабой чатырох хлопцаў. Калі мы ўжо амаль дайшлі, раптам выбліск — і ўсё. Хлопцы сказалі, што я ляцеў метры са два, аўтамат у адзін бок, сам — у другі, нават у палёце распрануўся крыху. Так бывае. Ачуняў у шпіталі. Нічога не чую, у вачах усё разбягаецца.

Потым патэлефанаваў мне Васіль Парфянкоў і сказаў: «Ну, віншую цябе з першым раненнем. Цяпер ты такі, як і я, кантужаны». Пасмяяліся з ім.

Да мяне ў шпіталь прыязджалі Сябро [Васіль Парфянкоў], Атам [Васіль Грудовік], Папік [Вадзім Шатроў], Тромблі і Мыш. Ужо нікога з іх няма ў жывых. Тромблі трапіў у палон, і мы да гэтага часу не ведаем пра яго лёс. Я, як вярнуўся на базу, зайшоў у пакой, дзе мы жылі. Вось на ложку Тромблі ляжаць яго рэчы, як быццам нічога не здарылася. Заплакаў…

— І як пасля гэтага працягваць ваяваць?

— Трэба працягваць. Вярнуўся ў строй. Стаў камандзірам групы. Маім камандзірам стаў Мыш (Міраслаў Лазоўскі). Мы яго потым паміж сабой генералам звалі. Яго ўсе вельмі паважалі. Ніколі не было канфліктаў. Калі нехта накасячыў, то ён ведаў, як трэба пакараць, каб чалавек зразумеў. Ён быў не проста добры камандзір, а яшчэ і добры чалавек.

— Большую частку часу баі на Данбасе. Як успрымаецца гэты рэгіён?

— Я Данбас вельмі палюбіў. Гэта святая зямля.

— Калісьці вельмі шанавалася Арцёмаўскае шампанскае, і ўсе хацелі менавіта яго мець на навагоднім стале.

— Я ж адну скрыню вынес пад абстрэламі і раздаў. Адну бутэльку пакінуў сабе на дзень народзінаў. Мне потым казалі, што дарма раздаў, таму што гэта зараз такі рарытэт — тысячу долараў за бутэльку.

Новы год з 2022 на 2023 год мы адсвяткавалі ў Бахмуце. Па тым заводзе шампанскіх вінаў расейцы стралялі з танкаў. Некалькі хлопцаў тады кантузіла. Мы ж туды прыехалі ад самага пачатку, калі горад быў цэлы. Бывала такое, што за адзін дзень адбівалі тры-чатыры штурмы. Вось там я ўпершыню бачыў, як галовы адрывае ад выбуху. Нашыя хлопцы-беларусы, якія выносілі параненых, перавязвалі, ваявалі, усе там загінулі.

— Высокая смяротнасць?

— Ну, трэба разумець, што актыўна ваяваць там, дзе ваююць беларусы, менавіта ў такім падраздзяленні, з самага пачатку вайны і застацца за тры гады ў жывых — гэта далёка не ўсім удаецца. Асабліва цяпер, калі дроны з'явіліся.

Эдуард Пальчэўскі і Дзяніс Урбановіч. Фота з уласнага архіву Дзяніса Урбановіча
Сяргей Пальчэўскі і Дзяніс Урбановіч. Фота з уласнага архіва Дзяніса Урбановіча

— Мінамётнікі страляюць за пяць кіламетраў ад месца дыслакацыі суперніка. А як у выведнікаў? Як выглядае гэты кантактны бой? Твар суперніка добра відаць?

— Вядома. Некалькі разоў глядзелі вочы ў вочы. Упершыню гэта было, калі мы падышлі да акопа, бачу, што там сядзяць, пытаю: «Вы з 42-й брыгады? Гасло?» Той маўчыць. Мы ж не ведалі, што гэта расейцы. Украінцы адышлі і нам нават не сказалі.

Чую: унізе затвор перасмыкнулі. І тады я зразумеў, хто яны, стрэліў раней. Чатыры дні мы ваявалі там менавіта ў кантактных баях. Атрымаў тады кулявое раненне, і хлопцы таксама. Мяне эвакуявала Север [Настасся Махамет]. Яна перадала на базу, што я загінуў. Спынілася сэрца на хвіліну і некалькі секундаў. Я памятаю, як мяне нешта нібы стукнула. Я расплюшчыў вочы, а яна: «Ты што?!» І на базу перадае: «Ваўкалак 300, 300! Не 200!».

Мне хлопцы расказвалі, што калі Мыш пачуў, што я 200-ы, то проста ўпаў на крэсла ў штабе. Штаб — гэта падвал дому. Я памятаю, як мяне занеслі ў падвал, маску надзелі, я сваю дзірку ў грудзях разглядаў і пляваў згусткамі крыві.

У мяне было адчуванне, што я сапраўды не памру. Размаўляў нават перад аперацыяй. Аперыравалі ў падвале, потым пераправілі мяне ў Дружкоўку, а адтуль у Дняпро на месяц, бо цяжкае раненне. Так пачаўся 2023 год. Вярнуўся ў Бахмут, і былі мы там да 16 траўня.

— Там тады ваявалі вагнераўцы Прыгожына. Як на практыцы адбываліся гэтыя мясныя штурмы?

— У Бахмуце мы сутыкнуліся з прыгожынскімі зэкамі. Ну, вось ідуць на «Азоў» шэсць зэкаў. Іх знішчаюць. Праз хвілін сорак ідуць дзесяць. Яны ішлі апранутыя хто ў чым. Што скралі, у тым і ішлі. Адзін іхні 200-ы нават ляжаў у жаночых ружовых ботах. Іх расстрэльваюць, а праз паўтары гадзіны ідуць дванаццаць чалавек. Гэтыя дванаццаць з трупаў робяць брустверы і з-за іх адкрываюць агонь. Знішчаюць і гэтых, а праз гадзіну ідзе іншая група. І яны будуць ісці да таго часу, пакуль не адыдзеш.

І, паверце, адыходзіць даводзілася. Іх магло ісці за дзень па сотні чалавек. У «Вагнеры» людзей не лічылі. «Вагнер» зэкамі прамацваў агнявыя пункты, пазіцыі. Таму зэкі для іх былі расходным матэрыялам. Мы ж трымалі ўжо ўсяго толькі 0,3 % гораду. Усё астатняе было занята. Да гэтага часу не разумею, які сэнс было столькі біцца за гэты кавалачак, бо столькі людзей страцілі.

З Міраславам Лазоўскім. Фота з уласнага архіву Дзяніса Урбановіча
З Міраславам Лазоўскім. Фота з уласнага архіва Дзяніса Урбановіча

— Горад быў акружаны. Як выбіраліся адтуль?

— Заставалася пару дамоў, і адтуль ішла сцежка жыцця. Мы ляжалі пад заваламі. Кагосьці адразу заваліла да смерці. Я быў паранены і ляжаў пад грудай цэглы і нейкай арматуры. Мне пашчасціла — трапіла па нагах і па галаве. Якіх сантыметраў дваццаць бліжэй — і ўсё. Сам вылезці не мог. Трымаў у руцэ гранату, бо літаральна за некалькі метраў ад нас расейцы крычалі нам, каб мы выходзілі, здаваліся.

Раптам бачу каскі з зялёнай стужкай. Я крыкнуў: «Спадарства! За намі дапамога! Хто жывы?» Мяне адкапалі. І тут такое пачалося! Мне ўкалоў медык абязбольвальнае, і яго ў наступную хвіліну самога забіла.

Па гэтай апошняй сцежцы жыцця хто сам ішоў, каго неслі. Адзін украінец нёс у руцэ сваю другую руку. А ўсе скрываўленыя, брудныя, адзенне падранае, кульгаюць… Я ўспомніў фільм пра зомбі. Ну, дакладна як кадры адтуль…

Там, у «Бахмуцкай мясарубцы», загінуў Міраслаў Лазоўскі… Наш хлопчык 19-гадовы з кулямётам быў на першым заданні. Накрышыў іх дзясяткі, але і сам загінуў. У першым жа баі. Не магу забыць і не магу, на жаль, зараз назваць ягонае імя… Усе нашыя беларусы, якія там у Бахмуце ваявалі, заслугоўваюць вялікай павагі. Ведаеце, калі ты з чалавекам бляшанку тушонкі дзеліш, разам у бой ідзеш, размаўляеш, разам перажываеш, і потым ён гіне, то гэта вытрымаць цяжка вельмі. У нас былі самыя лепшыя хлопцы. Яны маглі стаць элітай нашага грамадства…

— Але пасля зноў у бой? Кляшчэеўка, мабыць, не меншае пекла ў параўнанні з Бахмутам?

— Кляшчэеўка гэта быў невыносны смурод. Усё было ўсеяна трупамі расейцаў.

— Іх не забіралі свае?

— А хто іх забярэ? Яны ішлі на штурм, мы іх забілі і прайшлі ўперад. Усё. Яны ўжо ляжаць у нашым тыле. А гэта быў пачатак верасня. Спякота. Яго ўчора застрэлілі, а сёння па ім ужо апарышы поўзаюць. Дык яшчэ ж і ў падвалах, дзе мы самі сядзелі, іх трупы таксама валяліся. Іх адтуль жа таксама ніхто не даставаў. Заматаў там нешта, ссунуў іх убок і сам спіш.

Там была сітуацыя, калі мы ўчатырох пайшлі на штурм. У мяне разарвала аўтамат, гранаты скончыліся і толькі ў аднаго байца была зброя. І тут нам па рацыі перадаюць, што за 20 метраў на нас ідуць 6 чалавек. І, дзякуй Богу, адзін наш беларус адкрыў агонь. Не магу назваць яго імя. Спадзяюся, што ён прачытае гэтае інтэрвʼю. Ён іх усіх ліквідаваў. А каб не ён, то ніхто б з нас нічога не змог бы зрабіць: я ляжаў, быў паранены ў руку і кантузіла так, што з вуха кроў ішла, другі ляжаў з пяткай адарванай і асколачнае, у трэцяга кулявое…

У такія моманты збіраеш свае ўсе сілы. Трэба адыходзіць, інакш… Іншыя беларусы нам прыкрывалі адыход. Нас потым, калі прывезлі на хуткіх, выйшлі камандзіры ўкраінцы і сказалі: «Дзякуй вам, беларусы. Вы вызвалілі 270 метраў нашай зямлі»…

— 270 метраў… А былі такія моманты, калі паўставала пытанне: што мы тут робім? Гэта не наша зямля.

— Па-першае, украінцы — нашыя суседзі, па-другое, у нас агульны вораг. З беларусамі гэты вораг зрабіў бы тое ж самае. Ворага трэба знішчаць, дзе б ён ні знаходзіўся. Чым менш «русского мира», тым лепш людзям усяго астатняга свету. Я нікога не заклікаю. Але ў свой час мне ўкраінцы дапамаглі, а зараз я ім дапамагаю змагацца з ворагам.

— Столькі часу быць у такім пастаянным стрэсе проста за мяжою магчымасцяў чалавека. Усяму ёсць мяжа. Як прыйсці ў нармальны стан?

— Лепш за ўсё мяне лечыць лес. У нас быў сваяк, які пасадзіў дубовы гай і лес, а сам з'ехаў у Амерыку. І ён часам прасіў у лістах, калі ёсць адтуль баравічкі, то перадаць яму крыху. Для яго гэта быў самы дарагі падарунак.

У мяне ёсць танны матацыкл, і я на ім езджу ў лес. Хаджу, дыхаю, дом успамінаю. Напэўна, мне патрэбная псіхалагічная дапамога. Я часам сам не разумею, як гэта я ўсё вытрымаў. А можа, і не вытрымаў. Але трымаюся.

Самае горшае, што даводзілася ваяваць на два фронты. Бо яшчэ і кіраўніцтва ПКК нам пікі ўстаўляла. Ведаем, што са спісаў на ўзнагароджанне нас выкрэслівалі, ды і іншае таксама было. Горш за ўсё, калі свае табе нож у спіну ўтыкаюць.

— Можа, пара ўжо рапарт на стол? Можа, хопіць спакушаць лёс?

— Я пакуль яшчэ паваюю. Але выехаць на тыдзень, змяніць абстаноўку хочацца. Хочацца паглядзець на мірнае неба, дзе няма вайны. Магчыма, праз пару месяцаў і ўдасца.

Каментары18

  • Петруха
    03.03.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Belarusin
    04.03.2025
    Сапраўдны герой, сапраўдны ваўкалак!
  • Glock17
    04.03.2025
    Калі ідуць на абардаж,
    І поўніць полымя прасцяг
    Да верху мачты - экіпаж
    Цвікамі прыбівае сцяг.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць