Алексіевіч пра вызваленне палітвязняў: Трэба размаўляць з Лукашэнкам
Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у каментары «Белсату» падзялілася сваімі думкамі наконт вызвалення палітвязняў і будучыні Беларусі ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны і планамі ЗША датычна спынення вайны.

На думку Святланы Алексіевіч, цяпер трэба рабіць усё, што можа вызваліць палітвязняў — размаўляць з Лукашэнкам, з усімі, хто нейкім чынам можа паўплываць на сітуацыю.
«Бо чалавечае жыццё вышэй за ўсё. Трэба думаць толькі пра гэта, каб яны былі на волі — нашыя людзі. Яны чакаюць. Я размаўляла з Палінай (Шарэндай-Панасюк, былой палітзняволенай — рэд.). Яны вельмі чакаюць», — кажа пісьменніца.
Нобелеўская лаўрэатка дапускае адмену санкцыяў, магчыма, не ўсіх, але кажа, што «штосьці можна зрабіць, каб іх выпусціць».
«Я за тое, што трэба зрабіць усё», — падкрэслівае Алексіевіч.
Будучыня Беларусі бачыцца суразмоўцы «Белсату» туманнай:
«Я баюся, што мы — маленькая краіна — трапілі ў вялікую геапалітычную гульню. І мы як разменная манета. І ў нас нібы няма асобнага жыцця — яно ўвесь час ад некага залежыць. Для мяне сёння будучыня прадстаўляецца вельмі туманнай і вельмі жорсткай для нас. І гэта страшна».
Пісьменніца мяркуе, што калі Пуцін прымусіць Лукашэнку ўступіць у вайну з Украінай, у Беларусі можа распачацца грамадзянская вайна, бо «краіна падзялілася».
«Я не палітык, але адчуваю, што штосьці цёмнае насоўваецца на нас. Падзеі адбываюцца незалежна ад нас. <…> Увесь свет спужаўся Трампа. І калі іх двое — Трамп і Пуцін — гэта небяспечна для свету», — рэзюмавала нобелеўская лаўрэатка.
Каментары