Сілавікоў з «экстрэмісцкім мінулым» не будуць абслугоўваць у медустановах МУС
У МУС прынялі інструкцыю пра тое, як будуць пазбаўляць і аднаўляць права на бясплатнае лячэнне для асобных катэгорый грамадзян у ведамасных установах здароўя. Пастанова апублікавана сёння на Нацыянальным прававым партале.

Дакумент датычыць сем'яў супрацоўнікаў ДФР КДК, Следчага камітэту, органаў унутраных спраў, МУС, МНС, ГКСЭ, якія маюць права на бясплатнае медабслугоўванне. Таксама пад яго дзеянне трапляюць пенсіянеры і чальцы іх семʼяў, якія служылі ў названых органах.
У інструкцыі прапісана, як складаюцца спісы грамадзян, якія маюць права на абслугоўванне ў ведамасных установах аховы здароўя. А пасля гэтага інфармацыйны цэнтр МУС будзе правяраць, ці ёсць у банку даных запісы пра парушэнні, што можа стаць падставай для выключэння з такога спісу. Разглядаць гэтыя спісы і прымаць па іх рашэнні будзе адмысловая камісія, склад якой вызначаць у МУС.
У спісе адміністрацыйных правапарушэнняў, за якія могуць пазбавіць права на бясплатнае медабслугоўванне, пазначаныя пʼяная язда, прастытуцыя, прапаганда нацысцкай сімволікі. Таксама ў яго трапіў шэраг «экстрэмісцкіх правапарушэнняў»: наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый, выраб і распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі, непадпарадкаванне службовай асобе, абраза службовай асобы, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Каментары