Літаратура

У Аляксандра Чарнухі днямі выходзіць новая кніга. Пра што гэтыя апавяданні?

Аўтар «Свінняў» Аляксандр Чарнуха выпускае новую кнігу пад назвай «Гвалт» — і абяцае, што гэта будзе зусім іншая гісторыя. Распыталі пісьменніка падрабязней, чаго чакаць ад новага выдання і наколькі паспяховым аказаўся выпуск мінулай кнігі.

Фота: «Наша Ніва», архіў Аляксандра Чарнухі

Строга кажучы, у «Гвалце» не адна гісторыя: гэта дзесяць асобных апавяданняў, розныя і па тэмах, і па стылі. Але іх аб’ядноўвае тое, што ўсе гэтыя сюжэты датычныя гвалту ў розных яго відах. 

У адрозненне ад «Свінняў», новая кніга не мае ў сабе нічога смешнага — гэта размова на зусім іншыя тэмы, кажа Чарнуха:

«Гвалт можа тычыцца смяротнага пакарання, пра якое напісанае адно з апавяданняў, а можа тычыцца кэнсэлінгу, як у іншым апавяданні. Яны напісаныя ад імя розных персанажаў, напрыклад, ад імя дзяўчыны, мужчыны, дзіцяці. 

Яны склаліся ў кніжку, у якой кожны можа знайсці нешта сваё. Камусьці спадабаецца апавяданне «Коцікі» — яно больш лірычнае і, мне падаецца, самае светлае ў гэтай кнізе. Камусьці можа спадабацца нешта змрочнае кшталту апавядання «Глобстэр» ці «Чарапаха».

Цэнтральнай думкай кнігі Аляксандр называе ідэю, што гвалт ёсць часткай чалавечай прыроды і кожны чалавек — адначасова і ахвяра, і гвалтаўнік. Апавяданні даследуюць прыроду гэтага гвалту, і пісьменніку хацелася б запусціць дыскусію ў грамадстве.

Першым з дзесяці апавяданняў кнігі стала «Рука» — гэты твор Аляксандр называе апошнім у сусвеце «Свінняў». Гэта гісторыя пра памерлага чыноўніка, якога выкопваюць з труны і ставяць перад публікай, каб ён зрабіў важную прамову.

Ёсць у «Гвалце» апавяданне, якое стала для Аляксандра вельмі асабістым:

«Яно пра маю маці, якая ў 2016-м памірала ад цяжкай хваробы. Мне было вельмі складана пісаць гэтае апавяданне, бо той перыяд быў самым цяжкім у маім жыцці: паралельна з тым, што хварэла маці, у мяне адбываліся суды. Гэта былі суды з медычным цэнтрам, дзе лячылася дзяўчына, у якой своечасова не дыягнаставалі рак — на інтэрв'ю да мяне яна прыйшла з 4-й стадыяй хваробы.

Я тады працаваў журналістам у «Анлайнеры» і напісаў пра гэтую дзяўчыну тэкст. За гэта на мяне і на выданне, у якім я працаваў, падаў у суд доктар з таго медычнага цэнтра. Ужо калі быў пададзены пазоў, высветлілася, што гэты ж самы доктар 20 гадоў таму рабіў аперацыю маёй маці, магчыма, выратаваў яе. Я штораніцу прачынаўся ў аддзяленні хіміятэрапіі — спаў у калідоры, каб дапамагаць маці. А потым ехаў у суд, каб судзіцца з доктарам, які рабіў ёй калісьці аперацыю. Суд мы выйгралі — гэта здарылася ўжо пасля таго, як не стала маці, а пасля і гераіні майго тэксту».

Яшчэ адно складанае апавяданне — «Чарапаха». Гэта пераасэнсаванне гісторыі дзяўчынкі з Самалі, якую згвалтавалі вайскоўцы, а пасля ёй жа за гэта прысудзілі смяротнае пакаранне праз публічнае забіванне камянямі на стадыёне. 

На кнігу ў Аляксандра сышло больш за год. Але ён удакладняе, што пісаў апавяданні вельмі расцягнута ў часе — маўляў, гэта не тая праца, калі ты сядзіш і пішаш цэлымі днямі, ёсць і іншыя праекты. Апошнія з апавяданняў былі дапісаныя ў лістападзе-снежні 2024-га.

Чарнуха расказвае, як шукаў шляхі выпусціць кнігу. Спачатку двойчы падаваў заяўку на падтрымку па праграме Artpower ад Беларускай рады культуры, але яе абодва разы не ўзгаднілі. Аляксандр кажа пра супярэчнасці ў каментарах, што ён атрымаў ад экспертаў, якія ацэньвалі заяўку.

Тады пісьменнік запусціў краўдфандынг на выданне кнігі — дапамагла новаствораная платформа Gronka. Атрымалася сабраць 4385 еўра: гэта не ўся сума збору, які выстаўлялі на платформе, але гэтага хапіла, каб кніга ўсё ж выйшла. Яе наклад — 1000 асобнікаў. Жонка пісьменніка, мастачка Таісія Чарнуха, намалявала да кнігі 10 ілюстрацый і вокладку.

Пабачыць, што атрымалася, можна будзе зусім хутка — 23 студзеня стартуе продаж кнігі. У гэты ж дзень у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі пройдзе прэзентацыя.

Кніга выходзіць у выдавецтве «Янушкевіч», так што набыць яе можна будзе ў кнігарні «Кнігаўка» ці на яе сайце.

Пасля прэзентацыі ў пісьменніка пачнецца тур па ЗША з новай кнігай пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы.

Што да «Свінняў», агулам прадалося тры наклады беларускай версіі рамана і два наклады версіі па-руску, а таксама некалькі соцень экзэмпляраў у электроннай версіі.

Цяпер кнігу чытаюць прыкладна ў 60 краінах — ад Канады і Бразіліі да Паўднёвай Карэі і Аўстраліі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»4

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я9

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

На выбарах у Грэнландыі перамагла партыя, якая выступае за саюз з Даніяй

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га6

Ціханоўская: 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі4

«Мы ж браты». Даведаліся, навошта для школ Магілёўскага раёна закупілі расійскія сцягі20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»4

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць