Старадаўнія карты і планы ўяўляюць вялікую цікавасць для даследчыкаў. Яны паказваюць рост горада, змены яго вулічнай сеткі, з’яўленне і знікненне найбольш знакавых аб’ектаў гарадской забудовы. Больш за дваццаць картаў і планаў Гродна, як арыгіналаў, так і копій, можна пабачыць на выставе, якая адкрылася 7 лютага ў Авальнай зале Новага замка, піша Hrodna.life са спасылкай на «Гродзенскую праўду».

Пра тое, якія цікавыя старыя карты Гродна сталі экспанатамі выставы, піша на старонках «Гродзенскай праўды» Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Як з’явілася першая ў свеце карта і пры чым тут від з вежы
Раней карты больш нагадвалі прыгожыя малюнкі гарадоў. Іх стваралі як від з узгорка або высокай вежы. Таму не было гаворкі пра дакладнасць у адлегласцях і прапорцыях будынкаў.
Лічыцца, што першую сапраўдную карту (у сучасным разуменні гэтага слова — як від зверху) прыдумаў у 1502 годзе для горада Імола ў Італіі мастак і вынаходнік Леанарда да Вінчы. Карыстаючыся компасам і яшчэ некалькімі простымі прыладамі, вучоны стварыў карту, прынцып якой пасля стаў усеагульным і перайшоў з паперы ў нашы смартфоны, планшэты і камп’ютары.
Старая карта Гродна з папялішчамі
Прадстаўленыя на выставе ў Новым замку карты і планы Гродна ахопліваюць часавы перыяд з пачатку XVIII стагоддзя да сярэдзіны ХХ. Самы стары план — так званы «Стакгольмскі план» 1706 года. Гэта намаляваны шведскімі вайсковымі картографамі від расійскіх вайсковых умацаванняў Гродна часоў Паўночнай вайны.
На так званай «Дрэздэнскай карце» Гродна 1753 года цёмнымі плямамі паказаныя часткі горада, знішчаныя чарговым пажарам. На гэтым плане добра бачны толькі нядаўна пабудаваны Новы замак.
З фондаў Расійскага вайскова-гістарычнага архіва паходзяць планы Гродна 1783 і 1795 гадоў. План 1783 года, створаны гродзенскім землямерам Юзафам Маркевічам, унікальны і вельмі важны для даследчыкаў — на ім паказаныя ўласнікі ўсіх дамоў Гродна амаль два з паловай стагоддзя таму.

Юзаф Маркевіч — выключная, хаця і малавядомая ў горадзе асоба. У часы гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза землямер Маркевіч правёў памеры ўсёй Гродзенскай эканоміі, стварыўшы яе рукапісную карту. Таксама ён узначаліў школу каморнікаў (землямераў), што выпускала запатрабаваных спецыялістаў-геаметраў, якіх на сучасны лад можна назваць супрацоўнікамі бюро тэхнічнай інвентарызацыі.
Маркевіч праектаваў новыя мястэчкі, дарогі, ствараў карты рэк і праекты каналаў. Свае творы геаметр аздабляў выявамі вясковых пейзажаў, часам нават паказваючы сябе за працай. Ягоная грандыёзная карта Гродзенскай эканоміі нават мае подпіс на лацінскай мове dulcis quies fessis («салодкі адпачынак стомленым»).
Першы генплан Гродна
Пасля 1795 года, калі беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі, губернскі Гродна рос, прырастаў новымі кварталамі, мастамі, чыгункай, водаправодам. Таму захавалася даволі шмат планаў другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя.
Адзін з самых цікавых, які экспануецца на выставе, — «План праектаванага горада Гродна», створаны ў 1882 годзе. Гэта першы генеральны план разбудовы горада, які ніколі не быў рэалізаваны. Да прыкладу, так і не была пабудаваная запраектаваная праваслаўная царква ў раёне сучаснай вуліцы Міру. Рэч у тым, што страшны пажар 1885 года паставіў перад гараджанамі зусім іншыя задачы па адбудове пацярпелай ад стыхіі губернскай сталіцы. Гэты план, як і некаторыя іншыя, рупліва адноўлены музейнымі рэстаўратарамі.
Шмат планаў Гродна стварылі расійскія вайскоўцы, якія на працягу больш чым ста гадоў збіраліся пераўтварыць горад на Нёмане ў непрыступную крэпасць. На выставе размешчаныя два планы крапаснога будаўніцтва ў Гродне — 1810 і 1914 гадоў, хаця такіх праектаў насамрэч было нашмат больш. І калі ў пачатку XIX стагоддзя праекты новай крэпасці прадугледжвалі пабудову амаль у самым цэнтры Гродна вялікай цытадэлі, то праз сто гадоў горад планавалася ахапіць лініяй фартоў па акружнасці у 70 кіламетраў.
Наведвальнікі выставы могуць убачыць план забудовы цэнтральнага вайсковага гарадка Гродзенскай крэпасці на месцы фальварка Валюш, які з часам стаў цэлым раёнам горада з назвай Фолюш.

Чым адрозніваецца карта ад плана?
План — гэта чарцёж невялікага кавалка зямной паверхні, які, як правіла, адлюстроўвае толькі забудову ўчастка або нешта іншае, важнае для карыстальніка. Напрыклад, участак ракі або надзел зямлі.
Карта — гэта зменшаная абагульненая выява зямной паверхні, выкананая ў картаграфічнай праекцыі з паказам бакоў свету, маштабу і ўмоўных знакаў.
На карце — вайсковыя часці фашыстаў
Пасля Першай сусветнай вайны горад патроху адбудоўваўся. Узнікла патрэба ў паўнавартаснай карце. Тым больш да гэтага Гродна не меў дакладнага плана, дзе былі б паказаныя ўсе яго будынкі, а таксама вышыні над узроўнем мора. Між тым гэта было неабходна для разбудовы водаправода і пракладкі гарадской каналізацыі.
Пасля доўгіх дыскусій гарадскі магістрат заплаціў вялікую суму грошай землямеру інжынеру Францішку Аўгусцінку за стварэнне першага такога плана. Так званы «план Аўгусцінка» з’явіўся ў пачатку 1930-х гадоў і выкарыстоўваўся гарадскімі службамі да пачатку 1960-х.
Самы позні план, які прэзентуецца на выстаўцы, — нямецкі план Гродна часоў Другой сусветнай вайны. На ім савецкія падпольшчыкі нанеслі месца размяшчэння нямецкіх вайсковых часцей. Так надрукаваныя нацыстамі карты дапамагалі партызанам і падпольшчыкам.
Планы з Расійскага вайскова-гістарычнага архіва і іншых замежных архіўных сховішчаў на выставе прадстаўлены копіямі, планы з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея арыгінальныя. Карты дапоўненыя іншымі экспанатамі — старымі паштоўкамі, фотаздымкамі, кнігамі і прадметамі, якія маюць дачыненне да таго месца, якое паказана на карце. Усяго на выстаўцы можна ўбачыць каля трыццаці картаў і планаў Гродна і яго асобных частак.
Выстава працуе штодзённа (акрамя панядзелка) з 10.00 да 18.00. Кошт уваходнага квітка — 3 рублі.
Каментары