Культура1717

У Харкаве паставілі помнік мастаку беларускага паходжання. Сувязь з Беларуссю замоўчваецца

Сусветна вядомы «ўкраінскі мастак польскага паходжання» Генрык Семірадскі, аўтар знакамітых «Паходняў Нерона», насамрэч паходзіць з беларускай шляхты.

Помнік Генрыку Семірадскаму, устаноўлены каля Харкаўскага ўніверсітэта. Фота: Харкаўская гарадская рада

Бронзавы помнік Семірадскаму адкрылі каля паўночнага корпуса Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В. Н. Каразіна да 220-годдзя навучальнай установы. Пра гэта паведамляе прэс-служба гарадской рады. 

Украінскія медыя згадваюць пра тое, што мастак нарадзіўся ва Украіне і атрымаў адукацыю ў Харкаўскім універсітэце, пра яго польскае паходжанне, але ні словам не згадваюць Беларусь, адкуль выйшлі ўсе яго продкі і з якой звязаная яго творчасць у большай меры, чым з Украінай. 

Генрых Семірадскі. 1902. Фота: Wikimedia Commons

Генрых Семірадскі нарадзіўся 12 (24) кастрычніка 1843 года ў сяле Нова-Белгарад Харкаўскай губерні, але гэта звязана выключна з тым, што ўланскі полк, у якім ротмістрам служыў ягоны бацька Іпаліт, быў раскватараваны ў гэтым горадзе.

Сам жа бацька быў шляхціцам Навагрудскага павета, а маці, Міхаліна Прушынская, якая ездзіла следам за сваім мужам, нарадзілася ў Каралішчавічах пад Мінскам. Хрысціў малога дзядзька Міхаліны Гектар Прушынскі, слуцкі абшарнік, які быў генерал-маёрам таго самага палка.

«Польскае паходжанне»

Што тычыцца «польскага паходжання», то, калі не лічыць спаланізаванасці шляхты, яно не прасочваецца зусім.

Як высветліў беларускі даследчык Зміцер Юркевіч, першыя згадкі пра Семірадскіх у Вялікім Княстве Літоўскім адносяцца да самага пачатку XVII стагоддзя — у 1602 годзе адзін з прадстаўнікоў роду займаў урад лідскага стольніка. 

Міхал і Тэкля з Валянскіх Прушынскія, дзед і бабуля мастака, валодалі Каралішчавічамі пад Мінскам. Фота: Wikimedia Commons

Натуральна, што ў крыніцах, прысвечаным «польскаму мастаку», прозвішча Семірадскага звязвалася з назвай польскай вёскі Семірадзь, што ў Сандамірскай зямлі. Гэтаму няма ніякага пацвярджэння.

Самі Семірадскія герба «Траска» з Мінскай губерні, пацвярджаючы сваё шляхецтва, пісалі, што іх продак перабраўся з Падолля, і што прозвішча яго гучала інакш — Сяміградскі. Падолле мяжуе з Трансільваніяй, якая ў нашых краях была вядомая як Сяміграддзе. Стэфан Баторый, які паходзіць з гэтых краёў, быў князем сяміградскім.

Прозвішча сапраўды пісалася інакш, толькі ў сярэдзіне XVIII стагоддзя Сяміградскія канчаткова сталі Семірадскімі. Але дакладных звестак пра перасяленне ў ВКЛ роду Сяміградскіх таксама не выяўлена.

«Танец сярод мячоў» (паменшаная аўтарская копія са страчанага арыгінала). Дзяржаўная Траццякоўская галерэя. Фота: Wikimedia Commons

Не выключана, што гэта проста выдуманая легенда, каб падвысіць свой статус, чым займаліся многія шляхецкія рады. Куды больш верагодна, што назва паходзіць ад якой-небудзь беларускай вёскі, якой гэты род першапачаткова валодаў. Мёры далі назву роду Мірскіх, чаму б якім-небудзь старажытным Сямурадцам пад Туравам не даць імя Семірадскім?

Пра паходжанне сям'і маці вядома больш. Род паходзіць са Старой Прошанкі на Падляшшы. Як і роды Манюшкаў, Арэшкаў і Анцутаў, Прашынскія пасля адабрання Падляшша ў склад Польскай Кароны з часам перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе дасягнулі вялікіх поспехаў. Прушынскія аселі на Міншчыне, валодалі Лошыцай, Трасцянцом, Новым Дваром і Каралішчавічамі, а таксама іншымі маёнткамі ў Ваўкавыскім, Ашмянскім і Навагрудскім паветах.

«Фрына на свяце Пасейдона ў Элеўзіне». 1889. Дзяржаўны Рускі музей. Фота: Wikimedia Commons

«Украінскі мастак»

Бацькі Генрыка заахвочвалі яго для малявання, але не лічылі, што гэтая справа можа пракарміць сына, таму хлопец скончыў у 1864 годзе фізіка-матэматычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта. Ва ўніверсітэце выкладаў хросны бацька Генрыка, прафесар Аляксандр Міцкевіч, малодшы брат Адама Міцкевіча, а таксама многія выпускнікі зачыненага Віленскага ўніверсітэта.

Малады Генрык Семірадскі. Фота: Wikimedia Commons

Але станаўленне Семірадскага як мастака звязанае не з Украінай, а з Расіяй. У 1864 годзе насуперак волі бацькоў Генрык едзе ў Санкт-Пецярбург, каб паступіць у Акадэмію мастацтваў.

Семірадскі па ўзросце не мог быць вучнем і спадзявацца на пенсію пасля заканчэння акадэміі. Генрык паступіў як вольны слухач, але праз два гады дамогся пераводу сябе ў лік вучняў. За сваю дыпломную карціну «Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа» ён атрымаў залаты медаль і права на шматгадовую вандроўку па краінах Еўропы за казённы кошт.

«Светачы хрысціянства. Паходні Нерона». 1876. Нацыянальны музей у Кракаве. Фота: Wikimedia Commons

У 1873 годзе Семірадскі прыехаў у Каралішчавічы, радзіму маці, дзе закахаўся ў сваю стрыечную сястру Марыю. У тым жа годзе яны, з дазволу Папы Рымскага, які патрабаваўся пры блізкароднасных шлюбах, ажаніліся. Расійскія аўтары высакамерна пішуць, што жонка была з «глушы», але «хутка змагла адаптавацца да арыстакратычнага атачэння мужа, асвоіла італьянскую мову і заняла «дастойнае месца» ў яго жыцці», яўна маючы слабое ўяўленне пра род Прушынскіх і шляхецкую культуру ў той час.

Майстэрня Семірадскага ў Рыме. На фоне карціна «Хрысціянская Дзірцэя ў цырку Нерона». Фота: Wikimedia Commons

У Рыме, куды мастак выправіўся пасля жаніцьбы, Семірадскі стварыў свой галоўны шэдэўр на тэму старажытнага Рыма, якая стала магістральнай у яго творчасці. Карціна «Светачы хрысціянства» стала вядомай яшчэ да свайго завяршэння. Паглядзець на маштабнае палатно, якое адлюстроўвала здзекі з хрысціян, прыйшоў і вялікі брытанскі мастак Лоўрэнс Альма-Тадэма, які таксама зрабіў сабе імя на адлюстраванні антычнасці.

У беларускай «глушы»

І хоць мастак вырашыў стала пасяліцца ў Рыме, але ад расійскага падданства не адмовіўся, рэгулярна дасылаў свае творы на акадэмічныя выстаўкі ў Пецярбург і пастаянна прыязджаў на радзіму ў Беларусь.

Мастак пакінуў на беларускіх землях шмат мастацкай спадчыны, з якой не ацалела анічога. Карціны Семірадскага былі ў сядзібных дамах у Вольне, Гнезне, Красным Беразе, Вялікіх Навасёлках, Масалянах, Раванічах, Ракішках і, вядома, Каралішчавічах. 

«Пейзаж над Свіслаччу». 1873. Нацыянальны музей у Кракаве. У левым верхнім куце бачныя пазнавальныя сілуэты ажурнай каркаснай званіцы і драўлянага касцёла з сігнатуркай над апсідай, што дазваляе апазнаць мясцовасць як Каралішчавічы. Фота: Wikimedia Commons
Касцёл у Каралішчавічах у пачатку XX стагоддзя. Будынак захаваўся да нашага часу, але ў вельмі знявечаным стане. Фота: Wikimedia Commons 

Маляваў і мясцовыя краявіды. На малюнкі 1873 года патрапілі касцёл у Каралішчавічах і масток у Раванічах. Тады ж з-пад яго пэндзля выйшла алейная праца «Пейзаж над Свіслаччу», на якой, як лічаць беларускія краязнаўцы, таксама адлюстраваны Каралішчавічы. 

У сядзібе сваякоў Васілеўскіх і Цюндзявіцкіх у Гародні пад Оршай, дзе Семірадскі бываў шмат разоў, мастак размаляваў ледзь не ўсе пакоі. Салон для гульняў мастак ператварыў у альтанку, сталовую Семірадскі ўпрыгожыў намаляванымі галінкамі клёну, дуба і ясеня, на якіх сядзелі птушкі розных відаў. Бібліятэку размаляваў палявымі кветкамі, галінкамі язміну і пчоламі, якія былі заняты зборам ураджаю, або ляцелі кудысьці, па сваіх пчаліных справах. У кабінеце на столі быў намаляваны велізарны арол, а ў перадпакойчыку, таксама на столі, мастак адлюстраваў сокала. Натуральна, у драўлянай сядзібы не было ніякіх шанцаў перажыць войны і ліхалецці.

Памёр мастак у 1902 годзе ў маёнтку Стшалкаў, купленым ім для адпачынку пад Лоддзю. Спачатку быў пахаваны з бацькамі, але праз год палякі перанеслі яго парэшткі ў Крыпту заслужаных у Кракаве. Гэта ў цэлым і ўсё, што звязвае мастака з Польшчай.

«Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа». 1870. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Фота: Wikimedia Commons 

З усёй багатай спадчыны Семірадскага ў Беларусі на сёння захоўваецца ўсяго два творы: дыпломная карціна «Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа», якую выпрасіла Алена Аладава з фондаў Траццякоўскай галерэі для адроджанага Мастацкага музея ў Мінску, і невялічкая па памерах карціна, сёння вядомая пад назвай «Біблейскі сюжэт», якая выстаўляецца ў зале рускага жывапісу ў пінскім музеі Беларускага Палесся.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • Жвір
    15.02.2025
    Цудоўны, грунтоўны артыкул. Пакіну сабе.
  • Лайдак
    15.02.2025
    І чым яны адрозніваюцца ад "братоў з усходу"? Таксама ўсё сабе прысабечваюць і адмаўляюць існаванне Беларусі
  • Сигизмунд
    15.02.2025
    беларуса обидеть может каждый: то литовцы кусок истории присвоят,то украинцы художника украдут, про рашку вообще молчу....а может дело в самих беларусах с их обыяковости?!

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць