Шрайбман апісвае варыянты, як пры Трампе можа скончыцца вайна ва Украіне
Але галоўнай перашкодай можа стаць Пуцін.

«Падзеі апошніх дзён могуць здзіўляць толькі таго, хто па інерцыі лічыць прэзідэнта ЗША змагаром за нейкі супольны для Захаду інтарэс. Такім дзіўным, але ўсё ж стратэгічным сапернікам Расіі», — піша Арцём Шрайбман у фэйсбуку і прапануе перастаць сябе падманваць, бо
«супольнага інтарэсу калектыўнага Захаду няма, як і самога калектыўнага Захаду».
«Трамп прадстаўляе зусім іншы праект, антыліберальны і антыглабалістычны. У гэтай барацьбе ў яго ёсць апаненты ў асобе Еўрасаюза, Украіны, Канады, іншых мэйнстрымных гульцоў, і саюзнікі, накшталт Орбана, Фіцы, ультраправых партый Германіі, Францыі і тых, што з імі, і Пуціна.
Калі пачаць глядзець на дзеянні Трампа праз гэтую прызму — пакрокавага выбудоўвання партнёрства са сваім тактычным саюзнікам і ідэалагічным аднадумцам (…), каб разам падарваць ліберальны светапарадак, то ўсё становіцца на свае месцы і перастае выклікаць бесперапынны бамбёж і адчуванне здрадніцтва», — даводзіць аналітык.
Шрайбман заўважае, што Трамп «быў з намі сумленны, як ніколі» — адкрыта прадставіў сваю праграму на новы прэзідэнцкі тэрмін і не хаваў сваіх намераў. Калі хтосьці лічыў яго перадвыбарчыя заявы проста рыторыкай і чакаў, што ён будзе паводзіць сябе жарстчэй, напрыклад, у адносінах да Пуціна, то гэта ўжо іх памылковае ўспрыманне.
Аднак, як заўважае аналітык у новым выпуску ютуб-праекту «Гадзіннічак цікае», не ўсё ў руках Трампа. Рэалізацыі яго памкненняў могуць перашкодзіць шэраг фактараў: «Украіна можа не пагадзіцца, (…) ёсць шанец, што гэта стане ганьбай для Амерыкі, як Афганістан для Байдэна стаў, ёсць шанец, што Еўропа возмецца за розум і нешта будзе рабіць».

Аналітык заўважае, што няўпэўненасці ў тым, што Трампу ўдасца рэалізаваць свае планы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, яму дадаюць і вынікі яго першага прэзідэнцкага тэрміну:
«Мы можам паглядзець, як усе яго ідэі перагавораў заканчваліся. Па факце яны змаглі дасягнуць (…) толькі пагаднення паміж Саудаўскай Аравіяй і Ізраілем. Усе астатнія перагаворныя ініцыятывы Трампа на першым тэрміне скончыліся па адной мадэлі.
Ён уваходзіць у іх, спрабуе кагосьці запалохаць, скінуць нейкія дзікія прапановы, тарыфы, нейкія пагрозы, выхады са здзелак. Потым, наадварот, рэзка мяняючы тон, сустракаецца. А потым разумее, што хуткага прагрэсу дасягнуць немагчыма, страчвае цікавасць і ідзе ў іншы бок».
Шрайбман адзначае, што так было ў выпадку перамоваў з Паўночнай Карэяй, увядзення мытных тарыфаў на тавары з Кітая, ціску на Іран.
«І я думаю, што гэта цалкам сабе мадэль для ягонага ўдзелу ва ўкраінска-расійскай вайне. Паспрабуе, пабачыць, што ўсё ж такі і гэтыя не здаюцца, і Пуцін больш адсаджаны, чым хацелася б думаць, і добра, «варыцеся самі, мы пайшлі», — даводзіць аналітык.
На ягоны погляд, існуюць два базавыя сцэнары, як Трамп можа падысці да вырашэння вайны ва Украіне. Першы — гэта заключэнне перамір'я на ўмовах Пуціна. Трамп знаходзіць базавыя ўмовы міру, якія задавальняюць Маскву, і прапануе іх Кіеву, які пагаджаецца. Пры другім сцэнары Украіна адмаўляецца ад прыніжальных умоваў. Гэта дае Трампу магчымасць заявіць, што не Пуцін перашкаджае міру, а Украіна, і перастаць гэтым займацца.
«У першым сцэнары Украіна прыніжаная, Пуцін прыходзіць праз некалькі гадоў, але гэта ўжо не праблема Трампа. У другім сцэнары гэта не праблема Трампа яшчэ раней. Я думаю, што вось гэта для яго базавая наладка. Такія два нармальныя для яго сцэнары па выхадзе ЗША з гэтага канфлікту — перадача адказнасці за яго еўрапейцам, украінцам», — даводзіць Шрайбман.
У той жа час аналітык не ўпэўнены, што ўсё пойдзе менавіта на гэтых двух сцэнарах. Галоўнай перашкодай ён лічыць Пуціна.
«Думаць, што Пуцін такі вось прагматык, што ён гатовы проста за некалькі новых вёсак пагадзіцца спыніцца, ну гэта наіўнасць. Я думаю, што ў яго куды большыя планы, і, не атрымаўшы пад кантроль ці пад значны такі ўплыў Украіну, ён не адступіцца. Таму думаю, што можа ўсё праваліцца не з-за Трампа».
Што тычыцца Трампа, то, ён, на погляд Шрайбмана, «будзе ісці ў бок пераможнага твіта».
Каментары
Это как прогноз синоптика - магчыма дождж, мыгчыма не, магчыма сонца, магчыма снег. Все варианты перебрал. Аналиииитег