Томас Венцлава: Нацыянальная ідэя ў нас з беларусамі адна — здаганяць, Пагоня
Сусветна вядомы літоўскі паэт, пісьменнік, публіцыст Томас Венцлава выказаўся на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве пра нацыяналізм, папулярнасць правых сіл і каму ўсё ж такі належыць «Пагоня», піша Беларуская служба Польскага радыё.

Томас Венцлава, вядомы чалавек з грамадскага і культурнага жыцця Літвы, на гэтым тыдні сустрэўся з беларусамі ў Варшаве. Беларуская служба Польскага радыё прыводзіць некаторыя яго меркаванні наконт надзённых пытанняў.
Пра Вільню і Пагоню — каму яны належаць?
— Пра гэта мала хто ведае. Калі Літва вызвалялася, мы з'ехаліся ў Рыме — дэлегацыя эмігрантаў Літвы. Кіраўніком дэлегацыі быў Стасіс Лазарайціс, пазней ён быў кандыдатам у прэзідэнты, але яго не абралі. Таксама прыехалі палякі — ужо ад Леха Валэнсы, ад Міхніка, ад «Салідарнасці», і яны былі з Польшчы, ужо не эмігранты.
І мы пачалі казаць: вось мы вызваляемся. І калі будзем вольныя, ці не паб'ёмся мы тады з-за Вільні? Як габрэі і арабы б'юцца з-за Іерусаліма?
Выступіў Станіслаў Стома, дэпутат польскага сойма ад каталіцкай партыі, яго называлі другім Рэйтанам.
Першы Рэйтан — гэта Тадэвуш Рэйтан, ліцвін, дарэчы, з беларускіх земляў. Калі адбываліся падзелы Польшчы [ў XVIII стагоддзі і Сойм пакорліва галасаваў за гэтыя падзелы, ён лёг на парозе і сказаў, пераступайце праз мяне, калі вы пераступаеце праз сваю свабоду і незалежнасць.
А калі прымалі новую рэдакцыю польскай камуністычнай канстытуцыі, там было напісана, што Польшча — гэта сацыялістычная дзяржава, звязаная повязямі вечнага братэрства з Савецкім Саюзам. Стома быў адзіным дэпутатам, які сказаў «не, я супраць», бо многае можа змяніцца, гэтыя сувязі могуць змяніцца і наша грамадскае поле можа змяніцца. Мы не можам гэта запісваць у Канстытуцыі.
І Стома кажа: вы, літоўцы, два разы зрабілі нешта неймавернае. Першы раз вы сталі асобнай незалежнай краінай, чаго ніхто не мог чакаць. І другі раз вы атрымалі Вільню, чаго таксама ніхто не мог чакаць. Гэты цуд Гасподні ў абодвух выпадках. І вы яшчэ чагосьці хочаце.
А я кажу: «Вільня — гэта наш Іерусалім». На што ён адказаў, што Іерусалім не толькі габрэйскі. Іерусалім — сусветны горад, і Вільня таксама сусветны горад, вы павінны дзяліць Вільню з усім светам, не толькі з намі, палякамі, не толькі з беларусамі, не толькі з габрэямі, але з усімі. І ён меў рацыю, я з ім пагадзіўся.
Таксама і з нацыянальным гербам, і з нацыянальнай ідэяй. Нацыянальная ідэя ў нас адна — здаганяць, Пагоня.
Пра адчувальнае пытанне літоўскай мовы
— Літоўцы — яны звышадчувальныя ў гэтым пытанні. Мы ўжо аднойчы амаль згубілі мову. Да мовы ў нас стаўленне крыху рэлігійнае. Гэта амаль тое самае, што веру страціць. Страціць бацьку роднага, маці родную — гэта ж нешта страшнае, самае страшнае, што можа спасцігнуць чалавека.
Хаця ірландцы, напрыклад, страцілі мову. Яны гавораць па-ангельску, але засталіся ірландцамі. Нічога асабліва страшнага ў іх не здарылася. І да англічан яны ставяцца прыкладна так, як літоўцы да рускіх. Гэта значыць, даволі дрэнна ставяцца.
Але ў нас ёсць гэтае звышадчувальнае, балючае, алергічнае стаўленне да мовы. Не дай бог, страцім мову. І калі мы будзем у адзінай, скажам, дзяржаве з беларусамі, то паколькі іх там 10 мільёнаў, а нас усяго 3 мільёны, то мы растанем, мы страцім мову, мы слабыя.
Але я заўсёды кажу: не думайце, што мы слабыя. Не, не такія ўжо і дурні, і слабыя. Ірландцы слабейшыя. А вы нядрэнна ўтрымаліся. Але пераканаць гэта немагчыма. Гэта на ўзроўні ледзь не генаў перадаецца: мы слабыя, мы загінем, мы знікнем, спынім сваё існаванне як народ, калі мы страцім сваю мову.
А мову мы, несумненна, страцім, калі трапім хоць пад найменшы славянскі ўплыў. Нямецкі ці ангельскі — гэта таксама дрэнна, але не настолькі. А вось славянскі ўплыў — не дай бог!
У канцы XIX стагоддзя мова была амаль страчаная, яе даводзілася аднаўляць амаль з нуля. То бок яна была, на ёй гаварылі, але мова лічылася вясковай, некультурнай і ўвогуле, нікому асабліва не патрэбнай.
Пра магчымае пашырэнне вайны ў Еўропе
— Верагоднасць гэтага, на жаль, ёсць. Я не думаю, што яна вельмі вялікая. Я думаю, што яна хутчэй малая. Але я магу і памыляцца. Расія загразла ва Украіне, і тым больш яна загразне, калі ўступіць у вайну з Еўропай. А калі яна нападзе на краіны Балтыі, то гэта вайна з Еўропай. Я думаю, што галоўнае ў гэтых сітуацыях — гэта не паддавацца паніцы. Захоўваць цвярозую галаву.
Пра рост папулярнасці правых палітыкаў і чым гэта пагражае
— Так, на жаль, правыя сілы ідуць неяк наперад, набіраюць працэнты.
Як у Амерыцы, так і ў Расіі цяпер кіруюць нацыяналісты. Трамп — гэта амерыканскі нацыяналіст, Пуцін — гэта расейскі нацыяналіст.
І ў многіх краінах, у тым ліку, дарэчы, Літве, нацыяналісты спрабуюць узяць уладу. Ну, у Літве ўвогуле ўсе нацыяналісты, але сярод іх ёсць асабліва правыя і асабліва, па-мойму, шкодныя. У Нямеччыне яны, як мы бачым, толькі што пацярпелі паражэнне, хоць Трамп і яго каманда, і Пуцін, несумненна, хацелі, каб выйгралі вельмі правыя. Але вельмі правыя, «Альтэрнатыва для Германіі», не выйгралі, і дзякуй богу.
Гэты новы парадак нічога асабліва добрага не абяцае. Ён пакуль не ўсталяваўся, мы яшчэ не ведаем, як ён будзе развівацца і ці ўсталюецца канчаткова. Ізноў жа, паўтару, за гэтым трэба сачыць з цвярозай галавой, без панікі, і рабіць у залежнасці ад таго, як будуць развівацца падзеі.
Я супраць нацыяналізму, у тым ліку і літоўскага. Я лічу, што ў свеце, якім кіруюць нацыяналісты, Літва не мае ніякіх шанцаў. Літва мае шанцы толькі ў свеце глабальным, толькі ў свеце Еўрапейскага саюза, толькі ў свеце, дзе ўсе народы ідуць поплеч. Тады Літва мае шанцы захавацца як народ, як мова, як культура. У свеце нацыяналізмаў яна не захаваецца. Суседзі большыя, суседзі мацнейшыя, суседзі Літву задушаць.
Калі б быў дазволены толькі літоўскі нацыяналізм, а рускі, нямецкі, польскі, амерыканскі і іншыя забароненыя, было б вельмі міла (усміхаецца, — Рэд.). Але так ніколі не будзе. Таму я супраць нацыяналізму, у тым ліку і літоўскага. І ўжо, вядома, супраць амерыканскага, і ўжо, вядома, супраць вялікарускага, супраць расійскага, пуцінскага. Строга супраць.
Ці стане гэта гібеллю Еўропы? Я не думаю, але трэба быць гатовым да развіцця розных падзей, у тым ліку і непрыемных.
Каментары
Тут цалкам пагаджусь з Венцлава
"Нацыяналіст -- чалавек верны сваёй нацыі, сваёй Радзіме, свайму народу.
Гэта савецка-імпэрская прапаганда зрабіла з нацыяналіста нейкае пудзіла, нейкага тэрарыста, бо ён падрываў і без таго рыхлы падмурак імпэрыі, якая займала як ні шасьціну зямное кулі. Любіць сваю мову й карыстаецца ёю -- нацыяналіст. Любіць, шануе й ведае сваю гісторыю -- нацыяналіст. Хоча жыць у сваёй этна-дзяржаве як вольны чалавек -- нацыяналіст. Савецкая прапагандовая машына перакрэсьлівала паняцьце нацыяналіст на інтэрнацыяналіст. Але інтэрнацыяналіст палягае на корані нацыяналіст. Атрымлівалася, што будавалі мост уздоўж ракі. Савецкія войскі, што падбухторвалі не адную краіну на так званую рэвалюцыю, называліся воінамі-інтэрнацыяналістамі. Пройдзе час, няхай сабе й нямала, а слову нацыяналіст будзе вернутая ягоная першапачатковая шана. Шчыры нацыяналіст перад сумленьнем чыст." - Рыгор Барадулін