Падмурак вежы знайшлі яшчэ ў ліпені 2023 года.

Археолагі пацвердзілі: у Крэўскага замка была трэцяя вежа. «Усё ж, пад заваламі разбуранай вежы, мы знайшлі яго! Заходні кут Трэцяй (Свідрыгайлавай) вежы», — напісаў у фэйсбук кіраўнік раскопак, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Дзярновіч. Калегі віншуюць яго з сенсацыяй!
Падмурак вежы знайшлі яшчэ ў ліпені 2023 года, паведамляе ў сваім тэлеграме Беларускі інстытут публічнай гісторыі.
Алег Дзярновіч тады пісаў: «Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася. Гэтае адкрыццё перакрэслівае меркаванне, якое панавала дзесяцігоддзямі: што Крэўскі замак быў дастаткова прымітыўны, трапецыя з дзвюма вежамі. Высвятляецца, што структура замка была больш складаная і больш разгалінаваная».

Да гэтага было вядома толькі пра дзве вежы Крэўскага замка: Княскую і вежу Вітаўта.
Яны стаялі ў кутах замка і былі пабудаваны на мяжы XIV і XV стагоддзяў. Першыя, яшчэ павярхоўныя знаходкі паказваюць, што ўяўленні пра замак былі зусім не такім, якім ён быў насамрэч.
Гэта адкрыццё дадае даследчыкам яшчэ больш пытанняў. Напрыклад, хто будаваў сутарэнні?
У тыя часы іх мелі толькі важныя будынкі, у касцёлах, напрыклад, яны пачалі з'яўляцца пазней — на мяжы XV — XVI стагоддзяў. Адкуль былі майстры, якія пабудавалі сутарэнні ў XIV стагоддзі? Да таго на нашых землях былі вядомыя візантыйскія майстры, а тут — відавочна гатычны стыль.
Навуковец выказаў думку, што гэта былі ганзейскія майстры з Паўночнай Германіі, якія перабраліся ў Рыгу і Каралевец (цяперашні Калінінград). Магчыма, яны ўзвялі для нас такі будынак, як Крэўскі данжон са скляпамі.
Цікава, што наш беларускі мастак Яўген Кулік (1937-2002) таксама ведаў пра наяўнасць у Крэўскім замку трэцяй вежы. На яго малюнку-рэканструкцыі з 1980-х гадоў Крэўскі замак з трыма (!!!) вежамі.

Каментары