«Пуцін не ведаў, што гэта выльецца ў такую вайну». Галоўнае з інтэрв'ю Лукашэнкі
Трамп — «неверагодны чалавек», Пуцін не чакаў, што атрымаецца такая вайна, Расію не ўдасца адарваць ад Кітая, Лукашэнка вітаў бы саюз ЗША і Расіі — пра што яшчэ гаварыў Аляксандр Лукашэнка амерыканскаму блогеру Марыа Наўфала.

Пра «неверагоднага» Дональда Трампа і новую адміністрацыю ЗША
«Ніхто не мог і падумаць. Але адзін чалавек, які рызыкнуў гэта зрабіць, — Дональд Трамп — вельмі хутка сітуацыю з галавы на ногі паставіў. Будзем спадзявацца».
«Пасля ўсяго, што было ў ЗША, падтрымліваючы Трампа публічна, я не думаў, што ён пераможа. І калі ён перамог, я адкрыта сказаў, што ён як бульдозер прайшоў па Злучаных Штатах Амерыкі і перамог. Неверагодна. Гэта неверагодны чалавек. І адбылося неверагоднае. Тое, што яго ледзь не застрэлілі, ён мае рацыю — напэўна, Гасподзь яго выратаваў. Але калі гэта Гасподзь выратаваў яго, то ён жа для нечага яго выратаваў. І не толькі многія на планеце нашай, але і Гасподзь таксама бачыць тое, што вы цяпер робіце ў ЗША, і ацэньвае. І барані вас Гасподзь, вы не зробіце тое, на што ён разлічвае — Гасподзь».

Пра закрыццё USAID
«Малайчына, што ён пачаў рабіць рэвізію. USAID [Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці] закрылі і гэтак далей. Чым яны займаліся? Яны фінансавалі перавароты ў краінах. Амаль больш за пяць мільярдаў — тое, што проста вядома пакуль, было накіравана ва Украіну для таго, каб учыніць Майдан. Навошта? І мы гэта ў 2020 годзе перажылі. Наш мяцеж унутры Беларусі фінансаваўся па гэтых крыніцах».
Пра вайну, якую не чакаў Пуцін, і мір ужо ў гэтым годзе
«Мне здаецца, Пуцін (мы на гэту тэму з ім не размаўлялі, але я ж яго добра ведаю) не думаў, што гэта выльецца ў такую вайну. У адваротным выпадку ён не пайшоў бы на перагаворы. Калі ён убачыў, што гіне вялікая колькасць людзей, Пуцін імгненна пайшоў на перагаворы, каб канфлікт спыніць, каб дамовіцца».
«Выбар ёсць заўсёды. І ў Пуціна, магчыма, быў такі выбар (пачынаць вайну ці не. — Рэд.). Справа нават не столькі ў пашырэнні НАТА на ўсход, а справа ў тых пагрозах, якія ствараліся ва Украіне… Ён адтуль бачыў пагрозы Расіі і адтуль гэтыя пагрозы публічна паступалі ў яго адрас. Гэта адна з самых важных прычын таго, што адбылося».
«Украіна вельмі малая для таго, каб разбурыць той свет, у якім мы ўсе жывём — і ЗША, і Кітай, і Расія, і Украіна. Гэта вельмі малая ўзрыўная сіла. Таму трэба з Украінай закончыць. З Блізкім Усходам прасцей будзе закончыць, калі амерыканцы гэтага захочуць. І мне здаецца, што ў гэтым годзе мы гэтыя праблемы вырашым».

«Гатовы ўстаць побач». Лукашэнка «з аптымізмам глядзіць» на антываенную палітыку Трамп
Пра нежаданне быць пасрэднікам ва ўкраінскім пытанні
«Больш за ўсё я ненавіджу пасрэдніцтва. Гэта значыць быць паміж кімсьці і рабіць выгляд, што ты штосьці там можаш… Калі дзесьці штосьці дапамагчы, арганізаваць, падштурхнуць нейкі працэс, калі гэта ў маіх сілах і ў сілах маёй дзяржавы, Беларусі, — з вялікім задавальненнем. Але толькі для таго, каб было людзям лепш. Але я ні ў якім разе не хацеў бы быць нейкім пасрэднікам, асабліва па нармалізацыі адносін ва Украіне».
Пра заходніх міратворцаў ва Украіне
«Наконт накіравання туды [ва Украіну] міратворчых сіл. Расія ніколі з гэтым не пагодзіцца. Прынамсі, такая пазіцыя Расіі на сённяшні дзень».

Пра палітыку ЗША да Кітая — «трэба дамовіцца»
«Што я параіў бы Трампу: не трэба ні з сяго ні з таго нападаць на Кітай. З Кітаем вам трэба дамовіцца. Я ведаю вельмі добра Кітай. На маіх вачах Кітай развіваўся. Вы Кітай не спыніце. Гэта не мы, не Расія. Гэта Кітай. Там народ заточаны, паўтара мільярда чалавек заточаны абараняць да апошняга Кітай. Дамоўцеся з кітайцамі. Гэта будзе ў інтарэсах усёй планеты».
Пра еднасць Расіі з Кітаем
«Хто аб'яднаў Расію з Кітаем? Вы [ЗША] іх штурхнулі ў абдымкі. Калі ў мяне быў Болтан і Пампеа, я ім адкрыта задаў пытанне: што вы робіце? Навошта вы даймаеце Расію? Вы Расію штурхаеце ў абдымкі Кітая. І калі такая магутная ў ваенных адносінах ядзерная дзяржава, роўная ЗША, аб'яднаецца з такой магутнай дзяржавай, якой з'яўляецца Кітай у эканамічных адносінах, вы нічога з гэтым саюзам, з гэтым альянсам не зробіце».
«Калі вы будзеце націскаць на Расію, каб сапсаваць адносіны Расіі з Кітаем, гэта ні да чаго не прывядзе. Наадварот, гэта прывядзе да большай еднасці гэтых дзяржаў».
Пра саюз паміж ЗША і Расіяй
«ЗША — гэта першая краіна ў свеце, высокатэхналагічная, багатая. Яны здольны на многае. Гэта ў Расіі разумеюць. І Расія будзе імкнуцца наладзіць вельмі добрыя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі».
«Для таго, каб планета была ў раўнавазе, каб не было вось гэтых незразумелых войнаў, як на Блізкім Усходзе або ва Украіне, канфліктаў каб не было, саюз Расіі і Злучаных Штатаў магчымы і вельмі важны. Саюз для эканамічнага развіцця. Ён магчымы і важны. Гэта будзе на перспектыву».
Каментары
Не тешь себя иллюзиями—и на тебе тоже кровь украинцев. Твой тохматыш говорил—мы попадем в Рай,а остальные сдохнут. А,может,все наоборот,а? Невинные украинские убитые дети,которых уже почти восемьсот,в Рай попадут,а вы со своей ордынской молью сдохнете?