Беларусцы, якая ўжо сем год жыве ў ЗША, патэлефанавалі з гродзенскага КДБ
Беларускай актывістцы Аляксандры Васілевіч патэлефанавалі з гродзенскага КДБ і запрасілі на гутарку, напісала яна ў сваіх сацсетках. Але дзяўчына ўжо сем год жыве ў ЗША, заўважае тэлеграм-канал «Право имеют».

«Мне сёння тэлефанавалі на беларускі нумар з УКДБ па Гродзенскай вобласці з запрашэннем на гутарку. На пытанне прадставіцца і выслаць позву супрацоўнік сказаў, вось прыйдзеце і прадстаўлюся», — цытуе пост беларускі «Право имеют».
Суразмоўца не патлумачыў Аляксандры, аб чым плануецца гутарка з ёй, і чаму «пра яе ўзгадалі, калі яна не актыўнічала ў Беларусі апошнія 7-8 год».
«Размова скончылася, калі яму стала зразумела, што я не прыйду і пад'ехаць да мяне на гутарку яму таксама наўрад ці атрымаецца», — адзначыла яна.
Аляксандра Васілевіч займалася актывізмам у Беларусі каля 10 год. Апошнім часам яна ўзначальвала гродзенскую арганізацыю Аб'яднанай грамадзянскай партыі і моладзевую арганізацыю АГП «Маладыя дэмакраты».
Каментары