Аўтары выстаўкі знаёмяць з археалагічнымі знаходкамі, якія рэдка прыцягваюць увагу неспецыялістаў, з іншага боку, паказваючы не толькі іх гістарычную, але і мастацкую каштоўнасць для Беларусі.

Выставачны праект «Мастацтва ў археалогіі» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі стартаваў 27 лютага.
Экспазіцыя прысвечана археалагічным знаходкам, якія ўваходзяць у збор музея і адлюстроўваюць гісторыю беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Хоць археалогія не з’яўляецца асноўным напрамкам збору музея, у экспазіцыю ўвайшла амаль палова яго археалагічнай калекцыі, што робіць выстаўку асабліва значнай.

«Мы — музей мастацкага профілю, таму асобнай археалагічнай калекцыі ў нас няма. А тое, што мы маем, з'яўляецца часткай калекцыі «Беларускае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Але на працягу гісторыі наш музей час ад часу папаўнялі вынікі раскопак.
У 1962 годзе ў музей перадалі рэшткі кафлі Навагрудскага замка, якая раней знаходзілася ў зборах Віленскага беларускага музея Івана Луцкевіча. Пазней пасля рэстаўрацыі яе накіравалі ў новаствораны збор замкавага комплексу «Мір».
Аднак найбольш каштоўныя прадметы патрапілі да нас у 1963 і 1975 гадах па выніках раскопак у Ваўкавыску і Мінску адпаведна. Усяго ў нашых фондах не больш за 200 артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак, на выстаўцы прадстаўлены 89», — адзначае куратар выстаўкі Дзмітрый Моніч.

Сярод найбольш унікальных экспанатаў — каменныя абразкі XIII стагоддзя, знойдзеныя падчас раскопак у Мінску ў 1950-х гадах пад кіраўніцтвам Эдуарда Загарульскага і Васіля Тарасенкі. Не менш значнымі з’яўляюцца касцяныя шахматныя фігуры і каменная плітка з зааморфнай выявай, выяўленыя ў Ваўкавыску экспедыцыяй Васіля Тарасенкі і Яраслава Звяругі. Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлена вялікая колькасць старажытных крыжыкаў і абразкоў, якія раскрываюць духоўны свет продкаў.
Куратар адзначае, што гэтыя артэфакты сталі «хрэстаматыйнымі» — іх выявы неаднаразова публікаваліся ў мастацкіх альбомах і гістарычных выданнях.



«Гэтай выставай хочацца нагадаць пра сябе і звярнуць на музей увагу археолагаў, каб у будучыні актывізаваць супрацоўніцтва па знаходках, якія найперш маюць мастацкую вартасць», — дадае Дзмітрый Моніч.
Экспазіцыя разгорнутая ў пераходнай галерэі галоўнага корпуса музея (вул. Леніна, 20) і будзе даступная для наведвання да 6 красавіка 2025 года. Гэта ўнікальная магчымасць убачыць старажытныя артэфакты, якія з’яўляюцца сведчаннем багатай гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі.
Таксама працягнута экспазіцыя «Страты і набыткі. Лёс мастацкіх каштоўнасцяў Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939—1957», якую можна наведаць да 23 сакавіка 2025 года.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары