Вайна77

«Трапілі пад няхілую раздачу». Што цяпер адбываецца ў Курскай вобласці?

УСУ кажуць пра няўдалую спробу спецназа Расіі пранікнуць у Суджу па газаправодзе. Масква ж заяўляе пра поспехі ў Курскай вобласці.

Расійскія крыніцы публікуюць кадры са сцягам над адным з населеных пунктаў Курскай вобласці

У нядзелю афіцыйныя расійскія крыніцы заявілі, што армія Расіі ўзяла пад кантроль яшчэ тры населеныя пункты ў Курскай вобласці, якія раней былі захопленыя ўкраінскімі вайскоўцамі. Напярэдадні Генштаб УСУ ўслед за ваеннымі блогерамі і ўкраінскімі СМІ паведаміў аб правальнай спробе расійскіх штурмавых груп увайсці ў горад Суджа па газаправодзе, піша Бі-бі-сі.

У паведамленні, размешчаным у тэлеграм-канале расійскага вайсковага ведамства, ідзе гаворка пра вызваленне населеных пунктаў Малая Локня, Чаркаскае Парэчнае і Косіца. На працягу апошніх двух дзён Мінабароны Расіі таксама заявіла, што расійскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль вёскі Лябедзеўка, Віктараўка, Мікалаеўка і Старая Сарочына ў Курскай вобласці і хутар Новенькае ў Сумскай вобласці.

Украінскія крыніцы гэтыя звесткі афіцыйна не пацвярджалі, аднак на карце аўтарытэтнага ўкраінскага праекта Deep State усе гэтыя населеныя пункты пазначаныя як такія, што знаходзяцца пад кантролем Расіі.

Пра тое, што расійскія войскі праводзяць актыўную аперацыю ў Курскай вобласці, паведамлялі многія журналісты і ваенкары як у Расіі, так і ва Украіне. У канцы тыдня ўкраінскія СМІ, ваенкары і Deep State паведамілі пра тое, што расіяне здолелі прасунуцца ў Курскай вобласці да важнай трасы забеспячэння Сумы—Суджа з усходу. Гэта паставіла пад пагрозу акружэння ўкраінскія войскі на расійскай тэрыторыі.

Журналіст і галоўны рэдактар Цэнзар.нет Юрый Бутусаў напісаў 8 сакавіка ў фэйсбуку, што сітуацыя на курскім кірунку працягвае пагаршацца. Паводле яго, расійскія войскі бесперапынна наносяць удары па ўсім фронце.

Са слоў Бутусава, расійскія і паўночнакарэйскія войскі валодаюць значнай перавагай над сіламі УСУ, якія «дэманструюць экстраардынарны гераізм і стойкасць».

Бутусаў пацвердзіў, што Расія ўзяла пад шчыльны агнявы кантроль шляхі камунікацыі украінскіх вайскоўцаў, таму цяпер утрымліваць пазіцыі ў Курскай вобласці «цяжэй за ўсё з усіх іншых участкаў фронту».

У нядзелю расійскае Мінабароны таксама апублікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, расійскія дроны атакуюць аўтакалону ўкраінскіх вайскоўцаў, якія адыходзяць, паводле версіі ведамства, з занятага ў жніўні 2024 года горада Суджа.

Аналагічныя паведамленні раней публікавалі расійскія праваенныя блогеры, заяўляючы, што напярэдадні расійскія вайскоўцы правялі паспяховую аперацыю ў Курскай вобласці, тэрыторыя якой часткова занятая УСУ.

Як сцвярджаюць расійскія блогеры, у наступе на Суджу ўдзельнічаюць спецназ «Ахмат», штурмавая брыгада «Ветэраны», брыгада «Усход» з самаабвешчанай «ДНР» і іншыя падраздзяленні. Камандзір «Ахмата» Апці Алаўдзінаў у суботу сцвярджаў, што «на ўсіх кірунках Курскага ўчастка фронту ўсе падраздзяленні пайшлі ў маштабны наступ».

Спроба праходу па газаправодзе: што вядома

У суботу ўвечары Генштаб УСУ заявіў: «Падраздзяленні дэсантна-штурмавых войскаў знішчаюць расійскіх спецназаўцаў, якія перамяшчаліся па ветцы газаправода ў кірунку Суджы».

Гаворка ідзе пра магістральны газаправод Урэнгой — Памары — Ужгарад, які праходзіць праз Суджу і цяпер не дзейнічае.

Паводле звестак украінскага Генштаба, дыверсійна-штурмавыя групы спрабавалі замацавацца ў ваколіцах Суджы, але «іх своечасова выявілі», «блакуюць» і «знішчаюць». Са слоў украінскіх вайскоўцаў, страты расіян у раёне Суджы «вельмі вялікія». Генштаб УСУ таксама апублікаваў відэа бою на сваёй старонцы ў фэйсбуку. На ім відаць знішчэнне газаправода агнём артылерыі.

У нядзелю звесткі пра спробу прарвацца па трубе ў сваім тэлеграм-канале пацвердзіў выканаўца абавязкаў губернатара Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн.

«Каб абмінуць варожыя дроны, міны і тэхніку, УС РФ скарысталіся трубой магістральнага газаправода, па якой раней газ пастаўляўся з Расіі праз Украіну ў Еўропу», — напісаў Хінштэйн.

«Гэта быў сур'ёзны крок, — дадаў Хінштэйн. — Мала таго, што ў поўны рост там не прайсці (а ісці, сагнуўшыся, у абмундзіраванні, з дзясятак кіламетраў!), але і існавала рызыка атручвання, спатрэбіліся сродкі абароны».

Хінштэйн сцвярджае, што расійскія вайскоўцы «ведалі ўсе рызыкі, але ўсё роўна ішлі і дасягнулі ўсіх мэтаў». Якіх-небудзь доказаў гэтых сцвярджэнняў ён не прывёў.

Блізкі да Мінабароны Расіі канал «Рыбарь», каментуючы паведамленне аб праходзе па трубе, адзначае, што «актывізацыя баявых дзеянняў у Курскай вобласці ёсць» і «поспехі ёсць», але яны «даюцца цяжкай цаной».

Іншы праваенны тэлеграм-канал «Северный» напісаў, што праз вялікія страты заход у Суджу праваліўся. «Гэтым разам УСУ былі гатовыя і нашы хлопцы трапілі пад няхілую раздачу», — гаворыцца ў паведамленні.

Украінскі вайсковы блогер Міраслаў Гай расказаў, што камандаванне адной з дэсантна-штурмавых брыгад УСУ загадзя атрымала разведданыя аб планах праціўніка выкарыстоўваць падземныя камунікацыі магістральнага газаправода «Прагрэс».

«Вораг спрабаваў дзейнічаць па сцэнары Аўдзееўскай аперацыі, выкарыстоўваючы інжынерныя збудаванні для пранікнення на падкантрольную УСУ тэрыторыю», — гаворыцца ў нататцы вайскоўца. З ягоных слоў, украінскім вайскоўцам удалося арганізаваць засаду каля выхаду з тунэлю і разбіць вялікую групу расійскіх вайскоўцаў.

У суботу раніцай «Украінская праўда» са спасылкай на ўкраінскага вайскоўца, які знаходзіцца ў Курскай вобласці, пісала, што 8 сакавіка каля 100 расійскіх вайскоўцаў прайшлі па газаправодзе да пазіцый УСУ, але гэта «не было нечаканасцю».

Ён таксама расказаў пра спробу расіян непрыкметна перакінуць уздоўж трубы газаправода штурмавую роту, але пацвердзіў, што ўкраінскія сілы своечасова выявілі штурмавікоў і спынілі іх прасоўванне.

Разведданыя з ЗША

Некаторыя крыніцы паведамляюць, што сітуацыя ў Курскай вобласці для УСУ пагоршылася ў тым ліку і з-за страты доступу Украіны да разведданых ЗША.

Амерыканскі часопіс Time, спасылаючыся на пяць уплывовых крыніц ва Украіне і на Захадзе, напісаў, што больш за ўсё ад страты разведданых пацярпелі аперацыі менавіта ў раёне Курска.

«У выніку гэтай паўзы загінулі сотні ўкраінцаў», — сказаў аўтару публікацыі, вядомаму журналісту Сайману Шустэру, адзін з украінскіх афіцэраў.

Гэты чалавек дадаў, што «самая вялікая праблема — гэта маральны дух, аднак рашэнне Вашынгтона спыніць абмен разведданымі дае суперніку перавагу на фронце».

Крыніца Шустэра ва ўрадзе Украіны адзначае, што УСУ адчуваюць праблемы «не толькі ў Курскай вобласці, але і на ўсёй расійскай тэрыторыі», бо ўкраінскія вайскоўцы страцілі магчымасць загадзя засякаць набліжэнне расійскай авіяцыі.

Гэта ўплывае не толькі на сітуацыю на фронце, але і на здольнасць Украіны адбіваць паветраныя ўдары Расіі па гарадах краіны, сказана ў публікацыі.

Каментары7

  • БК
    09.03.2025
    Filipp, вылез чарговы эсперт, які нават не служыў, а разважае пра тое, што павінны рабіць байцы УСУ. Хлопча, глядзі свой нэтфлікс ці розыя там п.хабы з о.фансамі, ды не суй свой нос у мужчынчкую справу.
  • Filipp
    10.03.2025
    БК, Вітаю цябе БК ( я так разумею Баявы Кібарг), адкуль ты вырашаў што я не служыў я не ведаю, но гэта ня мае значэння. А вынікі гэтай аперацыі мы паглядзім бліжэйшым часам.
  • Наталка-97
    10.03.2025
    Если хоцыце увидзец только одну сплошную перемогу-добро пожаловац на мой персональный сайт.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску кот-герой абараніў сваю гаспадыню ад ядавітай змяі8

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць5

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць