Грамадства22

Як з «Маршала Фоша» вывелі «Лорэд». Навуковец расказаў пра беларускі вінаград, прыдатны для вырабу віна

Верагодна, неўзабаве ў Беларусі з’явіцца сухі вінаградны напой з уласнай сыравіны. Не «хатні» — з чарнаплодкі, з пальчаткай на слоіку, а самы сапраўдны, што не саступае смакам і якасцю традыцыйным рэцэптам, піша «Звязда».

Прынамсі, першы айчынны сорт цёмна-сіняга вінаграду тэхнічнага прызначэння «Лорэд» ужо створаны і перададзены на дзяржсортавыпрабаванне.

Вядома, пацяпленне клімату (самае значнае ў Беларусі за апошнія 130 гадоў) у гэтым пытанні — у дапамогу навукоўцам. Але ў першую чаргу «Лорэд» — вынік двух дзесяцігоддзяў карпатлівай працы і сучасных метадаў селекцыі.

Нараджэнне сорту

Вопыт стварэння айчынных сталовых сартоў вінаграду ў Беларусі ёсць.

«У Дзяржаўным рэестры іх некалькі, у тым ліку сумеснай расійска-беларускай селекцыі: «Космас», «Касманаўт», «Краса Севера», «Красуня», — пералічвае навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў.

Айчынных тэхнічных сартоў вінаграду, прызначаных для перапрацоўкі і вырабу сухіх сталовых напояў, дагэтуль у Беларусі не было. «Лорэд» атрыманы шляхам клонавай селекцыі на аснове знакамітага старадаўняга сорту «Маршал Фош». Да нядаўняга часу задача атрымання айчынных сартоў вінаграду перад селекцыянерамі не ставілася, расказвае навуковец. Культура не разглядалася як прамысловая — толькі ў фармаце аматарскага вырошчвання.

«Сёння ў селекцыі вінаграду мы робім упор на сарты тэхнічнага кірунку, прыдатныя для перапрацоўкі на сокі і моцныя напоі, — кажа Уладзімір Усцінаў. — На гэта нас нацэльвае Акадэмія навук».

Два гады ў нашай краіне дзейнічае праграма, што фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага інавацыйнага фонду, мэта якой — стварыць высокаўраджайныя зімаўстойлівыя тэхнічныя сарты, распрацаваць прыёмы размнажэння і вырошчвання вінаграду, прыдатнага для вырабу сталовых сухіх напояў. Але селекцыйны працэс патрабуе больш доўгага часу, адзначае суразмоўца. Першы беларускі тэхнічны сорт некалі пачаўся як пошукавы эксперымент, якіх у Інстытуце пладаводства закладваецца шмат…

Дарэчы, «Лорэд» — гэта абрэвіятура, расшыфроўваецца яна «Лойка Рамуальд Эдуардавіч». Сорт названы ў гонар выдатнага беларускага селекцыянера, доктара сельскагаспадарчых навук, які ў свой час стаяў каля вытокаў сучаснай селекцыі вінаграду ў краіне.

Навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў.
Навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў

Ад мары да мэты

Наша краіна і сёння — зона непрамысловага вырошчвання вінаграду: усё ж гэта паўднёвая расліна, і беларускі клімат для яе — суровы. Мяжа паўночнага аматарскага вінаградарства яшчэ 30 гадоў таму праходзіла праз Магілёў, Мінск і Гродна, перакрэсліваючы краіну ўпоперак: на поўдзень ад яе «сонечную лазу» вырасціць было можна, на поўнач — не, як ні імкніся.

Сёння вінаград у нашай краіне расце ва ўсіх абласцях: спрыяюць і пацяпленне, і сучасныя агратэхнічныя прыёмы. Што тычыцца прамысловых вінаграднікаў, то навукоўцы праводзяць іх паўночную мяжу яшчэ далей на поўдзень, па 52-й паралелі — гэта амаль самы край Берасцейшчыны і Гомельшчыны. 

Тым не менш, развіццё прамысловага вінаградарства ў Беларусі магчымае, перакананы Уладзімір Усцінаў, як і вінаграднае вінаробства з уласнай сыравіны. Важна толькі засяродзіцца на сартах ранняга тэрміну паспявання, і, вядома, неабходныя сарты ўласнай селекцыі. 

Ідэальныя ўмовы для прамысловага вінаградарства ў рэгіёнах, дзе сума актыўных тэмператур з пачатку вегетацыі да збору ўраджаю перавышае 3000 градусаў, адзначае ён. У нашай краіне, у раёне Мінска, гэтая сума традыцыйна складае 2400 градусаў. Хоць у апошнія гады — стабільна вышэйшая за 2,5 тыс. градусаў, а часам дасягае 2,7-2,8, кажа навуковец.

«І гэтыя «лішнія» 100—200 градусаў для вінаграду — нялішнія», — падкрэслівае суразмоўца

Увогуле, ахвотныя вырасціць паўнаважкія вінаградныя гронкі на беларускай зямлі знаходзіліся заўсёды. Так, першая пісьмовая згадка пра культуру вінаграду на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіцца аж да XI стагоддзя: гэта распараджэнне епіскапа ігумену Тураўскага манастыра аб укрыцці вінаграднікаў на зіму.

Спрабавалі вырошчваць вінаград і Радзівілы ў сваім маёнтку «Альба» непадалёк ад Нясвіжа — пра гэта захаваліся звесткі ў адной з крыніц 1767 года. Імкненне (з рознай ступенню поспеху) разбіваць вінаграднікі, здаецца, было адным з модных дзівацтваў таго часу: захаваліся звесткі пра вінаграднікі ў Іўі, Прылуках, Докшыцкім і Пастаўскім раёнах, Слоніме, Маладзечне, Карэлічах…

Заставаўся жаданай мэтай беларускі вінаград і ў XX стагоддзі. Бурнае развіццё навукі тады дазволіла дамагчыся ў гэтай галіне пэўных поспехаў. Так, на Усебеларускай выставе 1930 года былі прэзентаваныя спелыя гронкі вінаграду. Вырошчвалі вінаград у саўгасах «Рудакова» Брагінскага і «Воля» Веткаўскага раёнаў, а таксама ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Навуковыя даследаванні па гэтай культуры былі распачаты Акадэміяй навук БССР тады ж, а першыя вынікі абагульненыя перад самай вайной у кнізе 1940 года «Развядзенне вінаграду ва ўмовах Беларусі».

Ну, а пачатак XXІ стагоддзя, магчыма, застанецца ў гісторыі беларускага вінаградарства як важная вяха — з’яўленне ўласнай сыравіны для класічнага вінаробства.

«На мацярынскія формы сорту «Маршал Фош» мы звярнулі ўвагу даўно, — адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. — Сорт быў прывезены ў Беларусь у 1998 годзе, у 2014-м — уключаны ў Дзяржрэестр. Але кожны стары сорт схільны да выраджэння: назапашваюцца вірусы і хваробы, зніжаюцца ўраджайнасць і якасць пладоў. Патрэбныя новыя прадукцыйныя сарты са стабільнай высокай ураджайнасцю».

Памерныя характарыстыкі гронак у сорце «Маршал Фош» — да 100 г (у тэхнічных сартоў наогул гронкі небуйныя, тлумачыць навуковец). У сорце «Лорэд» беларускай селекцыі гронкі перавышаюць 100 г, а асобныя — дасягаюць 200 г.

Насычаны смак

Сёння ў РУП «Інстытут пладаводства» ў Самахвалавічах сабраная калекцыя з 541 сортаўзору вінаграду селекцыі 25 краін свету: практычна ўсё з сартоў і гібрыдаў гэтай культуры, што можна вырасціць на беларускай зямлі. Гэта і сталовыя сарты — для спажывання ў свежым выглядзе, і тэхнічныя, прызначаныя менавіта для вінаробства.

Уладзімір Мікалаевіч адзначае, што хоць пра густы не спрачаюцца, сам ён нават проста па смакавых якасцях аддае перавагу менавіта тэхнічным сартам. У сталовага вінаграду, вядома, буйнейшыя ягады і больш важкія гронкі, але смак, як правіла, прасцейшы. Тэхнічныя ж — адрозніваюцца складаным смакам з мноствам «тонаў» і «падтонаў».

Дарэчы, смак сорту «Лорэд» — насычаны ягадны, з «бургундскімі» ноткамі. Сок прыгожа афарбаваны і вызначаецца досыць высокай цукрыстасцю (23—26 Brx).

Каментары2

  • Дзядзька ў Вільні
    11.03.2025
    От не чапайце чарнаплодку. Або спачатку разбярыцеся.
    З ароніі (то-бок, з чарнаплодных арабін) трэба рабіць віно на вінных дражджах, пад гідразатворам, не шкадаваць цукру і не забыцца паменшаць кіслотнаць вадой. Пасля сямі год вытрымкі арабінавыя рэчывы пачынаюць мяняцца (распадацца, мусіць?), тады смак мяняецца: знікае горыч, праяўляецца смак чакаляды, віно робіцца падобным да кагора, але не банальнага, што штампуюць з кабернэ-савіньён+мерло, а больш вытанчанага, купажыраванага з добрай часткай бастардо або сапераві.
    У мяне е лікерны труначак з ароніі, якому ўжо 10 год. Я раз на год пакаштую кропельку, каб паглядзець, як смак мяняецца, і не прапусціць час, калі яно пачне старэць, тады закаркоўваю наноў. Вінаградары могуць парвацца, а такога віна не зробяць.
    З белае парэчкі можна рабіць віно, падобнае да вытрыманага ркацытэлі. З агрэста зялёнага і жоўтага, кажуць, можна зрабіць аналаг любога белага віна. Я покі рабіў партвейн, хачу яшчэ паспрабаваць на хересных дрожджах зрабіць.
    А самае смачнае, што піў - гэта вішнёвае, вытрыманае 20 год.
    Смачна таксама з дурніц, чырвоных арабін, маліны. З ажыны паспрабаваў зрабіць, вельмі духмянае атрымалася.
    На вінаградзі свет клінам не сышоўся.
    От калі жадаю вінаграднае віно, купляю іспанскае або партугальскае. Беларускае - не бачу сэнса.
  • Факт
    11.03.2025
    Дзядзька ў Вільні, Магу дадаць да спісу - Кізіл на вінаградных дражджах, цукры 1 да 2, вытрымка - выдатны сухарык.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

«На пенсіі скажаце дзякуй». Як беларусы ўкладваюцца ў крыпту1

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я10

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць4

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць