Эканоміка77

«Існуе праект па стварэнні адзінага каталога франшыз Саюзнай дзяржавы». Як у Беларусь заходзяць расійскія сеткі крам і кафэ

Доля Расіі ў агульным аб’ёме замежных інвестыцый у беларускую эканоміку заўсёды была высокай, аднак вайна і санкцыі толькі ўмацавалі пазіцыі Расіі на нашым рынку.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Расіяне выкупляюць бізнэс у еўрапейцаў і прыводзяць свой

Калі ў перадваенным 2021 годзе на долю Расіі прыпадала 42,6% замежных інвестыцый, то па выніках трох кварталаў 2024 года гэты паказчык практычна дасягнуў 70%, асноўную частку з якіх складаюць прамыя замежныя інвестыцыі.

Беларускі рынак для Расіі эксперт BEROC Анастасія Лузгіна называе прыярытэтным і зразумелым.

«За апошнія некалькі гадоў мы назіраем, як у Беларусь масава прыходзяць расійскія сеткі. Асабліва папулярнай застаецца сфера рытэйлу. На нашым рынку з’явіліся такія сеткі, як DNS, LETOILE, «Подружка», ювелірная сетка ADAMAS».

Акрамя гэтага, расіяне выкупляюць кампаніі, якія раней належалі замежнікам.

«Пасля пачатку вайны з нашага рынку сыходзілі ўладальнікі бізнэсу з іншых краін. Нярэдка пакупнікамі станавіліся менавіта расіяне. Так, напрыклад, было з Unilever. Акрамя таго, яны выкупляюць і некаторыя беларускія кампаніі».

Таксама ў Беларусь актыўна заходзяць IT-кампаніі з расійскім капіталам. У тым ліку такія буйныя, як VK і Tinkoff, а таксама Yadro і Astra Linux. 

Распаўсюджваюцца расійскія франшызы на беларускім рынку.

«І гэты трэнд будзе працягвацца. Цяпер нават існуе праект па стварэнні адзінага каталога франшыз Саюзнай дзяржавы. Ужо вядома, што ў Беларусі хутка з’явяцца сеткі грамадскага харчавання «Шашлык OFF» і «Хачапуры Марыко».

Раней у Беларусі па франшызе запрацавала сетка «Ёбідоёбі». Чакаецца адкрыццё клінік лазернай эпіляцыі Laser Love.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым для расіян Беларусь — дастаткова маленькі рынак, таму не заўсёды яны разглядаюць яго.

«Часта яны выкарыстоўваюць наш рынак як пляцоўку для выпрацоўкі новай стратэгіі развіцця, калі бізнэс маштабуецца і рыхтуецца да выхаду на больш буйныя рынкі, напрыклад Казахстана».

Беларускі бізнэс таксама заходзіць у Расію

Анастасія Лузгіна адзначае, што ў беларускага бізнэсу таксама вырасла цікавасць да прысутнасці на расійскім рынку.

«Не толькі расійскія брэнды праз франшызу прыходзяць у Беларусь, але і беларускія — у Расію. Напрыклад, «Мілавіца», «Контэ», «Марк Фармэль», «Белвест»», — прыводзіць прыклады эканамістка.

Лузгіна адзначае, што расійскі бізнэс зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларускімі брэндамі адразу па дзвюх прычынах:

«Па-першае, імпарт з іншых краін, у тым ліку з Кітая, цяпер ускладнены, а з Беларуссю такіх праблем няма. Па-другое, надпіс «Зроблена ў Беларусі» для расійскага спажыўца роўны знаку якасці», — сцвярджае эканамістка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым расіянам прасцей заваёўваць пазіцыі на беларускім рынку, чым беларусам — на расійскім. У першую чаргу гэта адбываецца за кошт нізкай канкурэнцыі ў Беларусі.

«Беларускі бізнэс у Расіі сутыкаецца з больш жорсткай канкурэнцыяй, таму не ўсе могуць там замацавацца. Акрамя таго, расіянам прасцей адаптавацца, напрыклад, да строгага рэгулявання цэн, бо ў выпадку часовай стратнасці ў нашай краіне ў іх ёсць магчымасць утрымацца за кошт свайго асноўнага рынку», — адзначае экспертка.

Хто яшчэ інвестуе ў Беларусь?

Калі гаварыць пра іншыя краіны, то, акрамя Расіі, у топ-3 уваходзяць Кіпр і ААЭ. Улічваючы ў асноўным афшорны характар гэтых краін, можна казаць пра тое, што значная частка тых інвестыцый прыпадае на кампаніі з расійскімі або беларускімі каранямі.

Што да агульных паказчыкаў, то ёсць высокая верагоднасць, што ў 2024 годзе аб’ём прамых замежных інвестыцый, якія паступілі ў рэальны сектар эканомікі, будзе найгоршым за апошнія пяць гадоў. За студзень—верасень 2024 года (свежэйшых даных няма) ён склаў $3,96 мільярда.

У папярэднія гады за аналагічны перыяд (тры кварталы) лічбы былі такія:

  • 2020 — $4,5 мільярда
  • 2021 — $4,8 мільярда
  • 2022 — $4,64 мільярда
  • 2023 — $4,55 мільярда

Гэта паказвае на тое, што значны прырост інвестыцый з боку Расіі не пакрывае страты, якія раней прыпадалі на іншыя краіны.

Акрамя таго, у такой тэндэнцыі ёсць яшчэ адзін важны мінус — праводзіць дыверсіфікацыю Беларусі будзе ўсё складаней, лічыць экспертка.

Апроч інвестыцыйнага складніка, выразнае дамінаванне Расіі адбываецца і ў агульным гандлі Беларусі. Цяпер на долю Расіі прыходзіцца амаль 70% беларускага гандлю. Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў такі перакос у бок адной краіны назваў вынікам санкцый і абмежаванняў з боку Захаду. 

Каментары7

  • Ігнась
    17.02.2025
    не так даўно прыязджалі да мяне радня з Расеі. Пахадзілі па магазінам, пакруцілі носам. Кажуць, у іх тыя ж самыя сеткавыя крамы. І "сучасная" архітэктура вельмі падобная. А беларускія прадукты яны могуць купіць у сябе. З пункту гледжання турызму гэта кепска. Людзі едуць туды дзе адрозніваецца асяроддзе: ежа, адзенне, архітэктура, мова. А нашы правінцыйныя "бондараўцы" усё хочуць уніфікаваць. Мы едзем у Польшч і Літву на закупы таму што там іншае. Ніхто б не паехаў, каб у Бедронцы быў бы той асартымент як у Еўраопце
  • Агротурист
    17.02.2025
    Ігнась,

    Усе так.
  • Іксперд
    17.02.2025
    А навошта еўрапейцам змагацца супраць мясцовай і маскоўскай ваты за Беларусь? Дзеля чаго?

Цяпер чытаюць

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы7

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»8

Расійскія прапагандысты паказалі Пуціна ў Курскай вобласці7

Вольга Карач пахвалілася новай працай. Яна звязана з ядзернай зброяй8

У нямецкім бундэстагу працаваў рэлакант з Расіі з сувязямі ў ФСБ5

Мінск увайшоў у топ-20 гарадоў свету, найлепшых для прагулак9

Мінчук абурыўся кантынгентам у сталічным метро: Усе з новымі айфонамі, але не могуць дазволіць сабе танную машыну ці паездкі на таксі?24

Двухрублёвую манету прадаюць на аўкцыёне за 490 рублёў. Чаму так дорага?

Трамп заявіў, што ягоныя прадстаўнікі едуць у Расію «проста цяпер»3

У Польшчы хочуць увесці падатак для бігтэхаў, але ЗША гэта не падабаецца2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы7

Пуцін: Мы згодныя з прапановамі спыніць баявыя дзеянні, але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць